Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Азоўсталь» скідаюць забароненыя фосфарныя бомбы; з Марыюпалю эвакуавалі частку цывільных. 81-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Украінскія байцы ў чаканьні
Украінскія байцы ў чаканьні

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расея працягвае выкарыстоўваць забароненую зброю для атак Марыюпалю.
  • Брытанская выведка лічыць, што ў бліжэйшы месяц расейцы ня змогуць узмацніць наступ, бо страцілі да траціны сухапутных сіл.
  • Расея выводзіць свае войскі з-пад Харкава. Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны гаворыць пра верагодную перамогу ўкраінскіх войскаў у бітве за Харкаў.
  • Эўразьвяз узгадніў выдзяленьне Ўкраіне другога траншу макрафінансавай дапамогі ў памеры 500 мільёнаў эўра.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 15 траўня

З Марыюпалю эвакуавалі чарговую партыю цывільных

Вялікая калёна аўтамабіляў і фургонаў з уцекачамі з руінаў Марыюпалю прыбыла ў падкантрольны Ўкраіне горад Запарожжа. Некалькі дзён расейскія войскі не дазвалялі людзям выехаць, пішуць украінскія СМІ.

Марыюпаль, які цяпер у асноўным кантралюецца Расеяй, быў зруйнаваны падчас 80-дзённай вайны. Украіна больш за два месяцы паступова эвакуюе мірных жыхароў з разбуранага гораду. Перасяленцы мусілі спачатку выбрацца з Марыюпалю, а потым прабрацца ў Бярдзянск — прыкладна ў 80 кілямэтрах на захад уздоўж узьбярэжжа — і іншыя населеныя пункты, перш чым 200-кілямэтровай язды на паўночны захад у Запарожжа.

Каля 2,5 тысяч баевікоў з Чачні ўдзельнічалі ў нападзе на Ўкраіну

Вядомыя іхнія імёны, паведамляе ўкраінская выведка.

  • Каля 100 «кадыраўцаў» загінулі, каля 300 былі параненыя і больш за 60 уцяклі з Украіны.
  • «Кадыраўцы» пачалі заходзіць ва Ўкраіну ў першыя дні вайны. Іх галоўнай задачай было запалохваньне і генацыд украінцаў. Яны ішлі ў другім эшалёне наступленьня, абшуквалі дамы, зьдзекаваліся з мірных жыхароў, рабавалі.
  • Калі расейскія войскі панесьлі першыя буйныя страты, «кадыраўцам» загадалі спыніць адступаючых расейцаў і дэманстратыўна расстраляць тых, хто адмовіўся ад бою.
  • Адрынутыя з Кіева і Чарнігава, найміты Кадырава перабраліся ў раён Луганску і Марыюпалю вобласьці, дзе працягвалі рабаваць.

На абаронцаў «Азоўсталі» скідаюць забароненыя бомбы

Расея працягвае атакаваць завод «Азоўсталь» з забароненай міжнароднымі канвэнцыямі зброі. Дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка напісаў аб фосфарных бомбах, якія скідалі напярэдадні.

«14 траўня акупанты ўпершыню ўжылі супраць абаронцаў Марыюпалю запальныя або фосфарныя бомбы (заключэньне пакінем спэцыялістам). Самі акупанты сьцьвярджаюць, што выкарыстоўваліся запальныя снарады 9М22С з тэрмітнымі праслойкамі. Тэмпэратура гарэньня каля 2-2,5 тысячы градусаў Цэльсія. Спыніць гарэньне практычна немагчыма», — сказаў ён.

14 траўня віцэ-прэм’ер, міністар па рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заявіла, што ўлады Ўкраіны рыхтуюцца да падпісаньня дакумэнта аб эвакуацыі з «Азоўсталі». Яго зьбіраюцца падпісаць пры пасярэдніцтве Кітаю або Турэччыны. Яго таксама павінны падпісаць прадстаўнікі Чырвонага Крыжа.

Расея, імаверна, страціла траціну сваіх сухапутных сіл, якія напалі на Ўкраіну

У бліжэйшы месяц, паводле высноваў брытанскай выведкі, Крэмль наўрад ці паскорыць наступ на Ўкраіну. Менавіта празь вялікія страты. Наступ ужо страціў тэмп.

«Расейцам не хапала маставога абсталяваньня, што запавольвала і абмяжоўвала наступальны манэўр. Расейскія бесьпілётнікі, якія маюць жыцьцёва важнае значэньне для тактычнай дасьведчанасьці і кантролю артылерыі, аказаліся ўразьлівымі для ўкраінскай супрацьпаветранай абароны», — заявілі ў выведцы.

Таксама брытанская выведка адзначае нізкі маральны дух і зьніжэньне эфэктыўнасьці ў баях. Праз названыя прычыны ўзмацненьне расейскага наступу ў бліжэйшыя 30 дзён не чакаецца.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,27 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 895,8 тысячы чалавек — у Румынію, больш за 583 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 785 тысяч чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Мінюст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»

У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць статусу дзейных адвакатаў. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімфэропаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Расейцы пачалі менш давяраць тэлевізіі

Паводле дасьледаваньня «Accelerate research», 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлевізію найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі ўжо 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлевізіі ў жыхароў невялікіх гарадоў (з 34 да 24%), а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.

У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19 да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў з 26 да 23%.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над памяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.

Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць ваенную і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».

«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.

Латвія пашырыла сьпіс непажаданых асобаў з Расеі

МЗС Латвіі дадаў у сьпіс непажаданых асобаў з Расеі яшчэ 102 чалавекі за «выказваньне актыўнай падтрымкі рашэньня Пуціна аб уварваньні ва Ўкраіну». Ім забаронены ўезд у краіну на нявызначаны тэрмін. Сярод іншых у сьпіс трапілі акторы Аляксандар Панкратаў-Чорны і Уладзімір Гасьцюхін, рэжысэр Юрый Кара, паэт-песеньнік Аляксандр Шаганаў, музыка Канстанцін Бубноў.

У канцы сакавіка Латвія ўжо ўключыла ў сьпіс непажаданых асоб 31 дзеяча культуры, многія зь іх прынялі ўдзел у канцэрце-мітынгу «Крымская вясна», прысьвечаным гадавіне анэксіі паўвострава.

Брытанія ўвяла санкцыі супраць Аліны Кабаевай

Міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі заявіла, што ўнесла ў свой санкцыйны сьпіс былую алімпійскую чэмпіёнку Аліну Кабаеву, паведамляе расейскае агенцтва «РИА Новости».

Пра блізкасьць Кабаевай да прэзыдэнта Расеі апошнім часам пісалі многія заходнія СМІ, сьцьвярджаючы, што яна зьяўляецца маці дваіх сыноў Пуціна, якія нарадзіліся ў 2015 і 2019 гадах. The Wall Street Journal са спасылкай на ананімныя крыніцы пісала таксама, што Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША нядаўна спыніла ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай, асьцерагаючыся рэакцыі з боку прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і далейшага абвастрэньня адносін з Расеяй.

ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закупку цяжкіх узбраеньняў

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэльаб'явіў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. ​ Гэтыя грошы пойдуць на закупку цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бронетэхніка).

Літва адклікае амбасадара і закрывае консульства ў Санкт-Пецярбургу

Літва адклікае свайго амбасадара ў Расеі 1 чэрвеня, а таксама закрывае генконсульства ў Санкт-Пецярбургу 7 чэрвеня. Пра гэта гаворыцца ў зарэгістраванай рэзалюцыі літоўскага ўраду, піша Delfi. Раней Расея заявіла аб закрыцьці літоўскага генконсульства ў Пецярбургу ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў зь Літвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG