Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 красавіка: адміністратара тэлеграм-каналу ў падтрымку Ціханоўскага асудзілі на 7,5 года калёніі


Турма. Ілюстрацыйнае фота
Турма. Ілюстрацыйнае фота

Беларусам надалей выносяць палітычна матываваныя прысуды.

У Віцебскім абласным судзе яшчэ ў лютым на 7 з паловай гадоў калёніі асудзілі 52-гадовага жыхара Полацку Анатоля Мацулевіча, піша «Вясна».

За стварэньне і адміністраваньне тэлеграм-каналу «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому» яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня);
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці);
  • ч. 3 арт. 293 (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Анатолю інкрымінавалі стварэньне і адміністраваньне тэлеграм-каналу, які МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» летась 26 лістапада, пры гэтым затрымалі Мацулевіча за пяць месяцаў да гэтага.

У выніку судзьдзя Яўген Буруноў прызначыў Мацулевічу пакараньне ў выглядзе 7,5 года калёніі.

У Гомлі пакаралі за зьнятыя з адміністрацыйных будынкаў сьцягі

15 красавіка 2022 году ў судзе Гомельскага раёну 26-гадовым Сяргею Алейнікаву і Яну Аляксейчыкаву прысудзілі па году зьняволеньня.

Судзьдзя Тамара Застаўнецкая прызнала іх вінаватымі паводле арт. 370 КК.

Мужчын прызналі вінаватымі ў тым, што ноччу з 16 на 17 студзеня 2022 году ў аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёну яны забраліся на дахі адміністрацыйных будынкаў, сарвалі дзяржаўныя сьцягі з Дому культуры і сельскага выканкаму, а затым кінулі іх на зямлю.

У гэты час яны былі ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Дзяржаўнае абвінавачаньне было ўпэўненае, што мужчыны дзейнічалі ў групе асобаў з папярэдняй змовы і хацелі «выказаць грэблівыя адносіны да дзяржаўнай сымболікі Рэспублікі Беларусь».

Таксама яны са сьцягам у руках прайшлі па вуліцах Пакалюбічаў і «дэманстратыўна, у прысутнасьці староньніх асобаў, размахвалі ім, кідалі на зямлю, тапталіся па палатніне нагамі».

Вядома, што пазьней адзін сьцяг вярнулі сваякі аднаго з мужчын, а другі знайшлі схаваным у туі ў двары другога абвінавачанага.

⁩Затрыманы 39-гадовы інжынэр Менскай дыстанцыі арганізацыі сувязі Беларускай чыгункі

ГУБАЗіК запісаў з мужчынам «пакаяльнае» відэа, на якім той кажа, што ў 2020 годзе «браў удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а да нядаўняга часу быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, зь якіх рабіў рэпосты». Нібыта за гэта яго і затрымалі, піша «Вясна».

ГУБАЗіК паведамляе, што фатаздымкі з пратэставых маршаў чыгуначнік са свайго тэлефона выдаліў, але пасьля затрыманьня сілавікі іх аднавілі. Таксама яны нібыта вылічылі, што нядаўна ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах мужчына цікавіўся відэаролікамі пра тое, як сапсаваць чыгуначнае абсталяваньне.

На затрыманага завялі справу па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Дзе цяпер мужчына, пакуль невядома.

У Мазыры затрымалі Ўладзіслава Ганчарова

На праўладным тэлеграм-канале ГУБАЗіК разьмясьціў відэа, на якім бачна, што мужчыну затрымалі ў яго дома. Сілавікі ўрываюцца ў кватэру, кідаюць Уладзіслава Ганчарова тварам у падлогу, заломваюць рукі за сьпінай, пытаюцца яго імя, а калі той адказвае, цынічна кажуць: «С Днем рождения, Владислав». Далей запісваць відэа працягваюць ужо ў машыне, піша «Гомельская Вясна».

Затрыманы мужчына ў відавочна прыгнечаным стане кажа, што ён 1977 году нараджэньня, жыве ў Мазыры, прызнаецца, што абразіў у камэнтарах супрацоўніка ГУБАЗіК, раскайваецца і выбачаецца за свой учынак. Таксама ён кажа, што «распаўсюджваў малюнкі, якія абражаюць прэзыдэнта і супрацоўнікаў міліцыі».

Паведамляецца, што мужчыну прад'явілі абвінавачваньне па крымінальным артыкуле 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады».

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 11 «рэйкавых партызанаў»

21 красавіка праваабарончая супольнасьць прызнала палітычнымі зьняволенымі яшчэ 11 чалавек. Гэта «рэйкавыя партызаны» Сяргей Глебка, Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Сяргей Канавалаў, Сяргей Пляшкун, Юры Сельвіч, Яўген Мінкевіч, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў і Аляксей Шышкавец, паведамляе «Вясна».

Па зьвестках на 21 красавіка, беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 1145 чалавек.

Юрыстку ААТ «Нафтан» Вераніку Бахмутаву арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Вераніку Бахмутаву затрымалі 4 красавіка проста на працоўным месцы — надзелі кайданкі і павезьлі на допыт. Прычынай затрыманьня магло паслужыць фота профілю ў Facebook, на якім прысутнічае лягатып Tut.by. Праз тры дні жанчыну выпусьцілі на волю з позвай у суд.

21 красавіка судзьдзя глыбоцкага суду Андрэй Тарасевіч прызнаў Вераніку вінаватай у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прысудзіў ёй 7 дзён адміністрацыйнага арышту. Ёй засталося адседзець 4 дні, паведамляе «Вясна».

Непаўналетняга палітвязьня Мікіту Залатарова ў выхаваўчай калёніі рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА

Праваабаронцам паведамілі, што адміністрацыя выхаваўчай калёніі № 2 цісьне на 17-гадовага Мікіту Залатарова, якога ўжо двойчы асудзілі па «пратэставых» артыкулах. Паведамляюць, што яго рэгулярна караюць суткамі ў штрафным ізалятары, паведамляе «Вясна».

Мікіта Залатароў — падлетак, хворы на эпілепсію. У лютым 2021 году хлопцу прысудзілі 5 гадоў у выхаваўчай калёніі па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава». Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на жорсткае зьбіцьцё — ужывалі нават электрашокер.

Ужо ў ліпені 2021 году хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 КК. У выніку частковага складаньня раней прысуджанага тэрміну пакараньня з новым агульны тэрмін пакараньня для Мікіты цяпер — 4,5 года пазбаўленьня волі ў выхаваўчай калёніі.

У Горадні затрымалі сяброўку БСДП

У Горадні затрымалі сяброўку Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (грамада), міжнароднага сакратара Беларускага незалежнага прафсаюза Лізавету Мярляк, паведамляе тэлеграм-канал БСДП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG