«Дзевяностыя forever» – новы відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні – 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.
7 лістапада 1990 году ў Менску на плошчы Леніна адбыўся антыкамуністычны мітынг. Улады БССР абвінавацілі яго арганізатараў у экстрэмізьме і пачалі крымінальную справу.
Абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Сьцісла:
- 7 лістапада 1990 года пасьля афіцыйнай дэманстрацыі тысячы актывістаў БНФ прарвалі міліцэйскі кардон і ўсклалі да помніка Леніну «дары» – калючы дрот і ГУЛАГаўскую робу
- Лідэр БНФ Зянон Пазьняк зрабіў моцны сымбалічны жэст, напамінак пра тое, хто быў Ленін і што рабіла кампартыя
- У БССР далёка ня ўсе падтрымалі антыкамуністычны мітынг
- Супраць удзельніка мітынгу Валерыя Сядова пачалі крымінальную справу, ён быў арыштаваны і трымаў галадоўку
- Каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці Пазьняка, было апытана 800 сьведкаў
- У Беларусі помнікі Марксу і Леніну каля будынку былога ЦК КПБ былі зьнесеныя ў 1992
- Значная частка насельніцтва ў пачатку 1990-х гадоў у Беларусі зруйнаваньне помнікаў Леніну не ўспрымала пазытыўна
- Ва Ўсходняй Эўропе на пачатак 1990-х практычна ўсе помнікі Леніну і камуністычным правадырам былі зьнесеныя