Свабода расказвае, хто такі Сяргей Адзярыха і ў чым яго абвінавачвалі.
Чым незвычайная гэтая справа?
У выпадку Сяргея Адзярыхі абвінавачаньне палягала не на тым, што дзяржаўны службовец атрымліваў хабар ці іншыя выгоды, карыстаючыся сваёй пасадай. Прадстаўніка дзяржаўнага агенцтва абвінавацілі ў «зьліве» інфармацыі.
Маўляў, інфармацыя ад Адзярыхі зьяўлялася ў тэлеграм-канале «Нік і Майк». Гэта ананімны канал, які спэцыялізуецца на інсайдэрскіх зьвестках з высокіх кабінэтаў улады. 30 сакавіка «Нік і Майк», а таксама яго аналягі ў сацыяльных сетках былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Цягам 2021 году ў тэлеграм-канале часта зьяўляліся зьвесткі аб графіку падзеяў з удзелам Лукашэнкі, якія потым спраўджваліся. На судзе Адзярыха пацьвердзіў, што сапраўды перадаваў такую інфармацыю, да якой меў доступ на сваёй пасадзе.
Што казаў на судзе Адзярыха?
Праваабарончы цэнтар «Вясна» піша, што дзяржаўны службовец падчас судовага працэсу цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зьдзейсьненым.
Яшчэ падчас пратэстаў 2020 году Адзярыха дамовіўся з адным з прадстаўнікоў Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК), што будзе перадаваць інфармацыю, а за гэта пры зьмене ўлады яго не закране люстрацыя. Празь нейкі час зьвесткі, якія перадаваў Адзярыха, сталі зьяўляцца ў канале «Нік і Майк». На падставе інфармацыі ад прадстаўніка БелТА ў тэлеграм-канале апублікавана 58 допісаў.
Сяргей Адзярыха сам зьявіўся да сілавікоў з пакаяньнем, але гэта не было ўлічана пры вынясеньні прысуду, бо на той момант дзяржаўны службовец нібыта ўжо знаходзіўся «ў распрацоўцы».
Што кажуць прадстаўнікі НАК?
Кіраўнік НАК Павал Латушка адмовіўся камэнтаваць справу, спаслаўшыся на далікатнасьць сытуацыі.
Ня стаў нічога камэнтаваць і былы супрацоўнік кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Анатоль Котаў, які ў 2020 годзе далучыўся да НАК.
Хто такі Сяргей Адзярыха?
Былому намесьніку генэральнага дырэктара БелТА 41 год. Ён родам са Случчыны, зь вёскі Балотчыцы. Там жа нарадзілася ягоная маці. Бацька паходзіць з суседніх Беліч. Празь нейкі час сям’я пераехала ў Слуцак.
У Сяргея два малодшыя браты — Дзьмітры і Арцём, яны працуюць у ІТ-сфэры. Бацькі разьвяліся, маці гадавала сыноў адна, яна працуе на пошце.
У Балотчыцах пра Адзярыхаў адгукаюцца добра: «Ня п’яніцы, парадачныя вельмі хлопцы».
Пасьля школы Сяргей паступіў на гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка. Па сканчэньні разьмеркаваны ў Барысаў настаўнікам. Там ажаніўся. У Сяргея Адзярыхі трое дзяцей — старэйшая дачка і малодшыя сыны, усе яны яшчэ школьнікі.
Яшчэ ў Барысаве Адзярыха стаў будаваць сабе кар’еру дзяржаўнага службоўца, актыўна ўліўся ў дзейнасьць «Белай Русі», уваходзіў у выбарчыя камісіі.
Маладога спэцыяліста заўважылі ў Менску, ён папрацаваў у адміністрацыі прэзыдэнта, дзе адказваў за інфармацыйную сфэру. А ў 2016 годзе яго прызначылі ў БелТА.
У інтэрвію выданьню «7 дней» Адзярыха казаў:
«Люблю сваю працу за драйв, які не дае сумаваць. Калі нават прыходзіш дадому выціснуты як лімон, то разумееш, што ўнёс уклад у вялікае і карыснае. Нават няўдачы прымушаюць заставацца ў тонусе, працаваць над памылкамі».
Што кажуць былыя калегі?
Арышт Сяргея Адзярыхі ў пачатку верасьня 2021 году для работнікаў агенцтва БелТА быў нечаканым. На ўмовах ананімнасьці некаторыя былыя калегі расказалі пра свайго начальніка.
«Маё асабістае уражаньне — гэта быў праўладны і трохі спалоханы чалавек. Памятаю, што Адзярыха вельмі важным лічыў набыць ільготную кватэру па традыцыйным перадвыбарчым указе для дзяржаўных прапагандыстаў», — сказаў адзін супрацоўнік.
«Наколькі ведаю, службовыя абавязкі ён выконваў нармальна. Мог нават вымову даць за нейкія „няправільныя“ допісы ў сацыяльных сетках. І ў той жа час, па адчуваньнях, быў даволі нацыянальна арыентаваным чалавекам, напрыклад, ВКЛ для яго пустым словам не было», — расказаў былы работнік БелТА.
Што пісаў у сетках?
Супрацоўнік БелТА быў дастаткова актыўным ў фэйсбуку. Пры гэтым ніколі ня ставіў на аватарку ўласны здымак.
Для дзяржаўнага службоўца такога ўзроўню Адзярыха часта дазваляў сабе вольнасьці. Напрыклад, у красавіку 2021 году напісаў, што ягоныя дзеці ў школу па суботах хадзіць ня будуць.
«Няхай замест маіх дзяцей па суботах у школу ходзіць дэпутат ад маёй акругі. Калі яна ўпершыню за два скліканьні зробіць ласку правесьці прыём грамадзян, то асабіста папрашу яе аб гэтым», — пісаў Адзярыха.
Ён хваліў фільм Юрыя Дудзя аб Калыме, пісаў, што фільм павінен быць абавязковым для прагляду ў старэйшых клясах школы і ВНУ. Добра выказваўся пра незалежны часопіс «Наша гісторыя».
Выглядае, гістарычныя тэмы да Сяргея Адзярыхі былі дастаткова блізкімі. Напрыклад, ён зьдзіўляўся, чаму ў падручніках гісторыі паўстаньне 1863–1864 гадоў называюць «польскім».
«Вось так: Радзівілаў польскімі ўжо зрабілі, цяпер чарга дайшла да Каліноўскага. Наступныя, я так мяркую, Купала і Колас? Калі і іх запішуць у палякі, то я буду ўпэўнены, што адэпты „рускага сьвету“ — гэта агенты польскай выведкі», — іранічна пісаў Адзярыха.
У 2021 годзе ён напісаў у камэнтары, што пакуль не зьбіраецца хадзіць у Купалаўскі тэатар. Пісаў у асноўным на расейскай мове, але досыць шмат допісаў было і па-беларуску.
Калі разгортвалася «справа БелТА» і на лаве падсудных апынулася рэдактарка парталу tut.by Марына Золатава, то Адзярыха раіў публікацыі з «Советской Белоруссии», маўляў, менавіта там найбольш аб’ектыўная інфармацыя аб працэсе.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.