Згодна з сайтам дзяржзакупак, у Менску на 9 траўня правядуць фаервэрк, які каштуе 220 тысяч рублёў.
379 пэнсій
Сярэдняя пэнсія ў сакавіку гэтага году ў пэнсіянэра, які не працуе, у Беларусі склала 580 рублёў. Кошт фаервэрку – гэта 379 такіх пэнсій.
407 выплат на першае дзіця
Дапамога на дзіця ў Беларусі з 1 лютага складае:
539,5 рубля на першае дзіця;
616,6 рубля на другое і наступных дзяцей.
Такім чынам, грошай, патрачаных на фаервэрк, хапіла б, каб выплаціць 407 дапамог на першае дзіця і 356 дапамог на другое і наступных.
741 бюджэт пражытковага мінімуму
Бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі цяпер складае 296,55 рубля. Адзін фаервэрк на 9 траўня – гэта 741 такі бюджэт.
137 сярэдніх заробкаў
Сярэдні заробак у Беларусі ў сакавіку – 1 602,7 рубля. Атрымліваецца, што адзін фаервэрк – гэта 137 заробкаў.
2 854 стыпэндыі
Стандартная стыпэндыя студэнта ВНУ ў Беларусі (без надбавак) складае 77,08 рубля. Адзін фаервэрк – гэта 2 854 такія стыпэндыі ці 1 426 павышаных стыпэндый для выдатнікаў (сярэдні бал ад 9 да 10).
Студэнты каледжаў атрымліваюць стыпэндыю (без даплат) у 64,37 рубля. Фаервэрк – гэта 3 417 такіх стыпэндый.
243 пуцёўкі ў санаторый
Адпачыць у беларускім санаторыі «Алеся» адзін дзень каштуе 64,6 рубля (за стандартны нумар). Атрымліваецца, 2 тыдні – гэта 905 рублёў. Фаервэрк – гэта 243 такія пуцёўкі.
258 823 квіткі на аўтобус ці тралейбус
Праезд у Менску цяпер каштуе 0,85 рубля за адзін аднаразовы квіток. Фаервэрк – гэта 258 823 такія квіткі.
323 529 пачкаў солі
Нядаўна Лукашэнка сказаў, што ў эўрапейскіх краінах няма солі. А ў Беларусі ёсьць. Дык вось фаервэрк на 9 траўня – гэта цэлых 323 529 пачкаў солі.