Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 красавіка: затрымалі сябра БСДП Ледніка, суд над падпальнікам «БелТолл» зрабілі закрытым


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю працягваецца.

Музыка Ігар Банцар павінен сплаціць 155 рублёў 66 капеек за неаплату камунальных паслуг на «хіміі»

Зь іх 81 рубель 66 капеек ён павінен заплаціць папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 Віцебску, а да таго яшчэ 64 рублі дзяржпошліны, паведамляюць праваабаронцы. Такое рашэньне 20 красавіка прыняла судзьдзя Вольга Шуманская ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Ігар будзе абскарджваць рашэньне.

Яго судзілі за неаплату камунальных паслуг за пражываньне ў спэцынтэрнаце папраўчай установы адкрытага тыпу № 9. Ігар настойваў, што ў той час, за які ён павінен заплаціць, ён быў у ШЫЗА — 83 дні з 130. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу асуджаны павінен заплаціць за фактычнае пражываньне, але ўнутраныя службовыя інструкцыі ПУАТ кажуць, што плаціць павінны ўсе, хто на ўліку ва ўстанове — нават калі не знаходзяцца там фізычна.

Справу пачалі разглядаць 11 красавіка. Тады Банцару не дазволілі азнаёміцца з 13 лістамі, якія знаходзяцца ў матэрыялах справы. Таму ён спаслаўся на Канстытуцыю і папрасіў адкласьці справу.

У Віцебску 52-гадоваму мужчыну далі 7,5 гадоў калёніі па трох артыкулах

Суд Віцебскай вобласьці 18 красавіка вынес прысуд жыхару Полацка Анатолю Мацулевічу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляе Mayday. Мужчыну прызналі вінаватым у злачынствах па арт. 361 заўв. 1 ч. 1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»); ч. 3 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці» і ч.3 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»). Судовыя паседжаньні праходзілі ў закрытым рэжыме – сваякі змаглі патрапіць толькі на абвяшчэньне прысуду.

Вядома, што ў аснову крымінальнага перасьледу лёг той факт, што Мацулевіч, па вэрсіі сьледзтва, стварыў і адміністраваў тэлеграм-канал для Полацка і Наваполацка, пазьней прызнаны ўладамі экстрэмісцкім фармаваньнем. Акрамя таго, у віну мужчыну паставілі той факт, што перад акцыямі пратэсту 2020 году ён нібыта распаўсюджваў інфармацыю аб тым, як лепш «ладзіць масавыя беспарадкі», а таксама публікаваў «нэгатыўныя водгукі» аб сілавіках.

Мацулевіча затрымалі 11 чэрвеня 2021 году, пасьля чаго яго адправілі ў СІЗА.

Суд Віцебскай вобласьці ў асобе судзьдзі Рыбакова пасьля шэрагу закрытых паседжаньняў асудзіў Анатоля Мацулевіча да сямі з паловай гадоў зьняволеньня.

У Барысаве затрымалі сябра БСДП Ігара Ледніка

З словаў партыйцаў, 18 красавіка да дому Ледніка прыехаў аўтамабіль з горадзенскімі нумарамі, паведамляе тэлеграм-канал «БСДП».

Раней Ігару Ледніку ўжо двойчы прысуджалі адміністрацыйны арышт. Ён інвалід другой групы — мае праблемы з сэрцам.

Суд над падпальнікам «БелТолл» зрабілі закрытым

У судзе Барысаўскага раёну 19 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Ільлі Трубіна, піша «Вясна».

Яго абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: ч. 1 арт. 289 — акт тэрарызму; ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму, зьдзейсьнены паўторна; ч. 2 арт. 295 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; ч. 1 арт. 295−1 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў.

Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Крывела.

Паводле сьледзтва, 34-гадовы жыхар Барысава ўчыніў падпалы двух парталаў сыстэмы збору платы за праезд па дарогах «БелТолл» у Барысаўскім раёне. Пра затрыманьне Трубіна стала вядома ў жніўні 2021 году. Яго да суду зьмясьцілі пад варту. Нанесеная Трубіным шкода папярэдне склала 450 тысяч рублёў, паведамляе СК.

Ільля Трубін раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся. У сваёй матывацыі абвінавачаны, як заяўляе сьледзтва, кіраваўся заклікамі розных інтэрнэт-рэсурсаў аб нанясеньні шкоды інфраструктуры. На першым судовым пасяджэньні на прапанову абвінавачаньня працэс зрабілі закрытым.

Былога дырэктара музэю «Пружанскі палацык» асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі»

18 красавіка вынесьлі прысуд экс-дырэктару музэю «Пружанскі палацык» Юрыю Зялевічу, піша «Вясна». Судзьдзя Пружан і Пружанскага раёну Ігар Жытко прызнаў яго вінаватым паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) і агучыў вырак: 1,5 года «хатняй хіміі».

Вядома, што Юрый Сяргеевіч спачатку працаваў настаўнікам, а ў 2001 годзе стаў дырэктарам музэю. Пад яго кіраўніцтвам ва ўстанове ладзіліся выставы, музычныя вечарыны і іншыя імпрэзы. Аднак у жніўні 2020 году яго звольнілі з працы «па згодзе бакоў».

Супрацоўніка чыгункі зьмясьцілі ў СІЗА Гомля за перадачу тэлеграм-каналу фота расейскай вайсковай тэхнікі

43-гадовага правадніка рэзэрву Аляксандра Лучыновіча затрымалі 31 сакавіка на працы ў Гомельскім аддзяленьні беларускай чыгункі.

Пры затрыманьні ў яго забралі тэлефон, і пасьля таго як прагледзелі яго, склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП, а пазьней прысудзілі адміністрацыйны арышт. Аднак на волю пасьля «сутак» Аляксандар ня выйшаў — яго перазатрымалі ў межах крымінальнай справы па арт. 361-4 КК РБ (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Прычына — перадача фота расейскай вайсковай тэхнікі тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн».

15 красавіка Лучыновіча зьмясьцілі ў гомельскае СІЗА-3, яму прад’яўлена абвінавачаньне.

На асуджаную ў «карагоднай» справе шматдзетную маці завялі справу паводле 6 крымінальных артыкулаў

Аб паўторным затрыманьні асуджанай 34-гадовай жыхаркі Пружанаў, якая выхоўвае траіх дзяцей, паведамілі ў СК. Шматдзетную маці абвінавачваюць у тым, што яна за ўзнагароджаньне перадала інфармацыю аб службовых асобах, якія чынілі крымінальны перасьлед яе сям’і. За гэта яна нібыта, як сьцьвярджае сьледзтва, атрымала грашовы перавод на суму больш за 500 эўра. Акрамя гэтага, на яе рахунак ішлі грошы, якія яна перадавала іншым асуджаным і перасьледаваным паводле палітычных артыкулаў у якасьці фінансавай дапамогі.

Яе дзеяньні кваліфікавалі паводле некалькіх артыкулаў КК:

  • ч. 3 арт. 203-1 (Незаконны збор, прадастаўленьне і распаўсюджваньне інфармацыі аб пэрсанальных зьвестках іншай асобы безь яе згоды, што пацягнула прычыненьне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, учыненыя ў адносінах да асобы ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёю службовай дзейнасьці і выкананьнем грамадзкага абавязку);
  • арт. 188 (Паклёп);
  • ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 366 (Дамаганьне ў пагрозе гвалтам у дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі);
  • ч. 1 арт. 13 і арт. 369 (Стварэньне ўмоваў для ўчыненьня абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў);
  • ч. 1 арт. 13 і арт. 389 (Стварэньне ўмоваў для зьдзяйсьненьня пагрозы гвалтам у дачыненьні да судзьдзі, учыненай у сувязі з ажыцьцяўленьнем судзьдзём правасудзьдзя);
  • ч. 1 арт. 361-4 (Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Менчука асудзілі на тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў

Суд Ленінскага раёну Менску 24 сакавіка вынес прысуд паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Амірані Бутыяшвілі. Судзьдзя Юлія Шут прызначыла менчуку тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Менску 9 і 10 жніўня 2020 году. Амірані вызвалілі ў залі суду пасьля 2 месяцаў пад вартай, паведамляе «Вясна».

Асноўнымі доказамі ўдзелу менчука ў акцыях пратэсту сталі фота і відэа зь ягонага тэлефона. Амірані пацьвердзіў, што рухаўся па праезнай частцы, фатаграфаваў супрацоўнікаў міліцыі, якія са шчытамі перакрывалі шлях да станцыі мэтро «Няміга».

Суд выключыў з абвінавачаньня ўказаньне на тое, што абвінавачаны выкрыкваў лёзунгі, гучна пляскаў рукамі, бо «апошні адмаўляў указанае, а дакладных доказаў, якія пацьвярджаюць адваротнае, суду не прадстаўлена».

У Гомлі двух мужчын асудзілі да года калёніі кожнага: яны зьнялі дзяржаўныя сьцягі з будынкаў

15 красавіка ў судзе Гомельскага раёну да 1 года пазбаўленьня волі кожнага асудзілі 26-гадовых Сяргея Алейнікава і Яна Аляксейчыкава. Судзьдзя Тамара Застаўнецкая прызнала іх вінаватымі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу, паведамляе «Вясна».

Мужчын прызналі вінаватымі ў тым, што ноччу ў аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёну яны забраліся на дахі адміністрацыйных будынкаў, сарвалі дзяржаўныя сьцягі зь мясцовых Дома культуры і сельскага выканкаму, а потым — кінулі іх на зямлю. Таксама яны са сьцягам у руках нібыта прайшліся па вуліцах аграгарадка і «дэманстратыўна, у прысутнасьці староньніх асобаў, размахвалі ім, кідалі на зямлю, тапталіся па палатніне нагамі».

Вядома, што пазьней адзін са сьцягаў вярнулі сваякі аднаго з мужчын, а другі найшлі схаваным у туі ў двары іншага абвінавачанага.

Рэдактарку газэты «Новы Час» Аксану Колб затрымалі на 10 сутак. Сілавікі прыехалі з кувалдамі

20 красавіка да журналісткі прыйшлі сілавікі і павезьлі яе на допыт у Сьледчы камітэт. Як паведамілі блізкія Аксаны Колб, група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала сёньня ў кватэру, дзе яна жыве. Яны паведамілі, што забіраюць рэдактарку «Новага Часу» на допыт у СК, піша выданьне ў Тэлеграме. Па якой справе і ў якім статусе Колб на допыце — невядома.

Каля 15 гадзіны Аксана Колб патэлефанавала блізкім і паведаміла, што яе зьмяшчаюць у ІЧУ да 10 сутак. Зь якой нагоды і па якой справе, па-ранейшаму невядома, піша @novychas.

Палітвязьня Валадара Цурпанава зноў судзяць — яму памяняюць рэжым з калёніі на турму

Паводле інфармацыі MAYDAY, у судзе Віцебскага раёну 20 красавіка адбылося судовае паседжаньне «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і зьмяненьні ўмоваў рэжыму» магіляўчаніна Валадара Цурпанава.

Пра судовае паседжаньне не паведамілі нават жонцы палітвязьня. Верагодна, зараз Валадара перавядуць зь віцебскай ВК-3 у адну з турмаў, тым самым узмацніўшы жорсткасьць рэжыму адбываньня пакараньня. Вядома, што ў Цурпанава ня самыя простыя адносіны з адміністрацыяй калёніі, што прывяло да дысцыплінарных спагнаньняў.

Цяпер Цурпанаў адзін у памяшканьні камэрнага тыпу.

4 чэрвеня 2021 году магілёўскаму актывісту, палітвязьню Валадару Цурпанаву далі 2 гады калёніі агульнага рэжыму, да гэтага яму прысудзілі 3 гады «хіміі». Нагодай для новага крымінальнага перасьледу актывіста сталі дысцыплінарныя спагнаньні за «парушэньне ўнутранага распарадку» (арт. 415 КК РБ) падчас адбыцьця пакараньня ў ВУАТ № 46 у Круглым. Згодна з абвінаваўчым заключэньнем, Цурпанаў быў пакараны за тое, што ляжаў і сядзеў на ложку ў несанкцыянаваны час, яго спальнае месца не было заслана належным чынам, а яго асабістыя рэчы ляжалі на прыложкавай тумбачцы.

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Аляксандра Фядуту і яшчэ 7 чалавек

20 красавіка беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі:

  • Яўгена Клімава, асуджанага па абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 361-1 КК у «кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем» і паводле ч. 1 арт. 130 КК у «распальваньні сацыяльнай варожасьці ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады» на 5 гадоў калёніі;
  • Сяргея Санюту, асуджанага паводле ч. 1 арт. 130 КК за публікацыі ў сацыяльных сетках з заклікам аказваць супраціў сілавікам на 3 гады калёніі;
  • Сьвятаслава Шубіча, асуджанага паводле ч. 1 арт. 130 за публікацыі ў сацыяльных сетках, арт. 368 за абразу А. Лукашэнкі і ч. 1 арт. 328 КК за «захоўваньне нязначнай колькасьці наркатычных сродкаў бяз мэты продажу» (пакараньне паглынутае найболей цяжкім паводле арт. 130 КК) на 5 гадоў калёніі;
  • Алега Нічыпорку, асуджанага паводле ч. 1 і 2 арт. 218 КК за розныя пратэставыя надпісы і дзеяньні, якія «пацягнулі за сабой пашкоджаньні фасадаў будынкаў і відэакамэр», паводле ч. 1 арт. 205 КК за «выкраданьне маёмасьці», арт. 341 КК за пратэставыя надпісы ў грамадзкіх месцах і арт. 370 КК — за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» на 3 гады калёніі;
  • Аляксея Храловіча, асуджанага ў закрытым судовым пасяджэньні паводле ч. 2 арт. 356 КК за «здраду дзяржаве» — перадачу тэлеграм-каналу зьвестак, якія ён меў у сувязі з займанай пасадай, да 10 гадоў калёніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічынь;
  • Аляксандра Фядуту, які мае цяжкія хранічныя захворваньні, абвінавачваецца ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357 КК) і ўтрымліваецца пад вартай больш за год; сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да яго практычна не вядуцца.
  • Уладзімера Гундара, чалавека з інваліднасьцю, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 285 («стварэньне злачыннай арганізацыі»), ч. 2 арт. 357 КК («спроба захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам») і ўтрымліваюць у СІЗА больш за год практычна ў адсутнасьць працэсуальных дзеяньняў па крымінальнай справе, што відавочна несумяшчальна з мэтамі дасудовага ўтрыманьня пад вартай; да гэтага Гундар быў асуджаны паводле арт. 366 КК на 3 гады пазбаўленьня волі за кінуты на падлогу і пабіты падчас вобшуку ўласны тэлефон, што кваліфікавана судом як пагроза службовай асобе;
  • Паўла Кучынскага, які мае анкалягічнае захворваньне, абвінавачваецца паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 389 (пагроза ў дачыненьні да судзьдзі), арт. 391 (абраза судзьдзі), арт. 364 (пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), справа якога ўжо расьсьледавана.

Агулам па стане на 20 красавіка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 1135 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG