Першы намесьнік генэральнага дырэктара Лескавец спасылаецца на нормы пазначэньня харчовай прадукцыі, закон аб дзяржаўным рэгуляваньні вытворчасьці і абарачэньня алькагольнай прадукцыі, тэхнічны рэглямэнт Мытнага зьвязу і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі.
«Сёньня ў Рэспубліцы Беларусі на расейскай мове выдаецца абсалютная большасьць афіцыйных дакумэнтаў, справаводзтва практычна ва ўсіх арганізацыях вядзецца таксама на расейскай мове, расейская мова пераважае ў большасьці сродкаў масавай інфармацыі. У штодзённым жыцьці грамадзян Беларусі таксама пераважае расейская мова».
Аднак ужо ў наступным абзацы прадстаўнік «Радаміру» піша аб «поўнай роўнасьці» дзьвюх дзяржаўных моваў.
«Больш за тое, афіцыйнае выкарыстаньне дзьвюх моваў часам спараджае такія абставіны, калі сказанае або напісанае не адпавядае ні правілам беларускай, ні правілам расейскай мовы.
Беларуская і расейская мовы згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь маюць абсалютна аднолькавае становішча, таму відавочна памылкова заяўляць, што ўжываньне ў нашай краіне расейскай мовы зьяўляецца нейкай дыскрымінацыяй у адносінах да беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую мову».
Далей намесьнік гендырэктара піша пра адказнасьць за спробу дыскрымінаваць па моўнай прыкмеце, папярэджвае, што гвалт у гэтай справе недапушчальны, і завяршае ліст словамі «Бо мова не павінна быць прадметам канфлікту — яна павінна быць прадметам павагі і прымірэньня».
Юрыст і вядомы абаронца беларускай мовы Ігар Случак пракамэнтаваў адказ прадпрыемства «Радамір».
«Адказ з гомельскага заводу непісьменны як юрыдычна, так і лягічна. Ён падмяняе паняцьці, маніпуляцыйны і няшчыры. Сёньняшняе беларускае заканадаўства нават з улікам нормаў ЭАЭС дазваляе выкарыстоўваць толькі беларускую мову, калі вырабы распаўсюджваюцца на тэрыторыі Беларусі — на гэты конт ёсьць адпаведныя тлумачэньні Дзяржстандарту. Відавочна, што і не ўва ўсіх 15 краінах, у якія пастаўляецца прадукцыя „Радаміру“, расейская мова дзяржаўная або афіцыйная — то бок у гэтыя краіны гарэлка ідзе з пазначэньнем на іх нацыянальных мовах. Але ў гэты ж час для беларускай мовы ў Беларусі месца знайсьці ня могуць».
Адказ «Радаміру», на думку юрыста, акурат сьведчыць пра шырокую дыскрымінацыю па прыкмеце беларускай мовы ў Беларусі. І дзеяньні заводу толькі падкрэсьліваюць гэты факт.
«Завод шчыра прызнае: усё ў Беларусі зараз па-расейску, таму і ён беларускую ня будзе выкарыстоўваць. Але ў той жа час заяўляе, што дыскрымінацыі беларускамоўных няма. Больш за тое, прапанову аб шырэйшым выкарыстаньні беларускай мовы ён лічыць навязваньнем і гвалтоўным укараненьнем, што ня ёсьць праўдай.
Відавочна, што шырокае выкарыстаньне нацыянальнай мовы будзе спрыяць ня толькі нацыянальнай згодзе, а і наагул умацаваньню беларускай дзяржаўнасьці, маналітнасьці і тэрытарыяльнай унітарнасьці, абароніць краіну ад канфліктаў. Бо сёньняшняя геапалітычная сытуацыя паказвае: недастатковая ўвага да моўнага і культурнага пытаньняў прыводзяць да вялікіх праблемаў», — падкрэсьліў магістар юрыдычных навук, «моўны інспэктар» Ігар Случак.