Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўпершыню за тры гады дазволілі шэсьце «Бессмертный полк»


Акцыя «Бессмертный полк», Санкт-Пецярбург, Расея, 9 траўня 2019 году
Акцыя «Бессмертный полк», Санкт-Пецярбург, Расея, 9 траўня 2019 году

Правядзеньне акцыі ў сталіцы 9 траўня ўзгадніў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, піша «Sputnik».

Кіраўнік руху «Бессмертный полк» Валер Драко паведаміў, што ўсім удзельнікам шэсьця трэба мець пры сабе фатаздымак сваяка, што загінуў на вайне, «пажадана і георгіеўскую стужку, можна ўзяць сьцягі».

Сёлета «Бессмертный полк» адбудзецца ў Менску ўпершыню за тры гады. У 2020 і 2021 годзе ўлады сталіцы Беларусі адмаўлялі арганізатарам акцыі ў дазволе на правядзеньне шэсьця.

Ідэя акцыі «Бессмертный полк» нарадзілася ў Томску сярод мясцовых незалежных журналістаў. Аднак з часам ператварылася ў інструмэнт расейскай прапаганды. Асабліва моцна гэта бачна сёлета на фоне вайны Расеі з Украінай.

Так, нядаўна стваральнікі «Бессмертного полка» з Томску ў адмысловай заяве папрасілі ня зьвязваць іх з будучымі шэсьцямі з прычыны «зьмяненьня першапачатковага сэнсу акцыі».

Стваральнікі акцыі адзначылі, што цяпер бачаць «мноства зьяваў і падзеяў, якія зьмяняюць першапачатковы сэнс «Бессмертного полка». Наўпрост гэтыя падзеі аўтары заявы не называлі.

«Зразумела, кожны чалавек вольны вырашаць самастойна, каго і як менавіта ён успамінае 9 траўня. Але мы ня лічым больш магчымым зьвязваць сябе з тым, што адбываецца ў калёнах на вуліцы», — напісалі яны.

Шэсьце-акцыя «Бессмертный полк» асацыюецца ў Беларусі найперш з «русским миром», праслаўленьнем рэпрэсій эпохі Сталіна.

Летась і пазалетась Менскі гарвыканкам адмовіў шэрагу камуністычных і прарасейскіх арганізацый у правядзеньні шэсьця «Бессмертный полк» 9 траўня. Тады спаслаліся на прафіляктыку COVID-19.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG