Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Захад адарваць Беларусь ад Расеі? Дыскусія аналітыкаў


Уладзімер Макей, 2018 год
Уладзімер Макей, 2018 год

Чаму на прапанову дыялёгу з боку кіраўніка МЗС Беларусі Макея Эўразьвяз адказаў абнародаваньнем яго ліста? Што азначаюць заявы Лукашэнкі аб заходніх дыпляматах — «фашыстах»? Ці можа Эўропа паспрыяць дыстанцыяваньню Беларусі ад Расеі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і старэйшы дасьледнік Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.

Мацукевіч

Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч
  • Перадача ліста Макея журналісту для публікацыі ў яго Твітэры — гэта таксама адказ. І ня выключана, што гэта быў адзіны магчымы адказ. Зразумела, нічога добрага ў такой практыцы няма, калі зьмест канфідэнцыйных пасланьняў абнародуецца.
  • Можна прыгадаць, што адказ амэрыканцаў на ўльтыматум Расеі ў сьнежні 2021 году спачатку зьявіўся ў гішпанскай El Pais.
  • Мяркую, што беларускі бок гэта наўрад ці вельмі парадавала. Зь іншага боку, Аляксандар Лукашэнка сваімі заявамі на суботніку самаўхіліўся ад таго, пра што пісаў Уладзімер Макей. Тое, пра што напісаў Макей у лісьце, ён у прынцыпе гаварыў цягам апошніх амаль двух гадоў. Гэта кантрастуе з тым, што публічна кажа Лукашэнка, але Макей гэта казаў і раней.
  • Мой заклік да дыстанцыяваньня ад Расеі быў ня столькі да ўлады, колькі да Захаду. Каб ён не забыў пра Беларусь у будучай пабудове сьвету.
  • Першая ўмова рэалізацыі гэтай парады — гэта аслабленьне Крамля, у тым ліку скарачэньне магчымасьцяў Крамля ўплываць на Беларусь. Другая ўмова — гатоўнасьць Захаду працягнуць руку дапамогі. Гэтая гатоўнасьць вывучаецца, у тым ліку і такімі крокамі, як ліст Макея.
  • Калі б ліст, які накіраваў Макей у ЭЗ, падпісаў Лукашэнка, магчыма, рэакцыя на яго была і іншай, у Расеі ў тым ліку.
  • А з подпісам Макея гэты ліст нават ня можа пасварыць кіраўніцтва Беларусі з Крамлём, як бы мне гэтага ні хацелася.
  • Макей паслаў свой ліст некалькім адрасатам. Таксама ў той жа дзень, калі ён адправіў гэты ліст, у яго адбылася тэлефонная гутарка з прэзыдэнтам Швайцарыі. Таму я б не ўспрымаў «зьліў» ліста Макею ў друк як адназначны адказ. Гэта можа быць адказ некага ў ЭЗ, але неабавязкова ўсяго ЭЗ.
  • Магчымасьці для дыялёгу ёсьць і на вышэйшым узроўні. Адразу пасьля пачатку вайны Лукашэнку тэлефанаваў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Да таго былі кантакты з канцлеркай Нямеччыны і прэзыдэнтам Ізраілю.
  • У Лукашэнкі спрацаваў просты асацыятыўны шэраг. Ён быў у Хатыні, прыгадаў амбасадара Нямеччыны — ну значыць нацысты і фашысты. Зараз гэтыя паняцьці, як і «акупацыя», і «генацыд», выкарыстоўваюцца вельмі шырока, і, як правіла, сытуацыі, у якіх яны ўжываюцца, маюць мала агульнага са зьместам гэтых паняцьцяў.
  • Летась 22 чэрвеня Лукашэнка таксама абвінавачваў цяперашняе кіраўніцтва Нямеччыны ў фашызьме. Але гэта не перашкодзіла яму празь некалькі месяцаў з задавальненьнем размаўляць па тэлефоне з Ангелай Мэркель. Прынамсі, прапаганда падавала гэтую гутарку як велізарную дыпляматычную перамогу.
  • Заходнія дыпляматы ў Беларусі ўвесь час жывуць у напружаньні. Пасьля прыняцьця кожнага чарговага санкцыйнага пакету яны думаюць, што гэта стане апошнім днём іх знаходжаньня ў Беларусі.
  • Колькасьць заяваў Лукашэнкі пра тое, што Беларусь «у гэтым усім ня ўдзельнічае», прыкладна роўная колькасьці яго заяваў, што Беларусь у гэтай кампаніі цалкам з Расеяй.
  • Аўтаномія ў гэтых пытаньнях у яго вельмі вузкая. Мяркую, што калі б паступіла ўказаньне ўвесьці войскі, ён быў бы вымушаны гэта зрабіць. Проста пакуль гэтае ўказаньне не паступіла.
  • Захад мог бы паспрабаваць убіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным. Убіць яго можна толькі наладжваньнем дыялёгу і зьмякчэньнем санкцыйнага рэжыму. Але каб гэта зрабіць, Захаду патрэбныя крокі насустрач з боку Менску, павінен быць дакладны сыгнал, што беларускі рэжым гатовы мяняцца.
  • Калі б ліст Макея суправаджаўся вызваленьнем, скажам, сотні палітвязьняў, рэакцыя на яго была б іншай. Макею ўжо ня вераць, асабліва пасьля яго заявы падчас лютаўскіх вучэньняў, што пасьля іх завяршэньня расейскія войскі адправяцца дадому.
  • Я мяркую, што званок прэзыдэнта Швайцарыі 6 красавіка быў прысьвечаны абмеркаваньню шляхоў выхаду Беларусі з гэтай вайны.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • У палітыцы ніколі не кажы «ніколі». Пасьля таго, што адбылося ў 2010 годзе, быў вельмі жорсткі ідэалягічны і дыпляматычны канфлікт Беларусі з Захадам. Большасьць аглядальнікаў тады казалі, што Захад ня пойдзе на дыялёг з гэтым рэжымам.
  • Але потым прыляцеў «чорны лебедзь» — Крым і Данбас. І Менск скарыстаўся сытуацыяй, каб размарозіць стасункі з Захадам. Цяпер афіцыйны Менск спрабуе гэта паўтарыць.
  • Сёньня прыляцеў новы «чорны лебедзь». Гэта вайна. Але ў 2014 году Беларусь фактычна заняла нэўтральную пазыцыю ў канфлікце Расеі з Захадам і Ўкраінай.
  • Сёньня сытуацыя іншая, сёньня Беларусь — адзіны ваенны саюзьнік Расеі і ўдзельніца агрэсіі супраць Украіны. І як бы афіцыйны Менск ад гэтага ні адхрычшваўся, на Захадзе лічаць менавіта так.
  • Таму пакуль Беларусь не паспрабуе дыстацыявацца ад Расеі і заняць пазыцыю, падобную на тую, якую яна займала ў 2014 годзе, я ня веру, што можа адбыцца нейкі сур’ёзны дыялёг.
  • Словы Лукашэнкі пра заходніх дыпляматаў-«фашыстаў» можна раглядаць як адказ на «зьліў» ліста Макея прэсе. Але гэта звыклая рыторыка Лукашэнкі на адрас Захаду ў апошнія месяцы. Ён жа не цырымоніцца, слова «мярзотнікі» гучыць на адрас кіраўніцтва Літвы, Польшчы, Эўразьвязу. Цяпер слова «мярзотнікі» зьмянілі на «фашысты».
  • Лукашэнка нядаўна пагражаў амбасадару Ўкраіны. Ён казаў, што ва Ўкраіне зьдзекуюцца зь беларускіх «дальнабойнікаў», і намякаў, што ў Менску ёсьць украінская амбасада і зь яе супрацоўнікамі можна зрабіць тое самае, што і ва Ўкраіне — зь беларусамі.
  • Пагрозы і зьнявагі ў адрас дыпляматаў — гэта робіцца ўжо традыцыяй у Беларусі.
  • Лукашэнка мае пэўную аўтаномію ў рашэньнях. Ён ня можа дамагчыся, каб расейскія войскі былі выведзеныя з Беларусі. А вось аддаць ці не аддаць загад беларускім вайскоўцам удзельнічаць у вайне — гэта ад яго залежыць.
  • Заўважце — ён усяляк адмаўляе ўдзел Беларусі ў гэтай вайне. Калі б ён быў поўным слугой, ён бы так не казаў, ён бы, наадварот, паслаў беларусаў ваяваць і нават ганарыўся б гэтым.
  • Я думаю, што Захад у вельмі невялікай ступені можа паспрыяць дыстанцыяваньню Лукашэнкі ад Масквы.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG