Праект «Ток» пагутарыў зь беларусамі, якія неаднаразова траплялі на «суткі».
У фільме расказваецца гісторыя Сяргея Крупеніча, якога пратрымалі ў ЦІПе 112 дзён запар, як і ягоную жонку, за перасылку паведамленьняў з «экстрэмісцкіх» каналаў адно аднаму. Гісторыя Юліі Міхайлавай, якую затрымлівалі пяць разоў, апошні раз разам з маці і братам.
Расповеды пра ўмовы ўтрымання экс-дацэнткі МДЛУ Натальлі Дулінай, пэнсіянэркі з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй Галіны Лагацкай, таргетоляга Ангеліны Бруцкай.
Аўтары фільма распыталі экс-супрацоўніка ІЧУ Мазыра, а сёньня прадстаўніка ініцыятывы ByPol Уладзімера Жыгара пра тое, як арганізаваная гэтая структура знутры, хто там працуе, і параўналі сёньняшнюю сытуацыю з той, што была дзесяць гадоў таму, у 2011-м, 2014-м, пагутарыўшы з сузаснавальнікам Фонду мэдыцынскай салідарнасьці Беларусі Андрэем Ткачовым і бізнэсоўцам, колішнім маладафронтаўцам Іванам Шылам.
Узяла ўдзел у фільме і кандыдатка гістарычных навук, укладальніца кнігі «Ўлада і грамадзтва: БССР у 1929-1939 гады» Ірына Раманава. На яе думку, «гвалт складае каркас сыстэмы каштоўнасьцяў у войску, чым фармуе ідэнтычнасьць яго чальцоў».
Сяргей Крупеніч, у прыватнасьці, расказваў пра карцар на адну асобу, куды сілавікі зьмясьцілі 8 чалавек. Затым ужо было памяшканьне на чатырох чалавек, куды зьмясьцілі 12.
Уладзімер Жыгар расказаў пра ўласны досьвед працы ў ІЧУ і заявіў, што ў вучэбным цэнтры, адкуль супрацоўнікі трапляюць на працу ў ІЧУ, «ня вучаць, а дрэсуюць». У нейкі час 6-месячную вучобу замянілі 3-месячнай. На думку Жыгара, якасна навучыць міліцыянта за гэты час, у тым ліку супрацоўніка ІЧУ, немагчыма. Увесь вучэбны цэнтар па вечарах глядзеў навіны па БТ або АНТ. Таксама Жыгар заявіў, што ў міліцыі шмат даносчыкаў; акрамя таго, працуе і служба ўласнай бясьпекі, якая дзейнічае ў тым ліку ў месцах пазбаўленьня волі, таму ўсе супрацоўнікі пастаянна пад кантролем.
Юлія Міхайлава расказала пра сустрэчу за кратамі з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам, які прыехаў здымаць сваё відэа. Яна катэгарычна адмовілася даваць яму інтэрвію, за гэта ўсю камэру пакаралі — вывелі на 2-гадзінны «шпацыр» у халодны калідор (на дварэ быў люты). Натальля Дуліна прыгадала, што ў адной з камэр, куды яе першапачаткова завялі пасьля затрыманьня за антываенны пратэст, не было нават умывальніка. У 2-меснай камэры трымалі 17 чалавек.
Андрэй Ткачоў успомніў, што ў 2011 годзе ўмовы былі значна прасьцейшымі, тады такіх зьдзекаў, як у 2020-м і пазьней, не было. Іван Шыла прыгадаў, што ў тыя гады ўзімку ніколі не было цёпла, а летам ніколі не было халаднавата. А пытаньне перанаселенасьці камэр, па словах Шылы, паўстала не ў 2020-м, а раней. Тады сукамэрнікі таксама разьмяркоўвалі, калі каму спаць.
Юрыст Павал Сапелка адзначыў, што ў 2020 годзе праз Акрэсьціна прайшлі прыблізна 40-45 тысяч чалавек. Парушэньні ўмоў утрыманьня былі і раней: напрыклад, 15-20 гадоў таму вязьняў маглі карміць толькі раз на дзень. Аднак з павальным парушэньнем асноўных правоў праваабаронцы сутыкнуліся толькі ў 2020-м.
Асобна ў фільме спыніліся на тым, як у камэры з «палітычнымі» падсяляюць бяздомнікаў, штучна перанасяляюць камэры, выліваюць на падлогу хлёрку, высыпаюць лекі і б’юць. Сярод ціску ёсьць і катаваньне голадам, калі чалавека наўмысна з раніцы пераводзяць у іншае месца «спэцэтапам», адпаведна, порцыя ежы на яго не замаўляецца.