Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Анжаліка Борыс апублікавала першы допіс пасьля пераводу пад хатні арышт; музыкаў Irdorath перавялі ў калёніі

абноўлена

Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

У Беларусі 1129 афіцыйна прызнаных праваабарончай супольнасьцю палітвязьняў. Па іншых дадзеных, перасьледаваных у палітычных справах у краіне нашмат больш.

Анжаліка Борыс з-пад хатняга арышту павіншавала зь Вялікаднем

17 красавіка — Вялікдзень у каталіцкіх і пратэстанцкіх вернікаў. Старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якія знаходзіцца пад крымінальным перасьледам, упершыню зьвярнулася да чытачоў у сваім фэйсбуку пасьля зьмены меры стрыманьня на хатні арышт.

«Дарагія сябры і знаёмыя. Няхай уваскрэслы Езус напоўніць вашы сэрцы любоўю і сьвятлом, хай ён ператворыць кожны смутак у радасьць, а кожны неспакой у шчасьце і надзею на лепшае заўтра. Здаровы і мірны сьвет!!! Дзякуй ад усяго сэрца за падтрымку, салідарнасьць і малітву» — напісала Анжаліка Борыс.

Старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс — палітзьняволеная, праходзіць па так званай «справе палякаў» (за правядзеньне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці).

За кратамі Борыс правяла амаль год, але ў сакавіку 2022 яе нечакана перавялі пад хатні арышт.

Прашэньне аб памілаваньні, нягледзячы на ціск за кратамі, Анжаліка Борыс не пісала.

Пятра і Юлію Марчанак перавялі ў папраўчыя калёніі

Палітзьняволеных музыкаў гурта Irdorath Пятра і Юлію Марчанак затрымалі ўвечары 2 жніўня 2021 году на лецішчы пад Менскам падчас сьвяткаваньня Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач разам зь іншымі музыкамі. Частку людзей цягам наступных двух дзён асудзілі па адміністрацыйных справах аб непадпарадкаваньні міліцыі, супраць Пятра, Юліі, а таксама Надзеі і Ўладзімера Калачаў і Антона Шніпа завялі крымінальную справу па арт. 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Ім прысудзілі па 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Цяпер стала вядома, што Пятра перавялі ў віцебскую калёнію № 3, а Юлію — у гомельскую жаночую.

Падтрымаць сям’ю лістамі салідарнасьці:

  • ПК № 3, 211322, Віцебская вобласьць, г.п. Віцьба, Пётр Пятровіч Марчанка
  • ПК № 4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Юлія Анатольеўна Марчанка (Юніцкая)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG