5 траўня стала вядома, што беларускае Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзіі на дзейнасьць мэдцэнтраў «ЛОДЭ» і «Клініка А1» з 16 траўня. У гэтых цэнтрах, паводле ведамства, нібыта знайшлі парушэньні, якія могуць прычыніць «шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян». Як стала вядома Свабодзе з ананімных крыніц, афіцыйныя дакумэнты ў цэнтар «ЛОДЭ» пакуль не прыходзілі, там чакаюць тлумачэньняў. Глядзім, што вядома пра цэнтры.
«ЛОДЭ»
Адзін з найбуйнейшых прыватных мэдыцынскіх цэнтраў Беларусі. Яго стварыў у 1992 годзе лекар, кандыдат мэдыцынскіх навук Уладзімер Гарбачоў. Да таго, як пайсьці ў прыватны бізнэс, ён працаваў намесьнікам дырэктара па мэдычнай частцы санаторыю «Азёрны».
Уладзімер Гарбачоў — выхадзец з мэдыцынскай сям’і: ягоны бацька — прафэсар-кардыёляг Уладзімер Гарбачоў-старэйшы, а маці доўгі час займала пасаду галоўнага пэдыятра Менску. Досьвед і сувязі бацькі, які на пачатку 1990-х працаваў у Беларускім інстытуце ўдасканаленьня мэдыцынскіх кадраў, дапамаглі прыцягнуць у штат высокакваліфікаваных спэцыялістаў.
Назва мэдцэнтру паходзіць ад прозьвішча бабулі заснавальніка. Каля 8 гадоў мэдыцынскі цэнтар разьвіваўся ў Менску, а пасьля пайшоў у рэгіёны. На цяперашні час «ЛОДЭ» мае 6 цэнтраў у Менску, 2 у Бэрасьці і 2 у Гародні.
Таксама «ЛОДЭ» мае свой пансіянат на беразе Лепельскага возера, які зьявіўся ў 2004 годзе.
Мэдычны цэнтар аказваў паслугі людзям па 60 мэдычных спэцыяльнасьцях, у тым ліку тут рабілі складаныя апэрацыі. У кампаніі працуе больш за 1,6 тысячы супрацоўнікаў, у тым ліку, каля 1000 лекараў. Частка лекараў у мэдцэнтры працавала па сумяшчальніцтве, то бок спэцыялісты маглі быць занятыя і там, і ў дзяржаўных клініках. Аднак, па словах намесьніцы дырэктара цэнтру Сьвятланы Шыраевай падчас круглага стала ў рэдакцыі часопіса «Здравоохранение» ў 2019 годзе, мэдцэнтар матываваў супрацоўнікаў заставацца працаваць толькі ў «ЛОДЭ».
«Сёньня „ЛОДЭ“ імкнецца адыходзіць ад сумяшчальніцтва. Калі ў арганізацыі працуе пэўная колькасьць супрацоўнікаў-сумяшчальнікаў, мы пачынаем залежаць ад графіка сумяшчальніка на яго асноўным месцы працы. Па раскладзе мы павінны быць загружаны на 100%, гэта значыць усе лекары павінны сядзець у кабінэтах. Наша задача — забясьпечыць ім загрузку пацыентамі. Не павінна быць пустых месцаў, таму што і ў прыватнай мэдыцыне, і ў дзяржаўнай пляцоўка каштуе грошай. Таму адсутнасьць лекара ў кабінэце — прамая страта любой мэдыцынскай установы. Існуе фінансавая матывацыя: у супрацоўніка, чыё асноўнае месца працы ў „ЛОДЭ“, заработная плата будзе вышэй, чым у сумяшчальніка», — казала тады Сьвятлана Шыраева.
Таксама Сьвятлана Шыраева выказвалася і наконт прыбыткаў мэдыцынскай кампаніі, адзначыўшы, што «звышпрыбытку ў платнай мэдыцыне не існуе» на сайце doktora.by ў 2019 годзе.
«Цэнаўтварэньне ў камэрцыйнай мэдыцыне рэгулюе дзяржава, звышпрыбытку няма. Таму назваць „ЛОДЭ“ вялікім камэрцыйным праектам з поўнай адказнасьцю нельга. Ва ўсім сьвеце прыбытковасьць мэдыцынскага бізнэсу вельмі невысокая. Тут няма звышпрыбытку, гэта хутчэй платная мэдыцына, з пашыраным спэктрам паслуг і прыцягненьнем сурʼёзных інвэстыцый. „ЛОДЭ“ змагло стаць устойлівай структурай таму, што стваралася па прынцыпе пашыранай паліклінікі. Платная ўстанова тыпу паліклінікі зацыкленая, пацыент ідзе па крузе і мае права выбару. Дзяржаўная і прыватная мэдыцына хутчэй дапаўняюць адна адну, чым канкуруюць», — казала тады лекарка.
У 2020 годзе лекары шэрагу прыватных цэнтраў былі гатовыя бясплатна аказваць дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў, «ЛОДЭ» ў тым ліку.
«Клініка А1»
Гэта невялікая клініка ў Менску, якая займаецца аказаньнем мэдыцынскіх паслуг у сфэры дэрматалёгіі, касмэталёгіі і хірургіі. Зарэгістраваная клініка ў рэгістры юрыдычных асобаў у траўні 2019 году.
Навіна ўласна пра адкрыцьцё клінікі зьявілася на іх сайце толькі ў ліпені 2020 году.