Швайцарская газэта SonntagsZeitung 1 траўня апублікавала артыкул, у якім сьцьвярджае, што ў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў 2015 і 2019 гадах нарадзіліся двое сыноў, адзін зь іх — у Швайцарыі.
Паводле выданьня, нарадзіла хлопчыкаў былая алімпійская чэмпіёнка Аліна Кабаева, аб блізкасьці якой да Пуціна апошнім часам пісалі многія заходнія СМІ. Швайцарская газэта спасылаецца на крыніцу — знаёмага лекара, які, як сьцьвярджаецца, абодва разы прымаў роды. Газэта піша, што не раскрывае прозьвішча лекара і знаёмага па іх просьбе. Лекар, як сьцьвярджаецца, родам з Расеі і ў юнацтве была знаёмая з Пуціным, але ўжо даўно эмігравала ў Швайцарыю.
Па словах крыніцы, швайцарскі горад Лугана быў абраны як месца нараджэньня дзіцяці ў 2015 годзе, каб захаваць усё ў таямніцы. Гэта атрымалася не зусім: пра тое, што Кабаева нарадзіла сына (па некаторых паведамленьнях — блізьнят, гэта, як сьцьвярджае SontaggsZeitung, няпраўда), паведаміў тады шэраг СМІ. Тады ж зьявіліся спэкуляцыі, што бацькам можа быць Пуцін. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў тады гэта адмаўляў.
Праз 4 гады Аліна Кабаева зноў нарадзіла, гэтым разам у Маскве, паводле слоў крыніцы, гэта было «рашэньне прэзыдэнта». Сьцьвярджаецца, што падчас абедзьвюх цяжарнасьцяў Кабаева некалькі разоў прыяжджала ў Лугана, але Пуціна зь ёй не было. Выданьне Wall Street Journal нядаўна таксама пісала аб тым, што Кабаева шмат часу праводзіла ў Швайцарыі ў асабняку «з высокімі сьценамі і вэрталётнай пляцоўкай». Швайцарскае выданьне не атрымала камэнтароў прадстаўнікоў Кабаевай ці Пуціна.
- Як пісала на гэтым тыдні газэта The Wall Street Journal са спасылкай на ананімныя крыніцы, Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША нядаўна спыніла ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай. Вышэйшыя амэрыканскія чыноўнікі нібыта асьцерагаліся рэакцыі з боку прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і далейшага абвастрэньня адносін з Расеяй. У артыкуле таксама згадваецца аб публікацыях у СМІ пра тое, што спартоўка можа быць маці дзяцей Пуціна.
- Раней ЗША і іншыя краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць Кацярыны Ціханавай і Марыі Варанцовай, якія ў санкцыйных сьпісах афіцыйна названыя дочкамі прэзыдэнта Расеі ад яго цяпер скасаванага шлюбу з Людмілай Пуцінай. Крэмль дэ-факта прызнаў, што гэта так, у адказ на навіну аб санкцыях, асудзіўшы Захад за ўвядзеньне абмежаваньняў супраць чальцоў сем’яў расейскіх палітыкаў.
- Крэмль ніколі не камэнтаваў зьмястоўна ніякіх паведамленьняў пра дзяцей Пуціна, адмаўляючыся прызнаваць гэтае пытаньне часткай грамадзкіх інтарэсаў. Пры гэтым Пуцін казаў, што ў яго ёсьць унукі (не называючы іх па імёнах і не гаворачы, колькі іх).