Пра гэта ён заявіў, гаворачы аб выніках візыту на сустрэчу міністраў замежных спраў краін NATO ў Бэрліне, дзе была і ўкраінская дэлегацыя, паколькі афіцыйны Кіеў не адмовіўся ад свайго курсу на ўваходжаньне ў Альянс. Дзьмітро Кулеба ўспомніў, што яшчэ два месяцы таму Нямеччына называла нафтавае эмбарга супраць Расеі немагчымым, а цяпер гэта адна з «лідэрскіх дзяржаў, якія сапраўды прасоўваюць нафтавае эмбарга».
«Мы шмат гаварылі пра газавае эмбарга, і ў мяне склалася ўражаньне, што прынцыповае палітычнае рашэньне аб тым, што залежнасьць Нямеччыны ад расейскага газу зьяўляецца велізарнай праблемай, і яе трэба зламаць — такое рашэньне было прынята. Таму ім трэба крыху больш часу, каб вырашыць свае праблемы з газам. Але вельмі важна разумець, што Нямеччына нарэшце ўсьвядоміла, што расейскі газ — гэта зброя, зброя, якая наносіць удары, якую Расея заўсёды трымае каля скроні Ўкраіны, Нямеччыны і любой іншай эўрапейскай краіны».
Ён прызнаў, што ня ўсе ў Нямеччыне задаволеныя санкцыямі супраць Расеі і прадастаўленьнем зброі Ўкраіне, але «гэта дакладна ня большасьць у гэтай краіне, таму ёсьць з кім працаваць».
Кулеба таксама паведаміў, што ў сталіцы Нямеччыны абмяркоўвае наданьне Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз. Ён спадзяецца, што такі статус афіцыйна дадуць на саміце ЭЗ у канцы чэрвеня.
«У нас зь немцамі была вельмі рацыянальная дыскусія, але я сказаў ім простую рэч: глядзіце, гэта ўсё роўна адбудзецца. Гэта непазьбежна. Адназначна, што Ўкраіна рана ці позна атрымае статус кандыдата, мы хочам, каб гэта адбылося хутчэй — своечасова, у канцы чэрвеня на саміце ЭЗ. Таму выбар перад нямецкімі элітамі вельмі просты: альбо ўзначаліць гэты працэс і ўпісаць свае імёны ў гісторыю Эўропы, альбо гэта ўсё роўна адбудзецца, але безь нямецкага кіраўніцтва», — сказаў кіраўнік МЗС Украіны.
Нафтагазавы сэктар прыносіць Расеі каля паловы даходаў у бюджэт і складае больш за палову яе экспарту. Расея прадае ў Эўропу 70% газу і 60% нафты і нафтапрадуктаў.