Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 тысяч лекараў, 3 тысячы мэдычных сясьцёр. Якіх спэцыялістаў не хапае ў Беларусі


5,5% усіх вакансій у беларускім рэспубліканскім банку вакансій — гэта дактары.

Цяпер у агульнарэспубліканскім беларускім банку вакансій шукаюць спэцыялістаў на 92 502 пасады. Глядзім, якіх спэцыялістаў не хапае найбольш.

Дактары

Згодна з банкам вакансій, цяпер вольныя 5090 пасадаў для лекараў. 1900 рублёў для лекара ў санаторыі «Баравое» — гэта вакансія з самым вялікім заробкам, якую знаходзім.

Часьцей жа заробкі прапануюць меншыя. Лекару ў Жыткавіцкай лякарні гатовыя плаціць 950 рублёў, у Горадзенскім абласным скурна-вэнэралягічным дыспансэры лекару прапануюць 870 рублёў. Лекару-спэцыялісту ў Капыльскай цэнтральнай лякарні прапануюць 750 рублёў на месяц.

Нярэдка ў адну раённую лякарню патрабуецца адразу больш за 10 спэцыялістаў. Так, у Жыткавіцкай цэнтральнай раённай лякарні шукаюць адразу 17 лекараў.

Мэдычныя сёстры

3040 вакансій ёсьць у агульнарэспубліканскім банку вакансій для мэдыцынскіх сясьцёр. Самы высокі заробак прапануюць у 5-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску: ад 1025 да 2325 рублёў. У іншых прапановах заробкі рэдка сягаюць 1000 рублёў.

Інжынэры

Агулам у банку вакансій — 3556 месцаў для інжынэраў. Адна з самых прывабных прапаноў — вакансія ў прадстаўніцтве кітайскай кампаніі «САМС» з заробкам 5463 рублі.

Збольшага ж заробкі, якія прапануюць інжынэрам у Беларусі, — у сярэднім 1000–1200 рублёў.

Прадаўцы

Для прадаўцоў у банку вакансій — 2040 месцаў. Вялікая частка — гэта вакансіі гандлёвай сеткі «Эўрагандаль». На месяц супрацоўнікам прапануюць ад 650 да 900 рублёў. Агулам жа прадаўцам рэдка калі прапануюць заробкі, большыя за 1100 рублёў.

Будаўнікі

У Беларусі шукаюць 1092 будаўнікоў у самых розных сфэрах: ад азеляненьня да мантажу мэталаканструкцый.

Самыя нізкія заробкі — у сфэры азеляненьня, тут прапануюць каля 600–700 рублёў на месяц. Мантажнікаў шукаюць на заробак 1200–1500 рублёў, на кіраўнічых пасадах у будаўніцтве прапануюць да 2 тысяч рублёў.

Настаўнікі

Паводле дадзеных рэспубліканскага банку вакансій, школам патрэбныя 363 настаўнікі. Сярэднія заробкі, якія прапануюць пэдагогам, — 700–750 рублёў. Вельмі рэдка калі заробак можа быць 1200 рублёў.

Пры гэтым вакансій для пэдагогаў можа быць значна больш, бо іх рэдка публікуюць у адзіным банку вакансій — часьцей шукаюць кадры праз раённыя аддзелы адукацыі. Напрыклад, у адным Заводзкім раёне Менску шукаюць 98 пэдагогаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG