Сытуацыя пагоршылася яшчэ і тым, што літоўская амбасада ня робіць цяпер візы для беларусаў. Польская і літоўская амбасады ў Грузіі не даюць візы беларусам, якія ня маюць грузінскага дазволу на жыхарства. Выключэньні — для актывістаў і праваабаронцаў.
Свабода паразмаўляла зь беларусамі, якімі пашчасьціла атрымаць візы ў краіны Эўропы.
«Здаецца, мы зь дзецьмі трапілі ў апошні вагон»
Беларуска Кацярына (імя зьмененае. — РС) яшчэ ў верасьні 2021 году атрымала польскую гуманітарную візу.
«Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, мы пабеглі рабіць візы мужу і дзецям. Хутка зрабілі ўсе дакумэнты, і 2 сакавіка ўдалося запісаць дзяцей на прыём ў візавы цэнтар. Але на гуманітарныя візы ўжо запісу не было, таму запісалі дзяцей на працоўныя. Дарэчы, дакумэнты дзяцей без праблем прынялі на гуманітарныя візы, хоць яны былі запісаныя на працоўныя. Мужа ўжо не пасьпелі запісаць. З той пары — больш за месяц мінула — муж так і ня здолеў запісацца на візу. Месцаў няма — ні на гуманітарныя, ні на працоўныя. Здаецца, мы трапілі ў апошні вагон», — расказала Кацярына.
Яна шкадуе, што цяпер няма запісу на візу ў жывой чарзе.
«Цяпер людзі мусяць плаціць пасярэднікам да тысячы рублёў. Выходзіць, што зьехаць цяпер могуць толькі багатыя? Калі запіс каштуе 300 рублёў — гэта яшчэ па-боску», — кажа яна.
«Ёсьць камплект дакумэнтаў на бізнэс-візу ад палякаў, але ў чаргу трапіць не магу»
Аляксей (імя зьмененае. — РС) хацеў падаваць дакумэнты на візу ў Польшчу. Ён мае камплект дакумэнтаў на бізнэс-візу ад палякаў, але трапіць у чаргу пакуль ня здолеў. Аднак яму ўдалося зрабіць італьянскую візу.
«Яе зрабіў паводле запрашэньня ад італьянскага фонду, па працы. Запрашэньне было на два тыдні. Але супрацоўніца амбасады, якая прымала паперы, сказала паспрабаваць папрасіць на год. І ўдалося — далі візу на год, шэнгенскую. Але маім калегам, якія таксама падавалі запрашэньне ад фонду, далі толькі на тры месяцы. З чым гэта зьвязана, ня ведаю», — расказаў Аляксей.
Ён падаваў дакумэнты на візу 31 сакавіка, атрымаў яе 11 красавіка.
«Знаёмы здолеў падацца на польскую бізнэс-візу ў Горадні. Але зноў жа — ня сам, „па блату“, праз знаёмых», — дадаў Аляксей.
«Зрабіў гішпанскую візу з тэрапэўтычных меркаваньняў»
Сяргей (імя зьмененае. — РС) не плянуе выяжджаць з Беларусі. Але пра візу паклапаціўся — «з тэрапэўтычных меркаваньняў, як няпэўны плян на магчымы адпачынак», — тлумачыць ён.
Рабіў у гішпанскім візавым цэнтры. Але цяпер цэнтар ужо не працуе, падаць дакумэнты на візу немагчыма.
«Запісацца было цяжка — пару гадзін на тыдзень запіс быў. Я рабіў тры тыдні таму. Здаваў дакумэнты ў дзень, калі ўсе думалі, што прыём закрыюць. Нас у сям’і чатыры чалавекі, адзіны прыбытак — мой заробак. Таму нам далі толькі на чатыры месяцы, бо трэба, каб было 800 эўра на чалавека. Гішпанскую пасьпелі атрымаць і мае калегі, але цяпер ужо ўсё — не выдаюць візаў», — кажа Сяргей.
«Кіраўніцтва візавага цэнтру паступіла безадказна»
Жыхарка Менску Аксана (імя зьмененае) падала дакумэнты на шэнгенскую візу праз гішпанскі візавы цэнтар. 18 красавіка яна даведалася, што цэнтар зачыняецца. Людзям прапанавалі шукаць свае пашпарты ці ўва ўласьніка памяшканьня, ці ў «дзяржаўных органах». Яны абурыліся і пайшлі разьбірацца да візавага цэнтру. Аксана кажа, што такіх было каля 50 чалавек.
Сама яна падавалася на візу 29 сакавіка.
«Людзі ўжо не пра візу думалі, а як забраць свой пашпарт. Тэлефоны візавага цэнтру не адказвалі. На сайце статус пашпартоў быў „у дарозе“, бо візы ставяць у Маскве. Праз уласьніка памяшканьня зьвязаліся з супрацоўнікамі візавага цэнтру. Дамовіліся, што некалькі гадзін яны будуць выдаваць дакумэнты. Выдалі пашпарты тым, хто падаваўся 28 сакавіка. Тым, хто 29 і 31 падаваўся, сказалі, што іх пашпартоў няма, прыходзьце заўтра. Але людзі не сышлі, былі настроены рашуча. Пачалі зьвязвацца з кур’ерскай службай. Па выніку „дабіліся“ — пашпарты прывезьлі, аддалі», — расказала Аксана.
Іншыя беларусы пайшлі ў візавы цэнтар разьбірацца сёньня, 19 красавіка. «Іншыя наогул, мусіць, нікуды не хадзілі і чакаюць ці SMS, ці паведамленьня ад візавага цэнтру. Я лічу, што кіраўніцтва візавага цэнтру паступіла безадказна, бо гэта ж бізнэс, людзі грошы заплацілі», — лічыць жыхарка Менску.
«Сястра аддала пасярэднікам 800 рублёў за дапамогу»
Анжэла (імя зьмененае. — РС) некалькі дзён таму пераехала зь дзецьмі, сястрой і маці зь Беларусі ў Польшчу.
«Сястра знайшла пасярэднікаў ў Менску, яны дапамагалі ёй з запрашэньнем на працу ў Польшчу і з чаргой на падачу папераў. Аддала 800 рублёў. Бо сама яна месяц не магла запісацца. Я проста цудам здолела запісацца сама, праўда, у Гомлі. Запісалася з дачкой, прычым бясплатна. Пашанцавала», — распавяла Анжэла.
Яна кажа, што вельмі стамілася ад частых візытаў міліцыянтаў і судоў за «экстрэмізм».
«Прыходзілі як да сябе дахаты. Паказвай ім тэлефон, падпіскі ў сацыяльных сетках. Усё вышуквалі „экстрэмізм“. Нешта знаходзілі — бо колькі я ні чысьціла тэлефон, усяго не магу заўважыць, дый за столькі гадоў, колькі маю сацыяльныя сеткі... Перад выездам у Польшчу быў чарговы суд, чарговы штраф. Яшчэ і вайна ва Ўкраіне... Вырашылі зьяжджаць», — патлумачыла Анжэла.
«У нас нядорага яшчэ»
У telegram-чатах ёсьць шмат прапановаў «запісаць на візу». Цэны розныя — да тысячы рублёў. Трапляюцца і махляры, якія патрабуюць «тэрміновай перадаплаты». Пасьля пераводу грошай зьнікаюць.
Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь беларусам, які прапаноўвае запісаць на падачу дакумэнтаў для польскай візы за 300 рублёў.
«Перадаплаты як такой мы не бяром, аплата — па факце запісу. Бліжэйшы запіс — на 20 красавіка. Чакаць візу можна і тыдзень, і пяць тыдняў, гэта лятарэя. Днямі зьмяніўся сайт консульства, цяпер праграмісты адаптуюць праграмы, скрыпты пад новыя ўмовы. У нас нядорага яшчэ. Калі бяруць 900 рублёў, я такое чуў, то гэта шалёныя грошы, вядома. Можа, у іх хутчэй атрымліваецца, можа, праграмісты больш прасунутыя», — патлумачыў пасярэднік.