Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Браць „інтэрвію“ ў Лукашэнкі будзе пракурор новай Беларусі». Аўтар праекту «Жизнь-малина» Мікіта Мелказёраў пра сябе і сваіх герояў


Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» праект журналіста Мікіты Мелказёрава «Жизнь-малина» (YouTube і тэлеграм-каналы, чат і лягатып). Аўтар праекту кажа, што праект будзе працягвацца, бо празь яго ён выехаў зь Беларусі. На радзіму Мікіта спадзяецца вярнуцца, але дапускае, што гадоў праз 10.

На працягу амаль двух гадоў Мікіта Мелказёраў запісвае відэагутаркі зь вядомымі людзьмі. «Месца, у якім не перашкаджаюць гаварыць і паказваюць беларусаў для беларусаў», — так апісвае ён свой свой YouTube-канал, які мае 108 тысяч падпісчыкаў.

«Я ж ня самы разумны чалавек на сьвеце. Канал „Жизнь-малина“ — гэта частка маёй адукацыі»

— Якой была ваша першая рэакцыя, як успрынялі такую высокую ацэнку працы? Не пакрыўдзіліся, што пазьней за ўсе СМІ вас прызналі «экстрэмістам»?

— Ведаеце, пакуль што такі сьвяточны стан: усе пішуць, усе віншуюць, я бачу, што дырэкт у мяне завалены паведамленьнямі.
Але гэта ня першага ўзроўню сьвята, ня дзень народзінаў, а проста якое-небудзь карпаратыўнае ці гендэрнае сьвята. Я не крыўдую. Я ўвогуле не рэагую на дзяржаўныя захады. Ну прызналі. Мы напісалі нейкія мануалы для падпісантаў, каб яны разумелі, што распаўсюджваць нашу інфармацыю небясьпечна.

Я ж ня самы разумны чалавек на сьвеце. І канал «Жизнь-малина» — гэта частка маёй адукацыі. Я хаджу да розных людзей — разумных, значна разумнейшых за мяне, і задаю розныя пытаньні. Шмат хто зь іх робіць спробы растлумачыць дзеяньні рэжыму, але большасьць зь іх кажа, што «мы намагаемся зрабіць больш рацыянальнымі нейкія нерацыянальныя меркаваньні, учынкі» і гэтак далей. То бок лёгікі дзеяньняў улады я не разумею ніякім чынам.

Трэці сэзон ужо распачынаўся з-за мяжы. Мы стартавалі з Маргарыты Ляўчук, якая на той час яшчэ не была экстрэмісткай, аднак вельмі моцна раздражняла нашу ўладу. Але рэакцыі ніякай не было. Мы пражылі ўвесь трэці сэзон, размаўляючы зь людзьмі кшталту Вадзіма Пракоп’ева, Паўла Латушкі. Усё было ОК. Чацьвёрты сэзон пачалі зь Ціханоўскай, і таксама ноль рэакцыі.

У выніку, як я разумею, цяпер іх больш за ўсё ўзбуджае Андрэй Стрыжак. Вось пасьля размовы зь кіраўніком BYSOL нас нарэшце прызналі «экстрэмістамі». Ну нічога!

Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

— Значыць, будзеце працягваць працаваць?

— А што мне рабіць? Я праз гэты праект выехаў зь Беларусі. На жаль, я ня вельмі ўяўляю, як у сёньняшняй Беларусі жыць. Але з павагай стаўлюся да людзей, якія там засталіся, мацуюцца і нейкія хэштэгі распаўсюджваюць у інстаграме кшталту «Я застаюся». Паўтару: я зь вялікай павагай стаўлюся!

А «Жизнь-малина» — гэта тое, што цалкам гарманічна мне, гэта тое, што я вельмі люблю, ува што я веру — гэта цалкам лёсавызначальны праект для мяне. І, безумоўна, я буду працягваць яго рабіць. Гэта нейкая культурная місія.

Таксама мы робім каталёг пра выбітных дзеячаў Беларусі і даём людзям зразумець, што мы жылі раней у нейкім расейскім ці ўкраінскім дыскурсе, але і ў нас усё было. І, на жаль, людзі, якія разумелі, што ў нас ёсьць культура, што ў нас ёсьць выдатныя бізнэсоўцы, што ў нас ёсьць шмат чаго кайфовага, сапраўды лякальнага, крафтавага, — яны жылі гэтым, але яны былі ў нейкай рэзэрвацыі. Нават не эміграцыі, а рэзэрвацыі. А гэтыя людзі мелі рацыю, таму што сваё ёсьць, яно прыгожае і яго проста трэба лепей прасоўваць і мець жаданьне гэта прасоўваць. У нас жаданьне, безумоўна, ёсьць. Таму будзем працягваць рабіць праект. Цікавых людзей па-за межамі Беларусі становіцца ўсё больш і больш. На жаль.

Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

— Ці лёгка пагаджаюцца героі на інтэрвію? Цяпер вы будзеце «экстрэмістамі» і могуць узьнікнуць яшчэ большыя праблемы.

— Мы размаўляем з дарослымі людзьмі, якім больш за 18 гадоў, і яны не павінны ўжо запытвацца дазволу ў сваіх бацькоў, каб выходзіць у эфір, гэта па-першае. Па-другое, кожны чалавек разумее, да каго ён ідзе, да экстрэміста ці не. Кожны разумее, якія наступствы могуць быць ад таго, што ён гаворыць і як.

Час ад часу бываюць такія дзівосныя рэчы, калі мяне не пусьцілі ва Ўкраіну ў лютым і я сядзеў у аэрапорце. І ў мяне ўпершыню за 60 выпускаў «адваліўся» суразмоўца: чалавек не падумаў, што ў ягонага партнэра, зь якім ён вядзе бізнэс, усе офісы, усе паперкі знаходзяцца ў Менску. Гэта проста інфантыльнасьць і безадказнасьць. Я не магу з гэтым нічога зрабіць, я павінен працаваць у той сытуацыі, якая ёсьць. Ну і трэба разумець, што большая частка людзей, зь якімі я размаўляю, яны ўжо стала за мяжой. А з пэрсанажамі, якія знаходзяцца ў Беларусі ці вяртаюцца ў Беларусь, мы самі не працуем.

Дзякуй Богу, я не займаюся клясычнай журналістыкай. У мяне ёсьць вялікі нататнік, я пішу шмат пытаньняў, і я разумею, што траціна зь іх выкрэсьліваецца, бо я павінен думаць і пра бясьпеку чалавека.
У любым выпадку трэба працягваць, трэба працаваць. Гэта наша адказнасьць перад гледачамі, гэта таксама наша місія. Пакуль я бачу, што людзі ў інстаграме на мяне падпісваюцца. А ютуб пакуль не глядзеў. Ну нешта будзе. Як там гавораць: «Мяне не клапоцяць вашы праблемы, мяне клапоціць іх вырашэньне».

— А ці былі выпадкі, калі людзі адмаўляліся?

— У нас адмаўляюцца людзі з той прычыны, што яны ня вывезьлі сваякоў зь Беларусі, такія вось выпадкі. Ёсьць людзі, якім я пішу па паўгода: «Можа, у вас штосьці зьмянілася?» Я з павагай стаўлюся да іхных перасьцярог.

— А ці ёсьць у вас пляны, каго запрашаць у эфір: шорт-ліст, лонг-ліст прэтэндэнтаў?

— Мы плянуем дапрацаваць да канца траўня і пайсьці ў адпачынак. Палова герояў на традыцыйную «Малину» у нас нібыта была. Даробім тое, што запісалі, і закрыем традыцыйную «Малину». Трэба знайсьці яшчэ герояў на «Малину лайт» да канца траўня. Паралельна я займаюся нейкімі сваімі праектамі.

Калі я прыехаў у эміграцыю, у мяне не было плянаваньня далей за бровы свае. Цяпер я больш-менш уладкаваўся і прыблізна на месяц наперад нешта магу плянаваць. За апошні каляндарны месяц я толькі 4 дні быў у Варшаве, а 27 дзён — то ў Тбілісі, то ў Вільні.

У Бога не прашу нічога, акрамя працы. Ня вельмі добры пасыл, таму што здароўе важнейшае. Але праца нібыта пакуль што ёсьць. Так што працуем. Што будзе далей, ніхто ня ведае, гэта частка нашай рэчаіснасьці, частка нашага жыцьця. Мы, беларусы, ужо стаміліся зьдзіўляцца. Нешта будзе. Ніколі так не было, каб было ніяк.

Мікіта Мелказёраў і актор Аляксандар Ждановіч (Маляваныч)
Мікіта Мелказёраў і актор Аляксандар Ждановіч (Маляваныч)

«У мяне ёсьць адна супэрздольнасьць: сядзець на дупе ў крэсьле і слухаць гісторыі. І я яе рэалізоўваю»

— У вас такі розны дыяпазон герояў: пачыналі са спартоўцаў, потым пайшлі надзвычай сур’ёзныя пэрсанажы: палітолягі-аналітыкі Арцём Шрайбман, Валер Карбалевіч. Ці ёсьць розьніца пры падрыхтоўцы да інтэрвію? З кім цяжэй размаўляць?

— Нягледзячы на сваю цяперашнюю вялікую стомленасьць ад пратэстаў, я быў нэафітам і ніколі не цікавіўся палітычнымі працэсамі. А цяпер я нібыта здаю іспыт экстэрнам. Аднак, нягледзячы на тую ж стомленасьць, я не перастаў любіць людзей. Мне яны сапраўды цікавыя.

І, хоць я нэафіт, я разумею, што людзі больш за 20 гадоў займаліся беларускай палітыкай у той час, калі мне здавалася, што палітыкі той не было. Гэта лёсы, гэта жыцьці, гэта нейкія цікавыя гісторыі. Таму мне цікава.

У мяне ёсьць адна супэрздольнасьць: сядзець на дупе ў крэсьле і слухаць гісторыі. І я яе рэалізоўваю. Мне гэта вельмі падабаецца. І мне праўда падабаюцца беларусы. Хоць мне хтосьці кажа, што гэта крынж нейкі, што гэта пошла, што мы як «Беларусь greate again»... А я разумею, што патэнцыял ёсьць, і гэта таксама наш нейкі ўнёсак. Мэта — каб народ нас глядзеў і разумеў: «Ага, такія кайфовыя ў нас ёсьць людзі!»

Памятаеце гэты выпадак? Нехта мне пра яго апавядаў — як Ганна Севярынец нешта цікавае чытала на дваровай імпрэзе, а мужчына да яе зьвяртаецца: «Жэншчына, назавіцесь». Ніхто яе ня ведаў, але ўсе былі ўражаныя. Я таксама быў уражаны шмат кім, бо шмат каго зь беларускіх людзей проста ня ведаў да таго, як пачынаў рыхтавацца да інтэрвію. Рыхтуесься, размаўляеш, потым яшчэ працуеш чатыры дні альбо наагул тыдзень і разумееш, якая веліч, які аб’ём у гэтага чалавека! Кожны чалавек — гэта вельмі вялікі аб’ём, і трэба хацець яго паказаць, скарыстацца ім. Таму мне цікава па-ранейшаму.

Шмат хто (таксама з нэафітаў) мне кажа, што, маўляў, альбо канчаюцца цікавыя пэрсанажы, альбо яны становяцца меншымі па значнасьці. А мне здаецца, што наадварот, мы больш глыбока капаем. Мне падабаецца гэты працэс, мне вельмі падабаецца прадукт «Малина».

Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

— Ня так даўно вы былі па другі бок камэры і мікрафона, удзельнічалі ў праекце Юрыя Дудзя «Як жыць, калі застаўся без радзімы». Што лягчэй: браць інтэрвію, самому рыхтавацца да размовы альбо даваць інтэрв’ю?

— Мне прасьцей рыхтавацца і мне прасьцей задаваць пытаньні. Таму што ў мяне, у адрозьненьне ад тых жа Карбалевіча, Шрайбмана, Чалага, не настолькі структураваныя веды і няма звычкі прамаўляць вялікія аб’ёмы тэксту і рабіць гэта цікава. І гэта адна з мэтаў, якую трэба дасягнуць, — каб быць сапраўды цікавым, калі я пагаджаюся на інтэрвію. Я апошнім часам часьцей не пагаджаюся.

Мне быў цікавы досьвед супрацоўніцтва з Дудзём. Хаця Юра мне казаў, што няма на што глядзець, маўляў, гэта звычайная праца. Было цікава паглядзець на самога Дудзя, гэта сапраўды вельмі моцны і вялікі прафэсіянал. Быў вельмі добры мантаж. Тое, што зь мяне яны зрабілі, — гэта значна лепш, чым я адказваў на пытаньні. Бо былі моманты, дзе я плаваў і ня вельмі прывабна выглядаў.

«У жыцьці я цяпер карыстаюся толькі беларускай мовай»

— Не магу не запытацца пра беларускую мову. Вы некалі паабяцалі, што калі дасягняце 30 тысяч падпісчыкаў, загаворыце па-беларуску. Многія СМІ прынцыпова прытрымліваюцца расейскай мовы з прычыны таго, што яна дае больш праглядаў. Няўжо па-ранейшаму беларуская мова — перашкода?

— Наколькі я разумею, да гэтага часу ў YouTube ёсьць праблемы з прасоўваньнем беларускай мовы, бо галоўны офіс рэгіёну Беларусі і Расеі знаходзіцца ў Маскве. І таму мае калегі з «Току» з «Нашай нівы», якія раней рабілі загалоўкі па-беларуску, пачалі перакладаць іх на расейскую — каб лепей прасоўвалася.

У сваім звычайным жыцьці я цяпер карыстаюся толькі беларускай мовай. З расейцамі размаўляю па-расейску, таму што гэтага «моўнага фашызму» я пакуль што не разумею: маю на ўвазе тое, што які сэнс сваю грамадзянскую пазыцыю праз мову мне паказваць расейцу, калі я ведаю расейскую мову і мы можам спакойна зь ім размаўляць?

Такім чынам, я размаўляю ў звычайным жыцьці толькі па-беларуску, але кантэнт часьцяком мы працягваем рабіць па-расейску, і ў размове са Стрыжаком я ўжо перакладаў зь беларускай, бо ў мяне аўтаматычна рэакцыя зьяўляецца па-беларуску. Да гэтага часу сны ня сьняцца мне па-беларуску, але хутка, мне здаецца, усё гэта будзе.

Што датычыцца бізнэсу, мова — гэта ня тое, што цябе прасоўвае, на жаль. Таму што кожны раз, калі мы робім беларускамоўнае інтэрвію, у нас менш праглядаў. Але мы разумеем, што гэта наш унёсак у распаўсюд беларускай мовы, і 25% кантэнту на «Малине» беларускамоўнага. Так, праблема ёсьць, што дагэтуль людзі больш карыстаюцца расейскай мовай.

Было шмат крытыкі, шмат для каго я стаў нейкім вычварэнцам, але я скажу шчыра: мне на гэта наср*ць. І я вельмі ўдзячны тым людзям, якія зладзілі гэты вэрхал — я пра тое, што гэта [пераход на беларускую мову. — РС.] была такая промаакцыя да інтэрвію з Паўлам Латушкам. У выніку гэта пайшло на карысьць. І ўвогуле жыцьцёвая філязофія — браць усё сабе на карысьць — яна вельмі нармалёвая. Гэта наша мова, яна вельмі пяшчотная, гэта наша зброя, гэта наш сродак трымаць дыстанцыю ад Расеі, што вельмі і вельмі важна ў гэтай вайне, у гэтай бойцы з Савецкім Саюзам і пуцінскім рэжымам. Так, разумею, што беларуская мова — гэта «прасадка», калі ты робіш YouTube. Але мы будзем працягваць гэта рабіць, і наша мэта — каб уся «Малина» была на беларускай мове.

Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

«У маім жыцьці вяртаньне адбудзецца — цягам ня больш як дзесяці гадоў»

— Па вашых адчуваньнях, ці хутка вы вернецеся ў Беларусь? Бо зараз усе незалежныя беларускія мэдыя працуюць зь Літвы, Польшчы, Беларусі.

— Я ня ведаю. Акрамя стомленасьці, у мяне няма ніякіх адчуваньняў. Чаго я хачу? Шчасьця і есьці. Цяпер сытуацыя вельмі складаная, калі не сказаць жудасная. Але ніхто не замінае нам мець надзею і праз гэту надзею дзейнічаць.

Мая эміграцыя пачалася зь Вільні. Шмат з кім мы знаёміліся, сустракаліся, пілі каву. Зьявілася вельмі моцная мэтафара «неразабранай валізкі», якая стаіць недзе ў куточку і чакае свайго часу. Для чалавека гэта сымбаль, што ў кожную сэкунду ён можа сабрацца і вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве год будзе маёй эміграцыі. Я за гэты год навучыўся зьбіраць валізку за 20 хвілін. Калі будзе перамога, я даволі хутка здолею вярнуцца.

Калі гэта будзе? Я ня ведаю. Нядаўна я паглядзеў Арцёма Шрайбмана, у яго была вельмі слушная думка: калі пачыналася белагвардзейская эміграцыя, яна супрацьстаяла маладому рэжыму. А мы супрацьстаім (гэта тычыцца і Расеі, і Беларусі) — рэжыму, які ўжо ня ў росквіце і ня ў сіле. Так што ў маім жыцьці вяртаньне адбудзецца. Я настроены вярнуцца.

Прагнозы — гэта ня мой канёк. Але мне здаецца, што гэта адбудзецца цягам ну ня больш як дзесяці гадоў. Андрэй Стрыжак у інтэрвію сказаў, што ягоны прынцып — «не зачароўвацца, каб потым не расчароўвацца». Тое самае і ў мяне. Я трымаю ў галаве думку, што ніколі ня вярнуся. Але мае пачуцьці, мае жаданьні — гэта ня больш за 10 гадоў.

— Амаль два гады мы назіраем, як узмацняюцца рэпрэсіі, якія абвінавачаньні выстаўляюцца калегам-журналістам — ад стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня да здрады дзяржаве. Ці дасягнулі беларускія ўлады і сілавікі дна?

— Калі сілавікі раскруцілі рэпрэсіі, яны зразумелі, што пагоны хутчэй і лягчэй атрымліваюцца праз рэпрэсіі, таму будуць ціснуць да максымуму. Наконт дна ня ведаю, але мы, беларусы, ужо стаміліся зьдзіўляцца. У мяне хапае эмпатыіі, бо я даволі эмпатычны чалавек. Але калі ты чытаеш навіны, на жаль, ты ўспрымаеш усё гэта як частку беларускай рэчаіснасьці. І ты працягваеш працаваць.

У мяне зараз такі «вайб»: праз тое, каб працаваць, праз тое, каб трываць, кожны павінен рабіць тое, што ён можа рабіць. Я не чалавек са зброяй, я не чалавек з «Табакеркай» у асяродзьдзі Лукашэнкі. Але я ведаю сваю зону адказнасьці. Гэта мэдыя. Гэта тое, што я магу рабіць сапраўды добра.

Калі пачалася вайна, у мяне быў шок, і было значна складаней, чым падчас нашай рэвалюцыі, — бо ў Менску ў жніўні 2020 году ты мог рэагаваць, цела тваё магло рэагаваць: ты працаваў, рабіў нейкія навіны, езьдзіў на рэпартажы; карацей, ты рухаўся.

А калі распачалася вайна, я проста сядзеў, набіраў тэкст у тэлефоне і чытаў навіны. І вось я заняўся антываенным SMM. Распаўсюджваў спасылкі, іх было вельмі шмат. Праз тры дні мне піша чалавек і пытаецца, як вызваліць людзей: адвезьці з Дніпра ў Львоў. Я не спэцыяліст у гэтым, я ня ведаю, як вызваліць людзей і адвезьці іх у бясьпечнае месца. Я зразумеў, што кожны павінен займацца сваімі справамі і рабіць тое, што ён умее і ў чым ён добры. Мне здаецца, што інтэрвію ў мяне атрымліваюцца, і я буду працаваць у гэтым рэчышчы далей. «Пакрысе, па расе», можа, марудна, не з такой хуткасьцю дасягненьня посьпехаў, як хацелася б. Мне ў дзяцінстве казалі: «Настройвайся на горшае, каб пасьля ня мець расчараваньняў».

Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

— А ці ёсьць у вас жаданьне ўзяць інтэрвію ну калі не ў самога Лукашэнкі, то ў кагосьці зь ягонага найбліжэйшага атачэньня? Ці цікавыя вам гэтыя асобы, якія глядзяць яму ў рот, ня сьмеюць пярэчыць?

— Ніякай цікавасьці. Па-першае, браць «інтэрвію» ў Лукашэнкі будзе пракурор новай Беларусі. Што тычыцца астатніх чыноўнікаў — тое самае. У нас усё ж натхняльнае шоў. Я не разумею, што новага мы пачуем ад людзей, якія пазбаўленыя свабоды (а мне думаецца, што ўсе людзі ў атачэньні Лукашэнкі пазбаўленыя свабоды і па нейкіх мэтадычках агучваюць тэксты).

Беларускія прапагандысты і людзі вакол Лукашэнкі таксама падзяляюць адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі, і за згвалтаваньне свайго ж народу. Таму ня бачу сэнсу рабіць такія інтэрвію. Іх можна паглядзець у «Размове з Маратам Маркавым».

«Тэрапэўтычна важна атрымліваць ад жыцьця асалоду»

— Банальнае, але вашае ж пытаньнечка: жыцьцё — маліна?

— Безумоўна, маліна. Мне адзін суразмоўца, якога я запрашаў і які яшчэ не дайшоў да нас, сказаў: «Ты бачыш іронію беларускага жыцьця ў тым, што галоўнае інтэрвію-шоў пра Беларусь „Жизнь-малина“ — пра краіну, дзе адбываецца невядома што?»

Адказваю: «Ага, так атрымалася». У майго калегі Аляксандра Івуліна рэаліці-шоў называлася «Саша выйдет». І вось цяпер мы ўсе чакаем, пакуль Саша Івулін выйдзе з турмы. Гэта нейкая мантра, што жыцьцё — маліна. І я сапраўды веру, што на тэрыторыі маёй любімай Беларусі можна будзе пабудаваць жыцьцё-маліну, можна будзе гадаваць дзяцей, займацца творчасьцю, рэалізоўваць міжнародныя, культурныя праекты, дзе будуць прыгожыя вуліцы без такіх пачварных будынкаў, як Палац Рэспублікі,

Карацей, мы будзем будаваць кайфовую эўрапейскую дзяржаву, у якой кіраўнікі будуць проста нанятымі мэнэджарамі, а не «государями» ці людзьмі «государевыми». Я веру ў гэта. Але жыцьцё — маліна, так. І ўсё залежыць ад нашага стаўленьня, у любым выпадку тэрапэўтычна важна атрымліваць ад жыцьця асалоду.

Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG