Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліку Борыс зьмясьцілі пад хатні арышт. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісала


Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

Старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс перавялі са сьледчага ізалятара ў Жодзіне пад хатні арышт, даведалася Радыё Свабода. Цяпер яна ў сваёй роднай вёсцы пад Горадняй.

Як напісаў на Фэйсбуку намесьнік старшыні СПБ Марцін Занеўскі, адносна лідэркі Саюзу палякаў Беларусі зьмененая мера стрыманьня, яна «ўжо не ў турме, са сваёй сям'ёй».

«Да Анжалікі ўжылі чарговую „прафіляктычную меру“. Маці Анжалікі Борыс прасіла Аляксандра Лукашэнку вызваліць яе дачку. Кіраўніца СПБ дзякуе ўсім за падтрымку і намаганьні», — напісаў Занеўскі.

Гаворка ідзе, імаверна, пра хатні арышт. Родная вёска Борыс, Грабяні, належыць да Адэльскага сельсавету, гэта каля самай мяжы з Польшчай, у памежнай зоне.

Як стала вядома Свабодзе, сама Борыс не пісала ніякіх прашэньняў аб памілаваньні. За кратамі яна была ад сакавіка 2021 году. Нягледзячы на зьмену меры стрыманьня, Борыс па-ранейшаму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Анжаліка Борыс — фігурантка «справы палякаў», у рамках якой былі арыштаваныя журналіст Андрэй Пачобут, а таксама актывісты Саюзу палякаў Беларусі зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Жанчын вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь. Пачобут і Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму.

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Борыс і Пачобута палітычнымі вязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG