Свабода сабрала галоўныя тэзісы выступу Ўладзіміра Зяленскага на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя).
Паваротны момант для сьвету
«Паваротны момант — гэта ня проста рытарычная фігура. Цяпер сапраўды такі момант, калі вырашаецца, ці будзе панаваць у сьвеце грубая сіла. Калі будзе панаваць, то нашы думкі ёй нецікавыя. І тады ў Давосе можна больш не зьбірацца. Бо навошта? Грубая сіла не шукае нічога, апроч заваёвы тых, каго хоча заваяваць, і яна не дыскутуе, а забівае адразу, як гэта робіць Расея ва Ўкраіне проста зараз, у часе нашай размовы».
Расея натхняе іншых патэнцыйных агрэсараў
«Замест пасьпяховых гарадоў — чорныя руіны, замест нармальнага гандлю — замінаванае мора і заблякаваныя парты ва Ўкраіне. Замест турызму — закрытае неба і тысячы расейскіх бомб і крылатых ракет. Вось як будзе выглядаць сьвет, калі гэты паваротны момант чалавецтва празявае. Будзе выглядаць як вельмі вялікая калекцыя ваенных злачынстваў».
Міжнародныя арганізацыі маюць дзейнічаць прэвэнтыўна
Прэзыдэнт Украіны лічыць, што Статуту ААН з усімі яе падразьдзяленьнямі, АБСЭ, МАГАТЭ, Усясьветнай гандлёвай арганізацыяй цяпер недастаткова, каб адказаць на пытаньні, зь якімі сутыкнулася Ўкраіна пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня.
«Ці можна цяпер абысьціся спробай адаптаваць гэтыя інстытуцыі пад сучасныя выклікі? Трэба мяняць падыход. Не рэагаваць, а дзейнічаць. І дзейнічаць прэвэнтыўна. І ня толькі адаптаваць пад новыя рэаліі тое, што маем, а і ствараць новыя інструмэнты і новыя прэцэдэнты», — падкрэсьліў ён.
Уладзімір Зяленскі лічыць, што толькі прэвэнтыўныя захады маглі б прымусіць Расею адмовіцца ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.
Як цяпер спыніць Расею
Прэзыдэнт Украіны мяркуе, што Расея сваёй грубай сілай кінула выклік усяму сьвету.
«Не чакайце фатальных стрэлаў. Не чакайце выкарыстаньня Расеяй спэцыяльнай зброі — хімічнай, біялягічнай і, ня дай Божа, ядзернай! Не стварайце ў агрэсара ўражаньне, што нібыта сьвет ня будзе чыніць дастатковага супраціву. Абараняйце адразу па максымуме свабоду і нармальны парадак у сьвеце», — заклікаў ён.
Санкцыі павінны быць максымальныя
Уладзімір Зяленскі перакананы, што санкцыі павінны быць максымальныя і ўнівэрсальныя для любага наступнага агрэсара супраць любой іншай краіны.
«Такіх санкцый супраць Расеі дагэтуль няма, а яны павінны быць. Эмбарга на расейскую нафту, поўнае блякаваньне ўсіх банкаў без выключэньня, поўная адмова ад расейскага ІТ-сэктару, поўнае спыненьне гандлю з агрэсарам. Гэта павінен быць такі прэцэдэнт санкцыйнага ціску, які яшчэ дзесяцігодзьдзямі будзе пераканаўча працаваць на падтрыманьне міру. Патрэбна стварыць прэцэдэнт поўнага выхаду ўсіх замежных бізнэсаў з расейскага рынку, каб вашы брэнды не асацыяваліся з ваеннымі злачынствамі», — прапанаваў ён.
Украіна замест расейскага рынку
Украінскі прэзыдэнт прапанаваў замежнаму бізнэсу больш актыўна працаваць ва Ўкраіне замест расейскага рынку, а таксама ўзяць удзел у аднаўленьні ўкраінскіх гарадоў і эканомікі.
Кампэнсаваць страты за кошт агрэсара
У той жа час, паводле Зяленскага, адных толькі санкцый таксама недастаткова.
«Павінен быць і прэцэдэнт пакараньня агрэсара і інвэстыцый у мірнае жыцьцё. Расейскія актывы, якія раскіданыя па розных юрысдыкцыях, трэба знайсьці, арыштаваць ці „замарозіць“, а потым канфіскаваць і накіраваць у спэцыяльны фонд, зь якога ўсе, хто пацярпеў ад гэтай вайны, змогуць атрымаць кампэнсацыю. Вядома, гэта няпроста. Але пасьля гэтага дакладна не застанецца матывацыі розных агрэсараў рабіць тое, што зрабіла і працягвае рабіць Расея».
«Калі агрэсар губляе ўсё, то гэта дакладна пазбаўляе матывацыі пачынаць вайну», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.
Не дапусьціць голаду ў сьвеце
Уладзімір Зяленскі прапанаваў стварыць міжнародную арганізацыю, у якую ўвойдуць дэмакратычныя дзяржавы-экспартэры прадуктаў харчаваньня, якія будуць ставіцца з павагай да правоў чалавека і глябальных правілаў гандлю.
«Якія б ні былі паваротныя моманты, у чалавецтва павінна быць „страхоўка ад голаду“. І Ўкраіна гатовая даць пляцоўку для такой новай арганізацыі», — перакананы прэзыдэнт Украіны.
Як разблякаваць украінскія марскія парты
Цяпер, з аднаго боку, з прычыны блякады Расеяй украінскіх партоў у Чорным і Азоўскім морах запаволіліся пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусьветны рынак, а зь іншага — Расея актыўна выкрадае збожжа ў акупаваных раёнах Украіны і займаецца яго рэалізацыяй на іншых рынках.
Уладзімір Зяленскі заклікаў усе дзяржавы адмовіцца ад куплі ўкраінскага збожжа ў Расеі і дапамагчы разблякаваць украінскія парты для аднаўленьня тэмпаў паставак.
«Трэба вельмі хутка рэагаваць. Мы працуем, і ў гэтым кірунку трэба, каб на ўзроўні дыпляматаў іншыя краіны нам дапамагалі, таму што мы аднаасобна ня зможам змагацца з такімі дзеяньнямі Расеі. Другое. Разблякаваньне нашых партоў. І тут трэба, каб усе прыйшлі да канкрэтных крокаў і зрабілі калідор для экспарту нашага збожжа і харчовай прадукцыі. 22 мільёна тон мы мусім вывезьці, бо будзе дэфіцыт паўсюль — у Афрыцы, Азіі, краінах Эўропы. Гэта другая сэрыя Расеі пасьля энэргетычнага крызісу, які яна стварыла летась. Таму трэба дамаўляцца і рабіць калідор. Супраць такіх годных краін Расея ня будзе выступаць, у гэтым я ўпэўнены. А праз парты мы можам пастаўляць да 10 мільёнаў тон», — патлумачыў Зяленскі.
Украінскі прэзыдэнт дадаў, што цяпер удасканальваюцца і чыгуначныя перавозкі збожжа.
«Калі сусед — Расея, то простых рашэньняў не бывае. Тым ня менш выхады ёсьць, а апроч гэтага — і вайсковыя магчымасьці разблякаваньня нашай зямлі і нашых водаў, чым мы будзем займацца паралельна. І тут патрэбная дапамога ўсяго сьвету. Прашу не забывацца, што вайна працягваецца», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
Будучае аднаўленьне Ўкраіны як прэцэдэнт
Прэзыдэнт Украіны таксама лічыць, што аднаўленьне паваеннай Украіны таксама можа стаць для сьвету прэцэдэнтам для распрацоўкі мэханізмаў дапамогі краіне, якая пацярпела ад агрэсіі.
«Мы прапануем адмысловую, гістарычна важкую мадэль аднаўленьня, калі кожная з краін-партнэраў, або горад-партнэр ці кампанія-партнэр атрымаюць гістарычную магчымасьць узяць шэфства над тым ці іншым рэгіёнам Украіны», — сказаў ён.
Карупцыі ва Ўкраіне ня будзе
Цяпер жа патрэбна дапамога па стварэньні найбольш сучаснай сыстэмы супрацьпаветранай абароны і агульнай сыстэмы бясьпекі.
«У бясьпецы павінны жыць як людзі, так і бізнэс ва Ўкраіне, а гэта і разьвіцьцё тэхналёгій, і лічбавізацыя. У нас няма шансу адраджаць тыя ці іншыя карупцыйныя інстытуцыі, алігархічны ўплыў... Гэтага ўсяго ва Ўкраіне ня будзе, і нічога з гэтага ўжо цяпер няма. Таму менавіта такая дзяржава, моцная, тэхналягічная і бясьпечная, і ў той жа час заўсёды гатовая ў любы час абараніць сваю зямлю і сваіх грамадзян», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Захаваць адзінства антыпуцінскай кааліцыі
Прэзыдэнт Украіны лічыць, што цяпер у сьвету і Ўкраіны вельмі мала часу і трэба скарыстацца цяперашняй кансалідацыяй у дачыненьні да расейскай агрэсіі.
«Я ўдзячны за гэта. І хачу, каб мы гэтага адзінства ня страцілі. Гэта вельмі важна, і гэта той моцны кулак, якога сёньня баіцца нецывілізаванае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі. Я не кажу, што мы для вас прыярытэт, у вас свае дзяржавы і пытаньні, але я мяркую, што мы можам страціць каштоўнасьці, калі мы іх страцім ва Ўкраіне. Вельмі вас прашу прачынацца кожны ранак і апроч сваіх пытаньняў, ёсьць такі вядомы выпадак, пастаўце сабе пытаньне, што ты зрабіў для Ўкраіны сёньня», — заклікаў ён, чым выклікаў гучныя воплескі.
Што праўда, Уладзімір Зяленскі не ўдакладніў, што гэты выраз належыць прэзыдэнту Расеі Барысу Ельцыну, які кіраваў Расеяй з 1991 да 1999 году. Той сказаў аднойчы, што кожную раніцу прачынаецца і задае сабе пытаньне: «Што ты зрабіў для Ўкраіны?»