Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украінская чыгунка»: Расейскія ўдары не змаглі паралізаваць ваенныя перавозкі


Украінская чыгунка
Украінская чыгунка

Па словах кіраўніка чыгунак Украіны «Укрзалізниця» Аляксандра Камышына, нанесеная шкода не прыводзіць да працяглых затрымак у руху цягнікоў.

Вайна Крамля з Украінай прыйшла з залпамі ракетных удараў у Фастаў, ціхае мястэчка за сотні кілямэтраў ад лініі фронту, піша Reuters.

Удар 28 красавіка, у выніку якога два чалавекі атрымалі раненьні, прыпаў на падстанцыю, якая забясьпечвае электраэнэргіяй важны чыгуначны вузел, што зьвязвае Цэнтральную Эўропу, Расею і Азію.

Па словах украінскіх чыноўнікаў, шкода была хутка зьліквідаваная, а журналісты Reuters, якія пабывалі ў горадзе на мінулым тыдні, ня ўбачылі якіх-небудзь доўгатэрміновых наступстваў удару. Цягнікі, якія курсуюць паміж Кіевам і Адэсай, высаджвалі пасажыраў у Фаставе, горадзе з насельніцтвам 45 тысяч чалавек, разьмешчаным за 75 кілямэтраў ад сталіцы.

Афіцыйныя асобы лічаць, што ўдар быў часткай расейскага нападу на інфраструктуру, накіраванага, у прыватнасьці, на тое, каб паралізаваць чыгуначныя пастаўкі зброі з краін Захаду і перакіданьне падмацаваньняў украінскім сілам, што ваююць на паўднёвым усходзе краіны.

«Яны не пацэлілі ў ніводзін вайсковы цягнік»

Пакуль намаганьні Масквы не ўвянчаліся посьпехам, што зрабіла ўкраінскія чыгункі сымбалем стойкасьці краіны.

«Самая працяглая затрымка, якая ў нас была, склала менш за гадзіну», — заявіў кіраўнік чыгунак, былы інвэстыцыйны банкір Аляксандар Камышын.

«Яны не пацэлілі ў ніводзін вайсковы цягнік», — дадаў ён.

Міністэрства абароны Расеі патлумачыла ўдары па ўкраінскіх аб’ектах, якія забясьпечваюць электраэнэргіяй чыгункі, тым, што цягнікі выкарыстоўваюцца для дастаўкі замежнай зброі ўкраінскім войскам.

«Мэта [Масквы] — зьнішчыць як мага больш абʼектаў крытычнай інфраструктуры, з ваенных і сацыяльна-эканамічных прычын», — заявіў у інтэрвію намесьнік міністра інфраструктуры Юрый Васькоў.

Чыгункі агульнай працягласьцю 22 тысячы кілямэтраў сталі «лініяй жыцьця» для ўкраінскай эканомікі і выхадам краіны ў навакольны сьвет.

Цягнікі эвакуавалі мільёны мірных жыхароў, якія ўцякалі ў бясьпечныя раёны краіны ці за мяжу.

Яны пачалі перавозіць невялікія партыі збожжа ў суседнія краіны, каб абысьці марскую блякаду Расеі. У сэзоне 2020–2021 гадоў Украіна была чацьвёртым па велічыні экспартэрам збожжа ў сьвеце, і перапынены вайной экспарт парушыў глябальныя ланцужкі паставак харчоў.

Акрамя таго, цягнікі дастаўляюць гуманітарную дапамогу і іншыя грузы. Яны перавозяць пацярпелых у вагонах-шпіталях, у якіх працуюць прадстаўнікі «Лекараў бязь межаў».

Штодня чыгункі перавозяць да 200 тысяч пасажыраў, паведаміў Камышын у інтэрвію ў суботу, праяжджаючы на цягніку па мосьце, які быў адрамантаваны пасьля сурʼёзных пашкоджаньняў, атрыманых падчас няўдалага наступу Расеі на Кіеў.

Масква сьцьвярджае, што падчас «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ўдары па цывільных абʼектах не наносяцца.

Reuters ня можа незалежна пацьвердзіць сьцьвярджэньні Камышына і іншых украінскіх чыноўнікаў аб тым, што ім пасьпяхова ўдаецца падтрымліваць працу чыгункі ў ваенны час.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG