Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба думаць, што праваслаўныя ярархі сэрцам і душой за Лукашэнку». Чаму прапаганда цкуе сьвятароў


Катэдральны сабор у Менску
Катэдральны сабор у Менску

Ад пачатку траўня адразу некалькі праваслаўных сьвятароў сутыкнуліся з праблемамі праз сваю пазыцыю. 

Азаронак накінуўся на сьвятара катэдральнага сабору Менску

Прапагандысцкія тэлеграм-каналы накінуліся на архімандрыта, клірыка менскага Сьвята-Духава катэдральнага сабору Аляксея Шынкевіча, які выступіў з казаньню аб жыцьці Станіслава Шушкевіча.

Рыгор Азаронак заклікаў разабрацца ў сытуацыі «не царкоўным уладам, а органам дзяржбясьпекі». Аднак у сваім матэрыяле Азаронак дапусьціў мноства фэйкаў і недакладнасьцяў. Айцец Шынкевіч не называў Шушкевіча «вялікім і сьвятым», як і «сапраўдным прэзыдэнтам Беларусі», а сказаў, што Шушкевіч быў «інтэлігентным і культурным».

Архімандрыт Аляксей Шынкевіч таксама выказваўся падчас пратэстаў 2020 году. «Наш народ не чакаў такога прыніжэньня, якое нам стварылі ўлады, тых зьдзекаў, сьведкамі якіх мы сталі. Такой жорсткасьці наш народ ня бачыў даўным-даўно. Мы просім, каб яны вызвалілі ўсіх вязьняў. Да адзінага!» — зьвяртаўся тады да вернікаў сьвятар.

Аляксей Шынкевіч — найстарэйшы сьвятар катэдральнага сабору, яму 66 гадоў. Мае адукацыю журналіста. Гэта адзін з найбольш вядомых беларускіх праваслаўных сьвятароў. Заснаваў газэту «Царкоўнае слова». Доўгі час быў настаяцелем храма ў Жодзіне. Ад 1998 году служыў у Таронта (Канада) для беларускай дыяспары. З 2002 году быў прэс-сакратаром БПЦ.

У 2010 годзе яго адправілі ў адстаўку. Тагачасны мітрапаліт БПЦ Філарэт быў вымушаны тлумачыць той крок. Ён сказаў, што Шынкевіч адпраўлены ў адстаўку праз «свавольніцтва і адсутнасьць дысцыпліны». Крыніцы ў праваслаўных колах гавораць хутчэй пра інтрыгу найбліжэйшага атачэньня Філарэта, у якое ўваходзіў і цяперашні япіскап Горадзенскі Антоній (Даронін). Нібыта былі скарыстаныя няўдала сказаныя словы айцом Шынкевічам аб магчымай адстаўцы Філарэта пасьля спаўненьня 75 гадоў.

«Не выключаю, што ніякага даносу ад Азаронка не было, — кажа сьвятар Аляксандар Шрамко, які цяпер забаронены ў служэньні за крытыку патрыярха Кірылы. — Ёсьць людзі ад дзяржавы, магчыма, іх можна назваць “актывістамі”. Яны скануюць усе сфэры жыцьця, калі нешта “ня так”, то пачынаюць змагацца з гэтым. Цяпер справа дайшла да Праваслаўнай царквы. Гэта не ініцыятыва Царквы, а сьвецкай улады. Тады ўжо і Царква прымае свае меры. Нельга сказаць, што ціск на сьвятароў вельмі вялікі. Нашы ярархі зацікаўленыя не ў перасьледзе, а ў тым, каб людзі ня блыталіся пад нагамі, усё было ціха. Магчыма, выехалі з краіны ці адышлі ўбок».

Што можа пагражаць Шынкевічу? Дзейны сьвятар БПЦ, які захацеў застацца ананімным, кажа, што архімандрыта могуць саслаць зь Менску ў правінцыю. Гэта ня самая прыемная сытуацыя, калі сьвятар ужо прывык да жыцьця ў сталіцы. Падобнае рашэньне можа прыняць толькі мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін.

З гарадзенскім сьвятаром міліцыя правяла прафіляктычную гутарку

З настаяцелем храма Сьпірыдона Трыміфунцкага ў Горадні Андрэем Ноздрыным міліцыя праводзіла прафіляктычную гутарку. Заяву на Ноздрына напісала актывістка казацкага руху Вольга Бондарава, якая абуралася, што сьвятар займае адкрыта антываенную пазыцыю. Праўда, міліцыя парушэньняў заканадаўства ў дзеяньнях бацюшкі ня выявіла.

Але літаральна празь некалькі дзён айца Андрэя зьнялі з пасады настаяцеля, а таксама кіраўніка місіянэрскага аддзелу і адказнага за фізычную культуру і спорт Горадзенскай эпархіі. Цяпер сьвятара перавядуць у вясковы прыход у Коматава.

Летась падобнае здарылася з Георгіем Роем, настаяцелем Пакроўскага сабору, галоўнага праваслаўнага храма Горадні. Яго перавялі ў царкву вёскі Квасоўка. Айцец Георгій Рой актыўна выказваўся супраць гвалту з боку сілавікоў.

Сьвятара Гомельскай эпархіі Іаана Лендэла пазбавілі магчымасьці працягваць служэньне. Фармальная прычына — сьвятар родам з Украіны, а для працы сьвятаром яму патрэбен дазвол ад Упаўнаважанага ў справах рэлігій, а гэты дазвол упершыню не далі з 1996 году.

«Сьвятары не гавораць гучна, але ўсё разумеюць»

Ці шмат праваслаўных сьвятароў сёньня выступае супраць вайны ва Ўкраіне?

«У 2020 годзе вельмі шмат сьвятароў падтрымлівала пратэсты, думаю, нават большасьць. Перакананы, што і цяпер большасьць сьвятароў супраць вайны. Сьвятар добра адчувае жыцьцё і людзей, бо заўсёды зь імі ў кантакце. Гэта япіскап можа жыць у адарваным ад рэальнасьці, у сваім сьвеце, ня ведаць, што ў крамах цяпер, напрыклад. Сьвятары не гавораць гучна, але яны ўсе разумеюць. Цяпер такі час у Беларусі, калі амаль ніхто не выказваецца, усе баяцца», — расказвае Аляксандар Шрамко.

Паводле сьвятара, пасьля пратэстаў 2020 году з краіны выехалі некалькі сьвятароў, але зрабілі яны гэта ціха, не афішуючы свайго ад’езду, пры гэтым у Царкве ўсе разумелі прычыны і нават дапамагалі з усімі неабходнымі дакумэнтамі.

«Ня трэба думаць, што ярархі ўсім сэрцам і душой за Лукашэнку. Але яны вымушаныя падстройвацца пад лінію дзяржавы. Як часта кажуць некаторыя зь іх: нічога асабістага», — падсумоўвае айцец Аляксандар Шрамко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG