Пошта і сувязь
Згодна з пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю ад 5 красавіка, даражэюць паслугі пошты і сувязі.
Абанэнцкая плата для тэлефонаў, пераведзеных на пагадзінную сыстэму аплаты размоваў, павялічыцца з 3,59 да 3,73 рубля і з 2,90 да 3,02 рубля, а пагадзінная плата за кожную хвіліну злучэньня — з 0,0073 да 0,0076 рубля.
Плата для тэлефонаў, не пераведзеных на пагадзінную сыстэму, вырасьце з 5,07 да 5,28 рубля, з 7,73 да 8,05 рубля і з 3,82 да 3,98 рубля.
Кошт хвіліны міжгародняга званка без дапамогі тэлефаніста падымецца з 0,0192 да 0,02 рубля, з дапамогай тэлефаніста — з 0,0288 да 0,03 рубля.
Акрамя таго, зьменяцца фіксаваныя тарыфы на паслугі паштовай сувязі агульнага карыстаньня, якія аказваюць фізычным асобам (акрамя ІП).
Так, перасылка ўнутраных простых адпраўленьняў — ліста або бандэролі масай да 20 грам, а таксама паштовай карткі — падаражэе з 0,60 да 0,62 рубля.
Зьменяцца і фіксаваныя тарыфы на паслугі паштовай сувязі агульнага карыстаньня, якія аказваюць юрыдычным асобам і ІП.
Тут перасылка ўнутраных простых адпраўленьняў — ліста або бандэролі масай да 20 грам, а таксама паштовай карткі — падаражэе з 0,50 да 0,52 рубля.
Транспарт
Берасьцейскі, Гомельскі, Горадзенскі і Менскі аблвыканкамы павысілі тарыфы на праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце.
Тарыфы на гарадзкія перавозкі пасажыраў і ручной паклажы тралейбусамі і аўтобусамі ў рэгулярных зносінах павышаны на 10 капеек за адну паездку.
Так, тарыф на гарадзкія перавозкі на звычайных і хуткіх маршрутах падаражэе з 70 да 80 капеек за паездку, а на экспрэсных — з 80 да 90 капеек за паездку. Пры продажы кіроўцам кошт талёнчыка павялічваецца яшчэ на 5 капеек.
Што да тарыфаў на прыгарадныя маршрутныя перавозкі пасажыраў, то яны павышаныя на 0,01 рубля за кілямэтар правозу. Тарыфы на прыгарадныя перавозкі за 1 км вырастуць на звычайных маршрутах — з 9 да 10 капеек. На экспрэсных — з 12 да 13 капеек. На хуткіх маршрутах і дадатковых рэйсах — з 11 да 12 капеек.
Офісная папера
Цана офіснай паперы ў Менску дасягнула 10 эўра за пачак у 500 аркушаў. Да пачатку крызісу і вайны такі пачак каштаваў удвая таньней, паведамляе officelife.media. Рэч у тым, што папера ў Беларусь пастаўлялася ў асноўным з Расеі, а кампаніі, якія яе выраблялі, сутыкнуліся з санкцыямі.
Цыгарэты
З 1 красавіка ў Беларусі падаражэлі некаторыя маркі цыгарэт. Падаражэньне закранула 186 марак. З гэтага ліку 59 вырабляе фабрыка «Нёман», 70 — ТАА «Тытунь-інвест», 20 — ТАА «Інтэр Табака», 37 — імпартуе дзяржаўнае прадпрыемства «Беларусьгандаль».
Цэны вырасьлі ў дыяпазоне ад 5 да 40 капеек.
Прадукты і паслугі
Індэкс спажывецкіх цэн у Беларусі ў сакавіку ў параўнаньні зь лютым перасягнуў 106 працэнтаў, а ў параўнаньні са сьнежнем 2021 году — 109,4 працэнта. Такія зьвесткі апублікаваў Белстат.
Гадавая інфляцыя ў сакавіку дасягнула 15,9%. На харчовыя тавары яна аказалася на ўзроўні 15,6%, а на нехарчовыя — 18,7%. Гадавая інфляцыя на паслугі была ў сакавіку на ўзроўні 12,7%.
Калі параўноўваць зь лютым, за месяц інфляцыя на прадукты склала 7,6%, на нехарчовыя тавары — 12,1%, а на паслугі — 8,9%.
Бытавая тэхніка
Цэны на некаторую электроніку і бытавую тэхніку з пачаткам вайны ва Ўкраіне вырасьлі на траціну. Такія дадзеныя ў сакавіку апублікаваў буйны маркетплэйс onliner.by.
Наколькі вырасьлі цэны на тавары ў шэрагу катэгорый:
- посудамыйныя машыны — 13%
- пральныя машыны — 7%
- мабільныя тэлефоны — 5%
- тэлевізары — 15%
- робаты-пыласосы — 15%.