Архіяпіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі, першы герарх (Прадстаяльнік) БАПЦ Сьвятаслаў Логін зьвярнуўся да хрысьціянскіх вернікаў зь Велікодным пасланьнем. У ім ён яшчэ раз заклікаў задумацца над учынкамі Ісуса Хрыста і значэньне падзеі Ўваскрасеньня для людзей.
Таксама архіяпіскап згадаў вайну, якую Расея вядзе ва Ўкраіне.
«Гэтае галоўнае хрысьціянскае сьвята сустракаем сёлета ўва ўмовах вайны ў суседняй братняй Украіне. Хрысьціянскі цывілізаваны сьвет стаіць на баку дабра, дапамагаючы Ўкраінскаму народу абараніцца ад агрэсіі расейскае імпэрыі зла, якая марыць паглынуць і Беларусь. Сапраўдныя хрысьціяне ня могуць ня бачыць зла, якое нясе так званы „расейскі сьвет“. Тыя, хто праводзіць альбо падтрымоўвае гэтую агрэсію — апантаныя д’яблам, іх можна параўнаць зь Юдам, які зрадзіў Хрыста, але былы Хрыстовы вучань выглядае пабожным на фоне бамбаваньняў і расстрэлаў мірных украінскіх жыхароў».
Таксама кіраўнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы сказаў у пасланьні пра неабходнасьць змагацца за перамогу над страхам перад сьмерцю і за сьвятло ў барацьбе зь цемрай.
«Віншую зь Вялікаднем ўсіх беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, у тым ліку й беларускіх дабраахвотнікаў, якія дапамагаюць Украінскаму народу абараняцца ад маскоўскае арды.
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!» — так завяршыў сваё сьвяточнае пасланьне архіяпіскап Сьвятаслаў Логін.