Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікдзень на колішнім Падляшшы. Настальгічны ўспамін


Царква Ўзьнясеньня Гасподняга ў Кленіках на Падляшшы, пабудаваная на месцы папярэдняй, якая згарэла ў 1973 годзе
Царква Ўзьнясеньня Гасподняга ў Кленіках на Падляшшы, пабудаваная на месцы папярэдняй, якая згарэла ў 1973 годзе

У маім падляскім дзяцінстве ў 1960-х незвычайна моцна зьдзіўляла мяне бабіна арыентацыя ў царкоўных сьвятах. Адкуль мая баба Марыя (1905–1967) ведала, калі выпадалі сьвяты з такімі таямнічымі назвамі, як Błahoviêščanie, Čestny Krest, Prečysta, Vvedienije?

Асобнай загадкай быў Velikdeń, які кожнага году выпадаў у іншы час, часам у сакавіку, часам у красавіку, а часам і ў траўні. І яшчэ былі сьвяты, якія, як казала баба, былі «прывязаныя» да Вялікадня: Klečanie, Ušestie і, натуральна, Verbnicia. Баба заўжды ведала, у які дзень выпадаў які praznik, і ніколі не прапускала ні адной багаслужбы ў царкве ў Кленіках, ня толькі ў такія сьвяты як Prečysta і Pokrova, але і ў звычайныя нядзелі. Мабыць, толькі ў найбольш марозныя і сьнежныя зімы, калі дарога з нашага хутара ў Ляхі і далей у Кленікі была непрацёртая, баба Марыя хоцькі-няхоцькі заставалася дома, чытала Псалтыр (для сябе) і адаптаваныя біблійныя гісторыі пра Майсея і жыдоў у эгіпецкай няволі (для мяне).

Сёньня я ўжо ведаю, што маёй бабе ня трэба было трымаць у памяці даты ўсіх сьвятаў, бо яны былі пазначаныя ў царкоўным календары зь ня вельмі тады ўцямнай для мяне назвай: Kalendarz Polskiego Autokefalicznego Kościoła Prawosławnego. Такі каляндар баба кожны год прыносіла дахаты з кленіцкай царквы.

Праваслаўная верніца, Бельск на Падляшшы, 2011 год
Праваслаўная верніца, Бельск на Падляшшы, 2011 год

Наколькі мне помніцца, царкоўны каляндар быў адзінай кнігай, якую браў у рукі мой дзед Іван (1898–1979). У календары пісалі па-польску і па-расейску, і дзед, начапіўшы на нос бабіны акуляры, чытаў уголас тыя тэксты, якія былі напісаны кірылічнай азбукай па-расейску. Магчыма, што дзед, які закончыў сваю куртатую адукацыю яшчэ за царскім часам, па-польску чытаць ніколі не навучыўся. Як і гаварыць па-польску. Я ніколі не пачуў, каб дзед да каго-небудзь азваўся па-польску. Ён заўсёды з усімі гаварыў «па-свойму» (то бок па-падляску, кажучы сучаснай тэрміналёгіяй), у тым ліку са сваімі гарадзкімі ўнукамі, якіх бацькі па-нашаму гаварыць не навучылі. А польскамоўныя пісулькі, якія часам прыходзілі дахаты зь дзяржаўных адміністрацыйных органаў, дзед папросту ігнараваў. Іх чыталі мае бацькі і я.

Мне, калі я ўжо трохі ўхапіў і лацінскія, і кірылічныя літары, ня менш чым слова autokefaliczny, якога ніхто ня мог толкам растлумачыць, вярэдзіла слова kościół у назьве календара. Чаму там пішуць kościół, калі мы — праваслаўныя, і ходзім у царкву?! Ну, а ў касьцёл ходзяць мае дваюрадныя сваякі ў Беластоку: Stefan, Janek, Lusia i Jurek, дзеці цёткі Мані і дзядзька Дымітра…

Вялікдзень быў найважнейшым сьвятам у маім дзяцінстве. Перад Вялікаднем быў доўгі пост, якога і баба, і мама строга прытрымліваліся. Мужчынская частка сям’і — дзед, тата і я — пасьцілася (значыць, ня ела нічога skoromnoho) толькі ў апошні тыдзень, між Вербніцай і Вялікаднем. Пасьля царкоўнай багаслужбы на Вербніцу, на якую людзі хадзілі зь вярбовымі лозамі, каб іх асьвяціць, мама з татам, вярнуўшыся дахаты, «асьвячалі» такой лазою мяне, прыгаворваючы больш-менш так:

Ne ja bju, verba bje,
za tyždeń Velikdeń,
ne vsikajsie, ne vsirajsie,
buď zdorovy jak korova,
buď bihuščy jak voda,
buď veliki jak verba…

Потым такую лазу ставілі ў нейкі куток у каморы або затыкалі яе за ікону ў хаце, і яна заставалася да наступнага Вялікадня, калі прыносілі сьвежую вярбовую вітку.

Праваслаўныя верніцы, Бельск на Падляшшы, 2011 год
Праваслаўныя верніцы, Бельск на Падляшшы, 2011 год

Сам Велікодны тыдзень таксама запомніўся сваімі адметнымі рытуаламі. Наагул пад Вялікдзень калолі вепручка, каб былі сьвежыя vyroby: каўбаса, крывяная кішка, kuteń (падляскі від сальцісону). Людзі рыхтавалі хрэн як асноўную спэцыю на велікодным мясным стале. Гарчыцы ў сваім дзяцінстве я ня помню. Быў хрэн у слоіках (белы і з дамешкай чырвонага бурака), які я капаў на чужых агародах у вёсцы, прыносіў на наш хутар, чысьціў яго і мыў, а потым цёр на бляшанай цёрцы, раскрываўлюючы пальцы і выціраючы сьлёзы, якія каціліся зь пякучых вачэй.

У Вялікі чацьвер баба Марыя абавязкова забірала мяне на царкоўную службу, якая называлася «Дванаццаць Эвангельляў». Гэта была сапраўды таямнічая і цікавая багаслужба, якая доўгі час зьбівала мяне з панталыку ў маім ня надта хрысьціянскім дзяцінстве. Бацюшка спраўляў гэтую літургію ў чацьвер вечарам, але называў яе чамусьці «ютраньню Вялікай пятніцы». Служба цягнулася амаль да поўначы, потым быў больш-менш гадзінны перапынак, а потым пачыналася багаслужба, якую называлі «абедняй». На гэтую «абедню» я рэдка калі заставаўся (баба заставалася абавязкова, а мне хацелася спаць), таму вяртаўся з мамай або татам дадому.

Вяртаньне дахаты пасьля «Дванаццаці Эвангельляў» было адным з маіх найбольш яскравых, калі магу так сказаць, рэлігійных перажываньняў дзяцінства. Людзі ў невялікіх групках ішлі ў поцемках з запаленымі сьвечкамі — кожны стараўся захіліць сьвечку ад ветру так, каб яна не пагасла ў дарозе і каб зь ёй, запаленай, можна было дайсьці на свой панадворак. Калі камусьці гэтае ўдавалася, ён са сьвечкай абыходзіў хату вакол — каб засьцерагчы яе на ўвесь год ад якойсьці бяды ці няшчасьця.

Запаленую сьвечку перад выхадам з царквы захілялі ад ветру паперай або цэляфанам, а самыя спрытныя з маіх калегаў прыносілі ў царкву бутэлькі з адбітым дном і ўстаўлялі сьвечку ўсярэдзіну, мацуючы яе другі канец у шыйцы бутэлькі. Такую штучку з бутэлькай выкарыстаў раз ці два і я, дазнаўшыся ад калегаў, што дно бутэлькі лёгка «адпадае» само, калі наліць у бутэльку кіпеню, а потым сунуць дно ў халодную ваду.

Праваслаўныя верніцы, Бельск на Падляшшы, 2011 год
Праваслаўныя верніцы, Бельск на Падляшшы, 2011 год

Тады ў царкве ў Велікодны чацьвер найбольш займаў мяне ня зьмест «Дванаццаці Эвангельляў», якія чытаў бацюшка, а тое, што падчас чытаньня кожнага ўрыўка трэба было запальваць сьвечку, а потым гасіць яе, калі пачынаў сьпяваць хор і бацюшка тлумачыў сэнс прачытанага. Значыць, сьвечку ў Велікодны чацьвер даводзілася запальваць і гасіць ня менш чым дванаццаць разоў. Пашукаўшы ў інтэрнэце, я знайшоў інфармацыю, што тады чытаюць пяць урыўкаў з Эваньгельля ад Яна, чатыры ад Мацьвея, два ад Марка і адзін ад Лукі.

Што тычыцца зьместу чытаных па-царкоўнаславянску Эвангельляў у Велікодны чацьвер, то цяжка было ўцяміць яго і тады шасьцігадоваму ці нават дзесяцігадоваму падшпарку, нялёгка зразумець і цяпер, калі мне за шэсьцьдзесят. Вось адзін прыклад, урывак з Эвангельля ад Яна:

Vnídie úbo páki Piłát v pretór, i priglasí Iisúsa, i rečé jemú: Ty li jesí car iudiéjsk?

Otvieščá jemú Iisús: O siebié li ty síje głagóleši, íli iníi tiebié rekóša o mnie?

Otvieščá jemú Piłát: Jedá az židovín jesm? Rod tvoj i archijeréje predáša tia mnie. Čto jesí sotvoríł?

Otvieščá Iisús: Cárstvo mojé niesť ot míra siegó. Ášče ot míra siegó býło by cárstvo mojé, słúgi moí úbo podvizálisia býša, da nie prédan bych był iudiéom. Nýnie že cárstvo mojé niesť otsiúdu.

Што яшчэ было настолькі цікавае на Вялікдзень, што ён запамятаўся мне як найбольш істотнае сьвята дзяцінства? Vynos płaščenici ў Вялікую пятніцу. Асьвячэньне paski ў Вялікую суботу, якую я насіў у кошычку ў вёску — бацюшка аб’яжджаў усё вёскі з парафіі, папярэдне вызначыўшы гадзіны, калі куды прыедзе. У суботу людзі таксама наагул фарбавалі яйкі, якімі дзеці ў нядзелю і панядзелак гулялі ў vybitki або качалі з узгорка, стараючыся трапіць у яйкі сябрукоў. Яшчэ vołočebne — падарункі, якія падляскія дзеці атрымоўвалі на Вялікдзень ад хросных бацькоў. Ну і тая незвычайная форма сьвяточнага прывітаньня і адказу на яго: Chrystos voskresie! Voistinu voskresie!

Праваслаўная каплічка з царскага часу і пастамэнт пад колішні помнік цару Аляксандру ІІ, Кленікі на Падляшшы
Праваслаўная каплічка з царскага часу і пастамэнт пад колішні помнік цару Аляксандру ІІ, Кленікі на Падляшшы

Да царкоўнай уніі ў Берасьці 1596 году царква Ўзьнясеньня Гасподняга ў Кленіках была праваслаўнай. Потым стала ўніяцкай і была такой да 1839 году, калі ўніятаў у нашай частцы Падляшша (паўночнай) перавялі ў праваслаўе. Будынак царквы тады быў ужо ў вельмі бядотным стане, і кленіцкія прыхаджане ў 1879 годзе вырашылі пабудаваць новы храм. Храм пачалі будаваць у 1880 годзе ды закончылі пабудову вельмі хутка — у 1883. Гэтая царква прастаяла 90 гадоў і згарэла, зь нявысьветленых прычын, 6 красавіка 1973 году.

Царква Ўзьнясеньня Гасподняга ў Кленіках на Падляшшы, згарэла ў 1973 годзе
Царква Ўзьнясеньня Гасподняга ў Кленіках на Падляшшы, згарэла ў 1973 годзе

Новую царкву, ужо мураваную, кленіцкія парафіяне пачалі будаваць у 1974 годзе, першую літургію ў яшчэ не закончаным храме адслужылі ў 1979 годзе. Пры пабудове новай царквы шмат папрацаваў мой бацька, робячы сталярку ўнутры храму і пакрываючы дах царквы меднай бляхай. Мне таксама давялося ўнесьці свой сьціпленькі ўклад у пабудову храму, дзе мяне хрысьцілі і дзе я вянчаўся. Пад канец 1970-х, ужо будучы студэнтам Варшаўскага ўнівэрсытэту, я прыехаў са сталіцы ў Бельск на Падляшшы і ўвесь дзень зь іншымі людзьмі з нашай вёскі цягаў цэглу на пабудову кленіцкай царквы з чыгуначных вагонаў на трактарныя прычэпы і грузавікі.

(Аўтарскі пераклад, зьлёгку адаптаваны і падкарочаны, з падляскай мовы. Арыгінал артыкулу зьявіўся ў красавіцкім нумары беластоцкага месячніка Czasopis.)

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG