30-гадовы Рубашэўскі быў родам зь Берасьця, а ва Ўкраіне ваяваў з 2015 году. Ён уваходзіў у склад батальёна ДУК «Правы сэктар», які ў той пэрыяд часта працаваў разам з 24-й брыгадай. Анатоль «Шаман» Івашкевіч быў камандзірам «Ганса» падчас такой сумеснай працы, ён расказаў Свабодзе пра свайго баявога таварыша, зь якім сябраваў апошнія гады.
«Я знаёмы з „Гансам“ з 2018 году, разам стаялі на рацэ Жованка ля пасёлку Зайцава ў Данецкай вобласьці, ён сябе вельмі добра паказаў там. Так мы і пачалі сябраваць. Гэта быў рэальны баец, прафэсіянал, вялікая страта для УСУ».
Анатоль «Шаман» кажа: першапачатковыя паведамленьні, што «Ганс» загінуў падчас артабстрэлу, — няпраўда.
«Па брыгадзе сапраўды ідуць бамбёжкі, але „Ганс“ загінуў у рэальным баі. На жаль, я пакуль не магу сказаць, дзе дакладна гэта адбылося. Сутнасьць у тым, што на Луганшчыне дзейнічаюць нашы групы, якія робяць невялікія прарывы. Гэта была ротная тактычная група, якая працавала па ўсім фронце, каб зьдзейсьніць контратаку і нанесьці суперніку як найбольшую шкоду.
Зь першых дзён вайны „Ганс“ быў у такім сур’ёзным падразьдзяленьні. Выглядае, што перад сваёй сьмерцю ён зьнішчыў камандзіра расейскай батальённай тактычнай групы. Гэта мне казалі людзі, якія зь ім былі там. Загінуў Дзіма так: стрэльнуў у расейскага салдата, думаў, што той ужо мёртвы, а ён быў толькі паранены — „Гансу“ не пашанцавала».
Івашкевіч кажа, што ў такія групы маглі трапіць толькі самыя падрыхтаваныя салдаты, якія ўмеюць працаваць з усімі відамі зброі, у тым ліку захопленай у суперніка.
«Вельмі-вельмі шкада, але ён нездарма памёр. Цяпер шмат салдат гіне пад абстрэламі — гэта іншае. І яны гінуць, не пасьпеўшы ўбачыць праціўніка. А „Ганс“ адправіў на той сьвет дастатковую колькасьць „таварышаў“ з таго боку. Хаця б гэта цешыць».
Паводле словаў былога камандзіра Зьмітра Рубашэўскага, «Ганс» практычна ўвесь час жыў вайной. Яго «адпусьціла» толькі пасьля таго, як завёў сям’ю, зьявілася дзіця. Камандзір кажа, што тое, як беларус страляў з РПГ, можна было здымаць для відэаінструкцыі. «Ганс» увесь час цікавіўся вайсковай тэхнікай, зброяй, якая была ў яго ў ідэальным стане, шмат пра гэта чытаў.
«Ягонай жонкай стала сястра Мар’яна „Хітрага“ Карчака. Сам Мар’ян загінуў практычна на маіх і „Гансавых“ руках. Дзіма сябе дакараў за тую сьмерць. Яны з „Хітрым“ убачылі, што ўзрываюцца дамы, дзе мы знаходзіліся. Палічылі, што мы можам быць параненымі, і кінуліся ратаваць. І падчас артабстрэлу пабеглі да нас — разумееце, гэта эмоцыі, хоць іх і не павінна быць на вайне. У выніку Мар’ян загінуў, „Ганс“ моцна перажываў. Праз гэта нават псыхалягічны стан яго быў вельмі падаўлены. Ягоны камандзір па „Правым сэктары“ „Да Вінчы“ не даваў тады яму нават працаваць, то ён перайшоў у марпехі. На той момант ён быў узводны — гэта вельмі сур’ёзная пасада», — кажа «Шаман».
Былы камандзір кажа, што ўгаворваў «Ганса» стаць інструктарам УСУ, але той упарта адмаўляўся, бо лічыў, што ягонае месца не на палігоне, а на полі бою.
«Ён ваяваў без аднаго вока, але лепш за многіх іншых з абодвума вачыма. І раненьняў у яго было некалькі. Гэта ня проста страта — гэта страшэнная страта. Калі б ён быў інструктарам на палігоне, то выпусьціў бы яшчэ дзясяткі прафэсійных байцоў. Нават рыцьцё акопаў ім праводзілася ідэальна, было прыгожа за гэтым назіраць».
Паводле словаў Анатоля Івашкевіча, яны ніколі не абмяркоўвалі, чаму Зьміцер, хоць і быў беларусам, стаў ваяваць за Ўкраіну.
«Я ж па нацыянальнасьці таксама беларус, хоць нарадзіўся ва Ўкраіне. Бацька — беларус, маці — расейка. Бацька зь Бялыніцкага раёну, вёска Студзёнка, у дзяцінстве амаль кожнае лета там бываў, як і ў Менску, Магілёве. У нас у брыгадзе ваявалі і расейцы, і беларусы. Усе разумелі, што гэта вайна не Ўкраіны. У Беларусі ціхая акупацыя, у нас вайна, Расея не спыняецца. „Ганса“ падколваў часта, яму ў Беларусі пагражала 8 гадоў зьняволеньня. Дык я казаў, што за яго павінны даць някепскі выкуп, будзем зброяй браць».
Сам Івашкевіч у канцы лютага атрымаў моцнае раненьне рукі. «Костка ў фарш ператварылася», — кажа ён. Прайшоў праз паўтузіна шпіталяў. З таго часу сувязі з «Гансам» не было.
«Мы пастаянна заяжджалі да Мар’яна на магілу, заходзілі і да „Ганса“. Ён жыў у мястэчку Шкло, недалёка ад Яварава. У яго бывалі і цяжкія дні, дапамагалі яму, чым маглі. Быў у яго моцны ўпадак адзін час, калі ўдарыўся ў алькаголь, але своечасова зразумеў, што гэтым не ўратуесься. Ніхто не хацеў яго браць на працу з такімі траўмамі, а таксама грамадзянства не было ўкраінскага».
Сыну Зьмітра Рубашэўскага два гады. Анатоль Івашкевіч баіцца, як гэтую страту перанясе жонка, якая вельмі доўга аплаквала сьмерць брата.
«Ганс» атрымаў зорку «Народнага героя Ўкраіны», тады, калі яе атрымлівалі толькі годныя, калі выпадковых людзей не было«, — канчае свой аповед Анатоль «Шаман».
Раней ва Ўкраіне загінулі тры беларускія добраахвотнікі:
- 31-гадовы Аляксей Скобля, пазыўны «Тур»,
- 27-гадовы Ільля «Літвін» зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў»
- і Зьміцер Апанасовіч (пазыўны «Тэрор»).