Новыя абмежавальныя меры, як гаворыцца на сайце канадзкага ўраду, уводзяцца супраць «14 фізычных асобаў, у тым ліку расейскіх алігархаў, чальцоў іх семʼяў і блізкіх паплечнікаў пуцінскага рэжыму».
Санкцыі таксама ўключаюць у сябе забарону на экспарт прадметаў раскошы ў Расею і на імпарт шэрагу тавараў зь яе. Так, забараняецца экспарт у Расею алькагольных напояў, тытуню, адзеньня і абутку клясу люкс, аксэсуараў, ювэлірных вырабаў і прадметаў мастацтва. Забарона на імпарт закране алькагольныя напоі, морапрадукты, рыбу і непрамысловыя алмазы. У 2021 годзе абарот гэтых тавараў склаў 75,7 млн даляраў.
Таксама ўрад Канады забароніць экспарт тавараў, якія могуць быць скарыстаныя ў вытворчасьці і вырабе зброі Расеяй.
«Пуцінскі рэжым павінен і будзе адказваць за свае неапраўданыя дзеяньні. Канада разам з саюзьнікамі будзе нястомна прыкладаць намаганьні для ціску на расейскі рэжым, пакуль ён ня страціць здольнасьць весьці вайну. Мы непахісныя ў нашай падтрымцы Ўкраіны і яе народу», — заявіла кіраўніца МЗС Канады Мэляні Жалі.
- Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Канада ўвяла санкцыі ў дачыненьні больш як да 1000 фізычных і юрыдычных асобаў з Расеі, Украіны і Беларусі, гаворыцца на сайце канадзкага ўраду.
- У канцы красавіка Палата абшчын Канады прыняла рэзалюцыю аб прызнаньні дзеяньняў Расеі генацыдам украінскага народу. У дакумэнце сказана, што Расея падчас вайны ва Ўкраіне зьдзяйсьняла «масавыя зьверствы» і «сыстэматычныя выпадкі наўмысных забойстваў мірных жыхароў Украіны». Сябра Палаты абшчын і аўтар дакумэнта Хізэр Макфэрсан тады заклікала ўлады ўзмацніць жорсткасьць санкцый у дачыненьні да Расеі і павялічыць абʼём гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.