Можна скептычна ставіцца да лічбаў ВЦІОМ, які фіксуе станоўчае стаўленьне значнай часткі расейскага грамадзтва да распачатай Крамлём вайны («хутчэй падтрымліваюць» яе 68% расейцаў). Але паглядзіце, якімі водгукамі на вайну перапоўнены расейскія сацсеткі. Падобна на тое, што ў гэтыя першыя тыдні пасьля ўварваньня прыхільнікаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ў Расеі сапраўды шмат.
Зазначу, што ў жніўні 1914 года, калі Расея толькі ўступіла ў Першую сусьветную вайну, на вуліцы Санкт-Пецярбургу падтрымаць Мікалая ІІ выходзілі сотні тысяч людзей пад мілітарысцкімі лёзунгамі. У адзіным парыве сьпявалі «Боже, царя храни!», запісваліся добраахвотнікамі на фронт і кляліся дайсьці да Басфора і далучыць да імпэрыі Канстанцінопаль.
Праз два з паловай гады гэтыя ж людзі, толькі ўжо апранутыя ў шэрыя салдацкія шынялі, раззлаваныя няўдалай крывавай вайной, сядзеньнем у акопах і адсутнасьцю хлеба, выйшлі на вуліцы таго ж Санкт-Пецярбурга, пракліналі цара і ягоных міністраў, грамілі склады і крамы і ўрэшце зрынулі самадзяржаўе.
Вайна спыніцца, калі ўсё набрыняе крывёй
Падчас вайны ад эўфарыі і абагаўленьня да нянавісьці і праклёнаў — адзін крок. Прычым лёгіка вайны застаецца нязьменнай, незалежна ад таго, зь якой зброі адзін аднаго забіваюць — зь вінтоўкі Мосіна ці з аўтамата Калашнікава. Калі бліц-крыг не ўдаецца, калі агрэсар сутыкаецца з упартым супрацівам ахвяры, надыходзіць наступная стадыя вайны — магчыма, самая крывавая. На праціўніка абрушваюць усю магутнасьць ваеннай машыны. Генэралам здаецца: як гэта можа быць? Мы ж у дзесяць разоў мацнейшыя. Трэба толькі дадаць агню, танкаў, агнямётаў — і дацісьнем, зраўняем зь зямлёй.
Гэтак жа, як раўнялі зь зямлёй кішлакі ў Афганістане і шматпавярховікі ў Грозным. А потым кожны раз зьдзіўляліся: адкуль у афганцаў і чачэнцаў столькі нянавісьці і ўпартасьці? Чаму яны выпаўзаюць з-пад руінаў уласных дамоў не для таго, каб здавацца, а каб страляць у сьпіны, мініраваць дарогі і цэліцца са «стынгераў» у нашы верталёты.
Вайна спыняецца, калі ўсё набрыньвае крывёй — і з аднаго, і з другога боку.
Хоць цяпер у грамадзкай сьвядомасьці зьмены адбываюцца значна хутчэй, чым стагодзьдзе таму, у расейска-ўкраінскай вайне гэтая стадыя яшчэ не надышла. Крэмль яшчэ па-ранейшаму патрабуе капітуляцыі, «дэмілітарызацыі» і «дэнацыфікацыі». А падведамнае насельніцтва яшчэ не адчула ў поўнай меры кошт гэтай вайны на ўласных лёсах і ўласных кішэнях.
Але гадзіньнік у сучаснай вайне цікае хутка. Цяпер ня трэба чакаць, пакуль табе раскажа пра жахі вайны пакалечаны на ёй сусед, які вернецца адтуль без нагі ці рукі: усё ўбачыш ледзь не онлайн у Telegram, праз хвіліну пасьля таго, як дваццацігадовы хлапчук згарыць у сваім танку.
Беларусы ў гэтай вайне ня проста гледачы. Хоць і саўдзельнікамі іх назваць было б не зусім справядліва. Яны зьвязаныя па руках і нагах ва ўласным доме. З жахам назіраюць, як зьбіваюць суседа і сябра. А дапамагчы няма як. Нават за ціхі голас у абарону ахвяры — зубатычына. Гэта, хутчэй, па інэрцыі: машына рэпрэсій, запушчаная ў 2020-м, працягвае дзейнічаць.
Але Лукашэнка зь ягонай чуйнай палітычнай інтуіцыяй, без сумневу, ужо адчувае, што нешта пайшло ня так. І пралічвае варыянты: чым гэта можа скончыцца асабіста для яго.
Надзея на тле трагедыі
Зьвярніце ўвагу, як цягам усяго дзесяці дзён мянялася ягоная рыторыка. Раніцай 24 лютага, у першы дзень расейскага ўварваньня, ён быў адданы расейскі саюзьнік. Ці зьявяцца беларускія войскі ва Ўкраіне: «Апраўдвацца ня будзем... Калі спатрэбіцца — будуць там». Пра ўкраінскае кіраўніцтва: «Мярзотнікі крайнія», «страшныя вар’яты». Пра ўкраінскага генэрала, які ня здолеў дазваніцца да міністра абароны Расеі: «Мярзотнік».
Прыблізна такая ж лексыка гучала і 27 лютага. Пра прэзыдэнта Зяленскага: «Напалеончык», «Выходзіць у гэтай сарочцы ці майцы і пачынае зьвяртацца да беларускага народу», «Ня трэба на нас нападаць і з „Кварталу 95“ нейкім галаском падвываць, што вы, беларусы, зрабіце правільны выбар. Ты разьбярыся ў сябе са сваім выбарам».
Пра магчымасьць уводу беларускіх войскаў ва Ўкраіну: «Ён што, штурхае мяне на правядзеньне спэцапэрацыі, каб я вызваляў сваіх людзей там? Яны ня ведаюць нашы спэцпадразьдзяленьні. Вар’яты! Не чапайце людзей».
Але вось мінае яшчэ тыдзень. Ніводзін буйны ўкраінскі горад ня ўзяты. Плян бліцкрыгу правалены. І як мяняецца танальнасьць і лексыка Лукашэнкі! 4 сакавіка: «Беларуская армія ў спэцапэрацыі ніякага ўдзелу не брала і браць намеру ня мае».
«Я ведаю, што такое нашы дзеці. Таму ў мяне няма ніякай неабходнасьці і жаданьня пасылаць іх некуды на нейкую вайну».
«Мы не зьбіраемся падстаўляцца пад іхныя хацелкі ці жаданьні».
І, заўважце, больш ніякіх зьняваг у адрас прэзыдэнта Зяленскага, які менавіта ў гэтыя дні стаў народным украінскім лідэрам з рэйтынгам, вышэйшым за 90%. Ніякіх ранейшых «напалеончыкаў», «мярзотнікаў» і «вар’ятаў».
Што адметна, такая ж мэтамарфоза адбываецца і з праўладнымі СМІ. Раней ледзь ня ў кожным абзацы: «комік», «блазен» і «бандэраўская хунта». У апошнія дні колькі ні гартаю стужкі — гэтая звыклая для іх раней лексыка практычна зьнікла.
У сёньняшняй беспрасьветнай змрочнай будзённасьці, перапоўненай ваеннымі зводкамі і трагічнымі навінамі, адзінай добрай весткай можа быць хіба тое, што зьмены і ў Расеі, і ў Беларусі на тле вайны і яе наступстваў могуць адбыцца значна хутчэй, чым многія асьцерагаліся. Вайна — магутны каталізатар палітычных зьменаў, так было ва ўсе часы. (Царызм не перажыў Першай сусьветнай вайны; СССР не ачомаўся ад паразы ў Афганістане).
І гэта спараджае надзею на больш хуткія зьмены. У тым ліку для палітвязьняў, пра якіх у гэты час усе нібыта забыліся.
Калі здарыцца так, што расейскі карабель вымушаны будзе выправіцца па тым адрасе, куды яго адправілі ўкраінскія памежнікі пад Адэсай, то наш човен, прывязаны да яго моцным канатам, імгненна пацягнецца туды ж. І капітан чоўна, Лукашэнка, без сумневу, у гэтай сытуацыі паспрабуе чарговы раз неяк выкруціцца. Прынамсі, адвязаць гэты канат і зрабіць выгляд, што наш човен проста праплываў міма і ніякага ўдзелу ў бандыцкай атацы ня браў. І адграбаць, адграбаць як мага хутчэй ад таго месца, дзе вялізная пасудзіна ідзе на дно. Бо вір караблекрушэньня, як вядома, зацягвае ў сваю пастку усё, што плавае побач.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.