Шэраг нядаўніх прызначэньняў і заяваў кіраўніцтва ажывілі спрэчкі наконт месца францускай мовы ў Канадзе, што выклікала адказ прэм’ер-міністра Джастына Трудо, піша агенцтва France-Presse. Сьвежым скандалам стала тое, што ў карпаратыўнай радзе CN, найбуйнейшай у Канадзе чыгуначнай кампаніі ў Манрэалі, больш няма дырэктараў, якія размаўляюць па-француску.
Пытаньне аб тым, ці павінны канадзкія карпаратыўныя лідэры быць двухмоўнымі, прыцягнула вялікую ўвагу мінулай восеньню, пасьля таго, як прэзыдэнт Air Canada Мішэль Русо заявіў, што не пасьпеў вывучыць францускай мовы. Празь некалькі дзён яму давялося публічна прасіць прабачэньня за гэтыя выказваньні.
Згодна з канадзкім заканадаўствам, дзяржаўныя прадпрыемствы, такія як CN і Air Canada, а таксама аэрапорты і фэдэральныя міністэрствы, абавязаны аказваць кліентам паслугі на францускай і ангельскай мовах. Прэм’ер-міністар Джастын Трудо ужо заявіў, што расчараваны сытуацыяй з CN.
«Франкамоўныя канадцы па ўсёй краіне павінны бачыць сябе ў нашых асноўных нацыянальных інстытутах», — сказаў прэм’ер-міністар, які таксама папрасіў адказных міністраў ураду хутка вырашыць праблему з CN, каб выправіць становішча.
Апошнія спрэчкі нагадваюць пра няўстойлівае становішча францускай мовы ў паўночнаамэрыканскім акіяне англамоўных, а таксама пра папярэднія баі за абарону яе статусу як афіцыйнай мовы, што ўключылі ў Канстытуцыю Канады ў 1982 годзе, піша агенцтва. Але, па словах некаторых прыхільнікаў францускай мовы ў Канадзе, дзе агульнае насельніцтва з 37 мільёнаў налічвае 8 мільёнаў франкафонаў, урад не апраўдаў чаканьняў.
Менш за 20% канадцаў гавораць на дзьвюх мовах
«З боку Трудо відавочная крывадушнасьць», — сказаў Стэфан Бюлак, прафэсар права і судырэктар Нацыянальнай абсэрваторыі Манрэальскага ўнівэрсытэту па моўных правах. Ён адзначыў, што хоць прэм’ер-міністра турбуе «сага» з CN, летась ён вырашыў прызначыць генэрал-губэрнатарам Канады і служыць афіцыйным прадстаўніком каралевы Лізаветы II у краіне чалавека, які не гаворыць па-француску.
Мэры Сайман, родам з раёну Нунавік на поўначы Квэбэку — першая прадстаўніца карэнных народаў Канады, якая стала генэрал-губэрнатарам. Аднак яна валодае дзьвюма мовамі — ангельскай і інуіцкай. Францускай ня ведае.
Упаўнаважаны па афіцыйных мовах Канады таксама папракнуў Офіс прэм’ер-міністра ў тым, што відэатрансьляцыі на афіцыйнай старонцы Офісу ў Facebook ня маюць субтытраў або дубляжу на францускай мове.
Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, больш за 90% канадцаў рашуча падтрымліваюць білінгвізм, які лічаць часткай канадзкай культуры, але менш за 20% валодаюць абедзьвюма мовамі.
«Кожны павінен мець магчымасьць абслугоўвацца на мове, якой аддаюць перавагу, бо мала канадцаў сапраўды двухмоўныя», — кажа Стэфані Шунар, прафэсар паліталёгіі Каралеўскага вайсковага каледжа Канады. Яна дадала, што канадцы «чакалі мадэрнізацыі Закону аб афіцыйных мовах з 2019 году».
Бюлак, прафэсар права, зазначыў, што «доўгі час абараняць францускую мову азначала, што вас трактавалі як сэпаратыста. Сёньня ўсё зьмянілася, таму людзі больш сьмела аспрэчваюць панаваньне ангельскай мовы».
Рэагуючы на нядаўнія прызначэньні ў CN, прафэсар лінгвістычнага права Фрэдэрык Бэрар тлумачыць, што «людзі злыя, узрушаныя, і гэты гнеў апраўданы». Сытуацыя значна больш складаная для франкафонаў, якія жывуць у іншых рэгіёнах Канады, па-за Квэбэкам.