Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы другі раз страцілі дом». Як беларусы ўцяклі ад рэпрэсій ва Ўкраіну і што робяць цяпер, калі ідзе вайна


Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

Што адбываецца зь беларусамі, якія раней эмігравалі ва Ўкраіну, падчас расейскага ваеннага нападу на Ўкраіну? Пра гэта яны расказалі журналісту «Настоящего времени».

Пасьля масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў у 2020 годзе беларусы вымушана выяжджалі за мяжу ад рэпрэсій. Многія — ва Ўкраіну.

«Настоящее время» пісала пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаліся там палітэмігранты, але паступова праблемы з дакумэнтамі вырашаліся і для многіх Украіна пасьпела стаць другім домам. А потым пачалася вайна. Расея ўварвалася ва Ўкраіну, а расейскія ракеты ляцяць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

«Беларусы зь сяброў ператварыліся ў пагрозу»

Дзьмітры Смірноў працаваў журналістам у TUT.BY — самым буйным незалежным інтэрнэт-СМІ Беларусі, якое ўлады закрылі ў траўні 2021 году. Яго галоўная рэдактарка Марына Золатава і некалькі супрацоўнікаў да гэтага часу ў СІЗА. Дзьмітрыю і ягонай жонцы Ірыне, фінансаваму мэнэджару выданьня, цудам удалося пазьбегнуць арышту.

«У канцы красавіка 2021 году жонцы ўзламалі Telegram. Хтосьці стварыў клон яе SIM-карты, атрымаў код і запусьціў акаўнт на іншых прыладах. Спэцыялісты сказалі, што зь верагоднасьцю ў 99% гэта зрабілі спэцслужбы. Мы вырашылі не выпрабоўваць лёс і зьезьдзіць у невялікі адпачынак у Кіеў. Узялі ўсяго два заплечнікі, торбу і паехалі, як мы тады думалі, на месяц, — апавядае Дзьмітры Смірноў. — А літаральна празь некалькі дзён TUT.BY закрылі, а каманду арыштавалі. Жонцы заблякавалі ўсе рахункі, і мы зразумелі, што калі вернемся, то, хутчэй за ўсё, нас таксама арыштуюць. Таму вырашылі застацца ў Кіеве».

Ірына адкрыла ў сталіцы Украіны ІП (стала індывідуальным прадпрымальнікам), а Зьміцер хутка знайшоў працу ва ўкраінскім СМІ, бо тады многія кампаніі ў знак салідарнасьці прапаноўвалі працу былым супрацоўнікам TUT.BY. Пара атрымала ВНЖ і ўжо зьбірала дакумэнты на пастаянны від на жыхарства (бацька Дзьмітрыя — родам з-пад Жытоміра), разумеючы, што ў найбліжэйшай пэрспэктыве ў Беларусь яны ня вернуцца.

Але 24 лютага пачалася вайна, якая перакрэсьліла ўсе пляны.

Наступствы абстрэлу Кіева расейскімі войскамі, 23 сакавіка 2022
Наступствы абстрэлу Кіева расейскімі войскамі, 23 сакавіка 2022

«У 5:30 раніцы я прачнуўся ад выбуху. Як цяпер я разумею, гэта была зьбітая ракета, якая ляцела ў аэрадром. Раніцай мы ўбачылі, як суседзі цэнтралізавана выходзяць з заплечнікамі і валізкамі са сваіх дамоў. Украінцы былі гатовыя да гэтага. Там нават нават дзецям у школах раздавалі памяткі, што з сабой узяць, калі раптам пачнецца вайна. Я ж у гэта ня верыў да апошняга. Увечары 23 лютага мы зь сябрам сядзелі ў кавярні і я яго супакойваў, што ўсё будзе добра. А на наступны дзень убачыў на фота пабітую шыбу гэтай самай кавярні... — успамінае Дзьмітры. — Нам патэлефанавалі сябры і сказалі, што ёсьць магчымасьць выехаць у Польшчу. Мы зноў сабралі тыя ж два заплечнікі і торбу і ўжо другі раз пакінулі свой абжыты дом».

Па дарозе да мяжы ўздоўж усёй трасы было шмат валянтэраў, якія частавалі ўцекачоў кавай, гарбатай, бульбай, яйкамі, шашлыкамі. У школе, дзе Дзьмітры з жонкай спыніліся на начлег, мясцовыя жыхары таксама зладзілі хатнюю кухню і накармілі «першай, другой стравай і кампотам».

Салідарнасьць з уцекачамі незалежна ад нацыянальнасьцяў была вялізная, расказвае Дзьмітры. Але на мяжы яму давялося ўпершыню сутыкнуцца зь іншым стаўленьнем:

«Памежнік, даведаўшыся, што я беларус, паставіў мяне ў канец самай доўгай чаргі і сказаў: „Едзь да свайго Лукашэнкі. Скажы дзякуй, што ўвогуле прапусьцім“. Я паказваў свой ВНЖ, пасьведчаньне, што я журналіст украінскага СМІ. Не дапамагло. Было азьвярэньне да беларусаў», — успамінае Зьміцер.

Тады ж яны даведаліся, што ўсе рахункі грамадзян Беларусі, нават зарплатныя карткі тых, хто пасьпеў атрымаць ВНЖ, ва Ўкраіне заблякавалі.

«З аднаго боку — гнаны ўцякач, з другога — злыдзень. Але за што? Розьніца паміж намі і такімі ж уцекачамі-ўкраінцамі толькі ў тым, што яны першы раз за год страцілі свой дом, а я — ужо другі раз».

У Польшчы жонка Дзьмітрыя паспрабавала адкрыць рахунак у банку, але атрымала адмову: супрацоўнік банка паведаміў, што ейны «ўзровень пагрозы» складае 8 з 10.

«Яна расплакалася і выбегла. І потым пыталася ў мяне: „За што? У мяне заблякавалі рахункі ў Беларусі, закрылі рахункі ва Ўкраіне, цяпер не даюць адкрыць у Польшчы. Што я зрабіла? Што працавала ў незалежным СМІ, што двойчы кідала свой дом?“. Вось так беларусы зь сяброў раптоўна ператварыліся ў пагрозу 8 з 10». У пачатку сакавіка Дзьмітрыю ўсё ж удалося адкрыць рахунак, бо ня ўсе банкі ў Польшчы адмаўляюць беларусам.

З усяго перажытага за апошнія паўтара года гэтае адчуваньне сябе ізгоямі стала найбольш балючым, кажа журналіст:

«Маё сумленьне чыстае. Я да апошняга працаваў у СМІ, які пацярпеў за сумленную пазыцыю. Мне сорамна за беларускую ўладу, але я зь ёй сябе не асацыюю. Тым ня менш я разумею, што ў Кіеве ў найбліжэйшы час беларусам будзе вельмі складана, — лічыць Дзьмітры. — Я прыняў рашэньне звольніцца з украінскага СМІ. Мяне ніхто не прымушаў, рэдактар усё разумее і падтрымлівае. Але я не хачу, каб потым ім казалі: вось, маўляў, у вас беларус працаваў. Не атрымаецца цяпер беларусам і ўкраінцам размаўляць так сама, як да 24 лютага. Ды і потым, мусіць, таксама. Украінцы вернуцца дадому. У мяне ж, хутчэй за ўсё, такога шанцу ня будзе. Таму што пастаянна падсьвядома будзеш думаць, што да цябе ставяцца ня так, як раней, а гэта цяжка. Зь Беларусі мяне вырвалі, як зуб, з коранем і крывёй. Там у мяне засталася дачка ад першага шлюбу, мама, да якіх я не магу прыяжджаць. У Кіеве я пусьціў новыя карані, пакахаў, захацеў застацца — і мяне зноў вырвалі».

Пакуль жыцьцёвыя пэрспэктывы няясныя і стан прыгнечаны, Зьміцер з жонкай вырашылі жыць сёньняшнім днём:

«У нашай здымнай кватэры ва Ўроцлаве ёсьць памяшканьне зь дзьвюма сьценамі, якія адгароджваюць нас ад вуліцы, мэталічныя ралеты на вокнах і падземная паркоўка ў доме. І гэта ўсё, што мне цяпер трэба. Мой узровень плянаваньня сёньня — купіць тушаніны ў падземны гараж. Гэта бяз жартаў».

«Многім беларусам давядзецца доўга вучыцца гонару і самапавазе»

Акушэр-гінэколяг Станіслаў Салавей за ўдзел у пратэстах супраць фальсыфікацый выбараў і гвалту двойчы быў арыштаваны, адседзеў адміністрацыйны арышт, а потым зь ім не працягнулі кантракту. Да таго ж Станіслаў быў адным з арганізатараў незалежнага прафсаюзу мэдыкаў, а таму сур’ёзна баяўся за сябе і сваіх калегаў:

«Вельмі вымотвала ўсьведамленьне таго, што я магу трапіць у турму, што могуць быць катаваньні, каб прымусіць раскрыць актывістаў прафсаюзнага руху. Даходзіла да таго, што я трэнаваўся супрацьстаяць гэтым катаваньням. У мяне ёсьць фобія: я баюся ўтапленьня. Я ведаў, што сілавікі часам ужываюць катаваньне, апускаючы галаву чалавека ў ваду. І я проста мэтадычна вучыўся затрымліваць дыханьне як мага даўжэй. К вясьне 2021 году ў мяне быў аварыйны чамадан на чужой кватэры на выпадак экстраных уцёкаў. А к лету я ўжо паўсюль насіў з сабой зубную шчотку, бялізну на выпадак арышту».

Але арышту ўдалося пазьбегнуць: у 2021 годзе доктар пакінуў Беларусь і пераехаў ва Ўкраіну. Сёньня Станіслаў працуе ў клініцы ў Адэсе. Калі пачалася вайна, ён вырашыў застацца ў атакаванай краіне, каб дапамагаць украінцам у іхнай барацьбе.

«У мяне ёсьць від на жыхарства, ёсьць папера, дзе напісана, што я супрацоўнік клінікі, якая працягвае працаваць падчас вайны. Але ці будзе гэтага дастаткова вайсковаму патрулю? Ці будуць яны слухаць тлумачэньні чалавека з пашпартам краіны, з чыёй тэрыторыі да іх ляцяць ракеты? Патрульных наўрад ці зацікавіць тое, што я змагаўся з рэжымам Лукашэнкі. Але я ўсё роўна зраблю гэты крок у ноч і пайду. Крок за крокам трэба пераадольваць свае страхі, калі ведаеш, дзеля чаго гэта ўсё», — кажа Станіслаў Салавей.

Доктар лічыць, што страх і маўчаньне многіх ягоных калег падчас пратэстаў у Беларусі «сталі звёнамі аднаго ланцуга, якія прывялі да гэтай вайны». Ён расказвае, як некаторыя ягоныя калегі-мэдыкі ў Беларусі і сёньня посьцяць фатаздымкі з чыноўнікамі Лукашэнкі, «нібыта нічога не адбываецца», і абураны такой пазыцыяй.

«Расейцам давядзецца прайсьці доўгі шлях усьведамленьня таго жаху, які робіць іх армія, і раскаяньня ў гэтым. Гэта і будзе сапраўдная дэнацыфікацыя, якая і пакладзе сапраўдны канец гэтай вайне. А многім беларусам давядзецца доўга вучыцца гонару і самапавазе, бо бяз гэтага жыць зусім брыдка», — напісаў доктар на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Быць беларусам у Беларусі — як украінцам у „ДНР“»

Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская ў дні беларускіх пратэстаў вывозіла параненых з вуліц, абʼяжджала лякарні і апытвала пацярпелых. Яе арыштавалі ў красавіку 2021 году праз крымінальнае абвінавачаньне ў арганізацыі беспарадкаў. Калі вярнулася зь СІЗА, даведалася, што ейнага мужа (грамадзяніна Ўкраіны) пабілі і разам з малалетнім сынам дэпартавалі зь Беларусі, а ёй забаранілі выезд з краіны. Тацяна ня бачыла сямʼю год. Знаходзячыся пад сьледзтвам, яна зноў выйшла пратэставаць на вуліцу 27 лютага 2022 году — на антываенны марш у цэнтры Менску — і была затрыманая. Пасьля допыту праваабаронцу адпусьцілі дадому. У сакавіку, калі ўжо ішла вайна, ёй удалося нелегальна, таемным шляхам пакінуць Беларусь і прыехаць да сямʼі ва Ўкраіну.

«За тыдзень вайны я зразумела, што не магу ня быць зь сямʼёй у гэтай бядзе. І, вядома, не магу ня быць яшчэ адным салдатам на ўкраінскім фронце ў гэтай нашай агульнай вайне. Таму што зараз зрынуць рэжым Лукашэнкі магчыма толькі пасьля перамогі Ўкраіны», — патлумачыла праваабаронца сваё рашэньне менавіта цяпер пераехаць зь Беларусі.

Цяпер Тацяна зь сямʼёй жыве ў горадзе Драгобыч Львоўскай вобласьці.

«Я адчуваю вялікае напружаньне ад невядомасьці і небясьпекі. Тут пакуль няма баявых дзеяньняў, але кожную ноч паветраныя трывогі, — расказвае яна. — Мы вырашылі не ўцякаць у падвалы, выдалілі аплікацыю на тэлефоне, таму што яна раве ноччу і будзіць. Лепш выспацца, чым марнаваць нэрвы на пастаянныя перабежкі ў сховішчы. Але шмат хто ў горадзе ўжо сьпіць у падвалах сваіх дамоў».

Тацяна Гацура-Яворская
Тацяна Гацура-Яворская

«Да беларусаў тут насьцярожанае стаўленьне, асабліва да мужчын, іх узмоцнена правяраюць», — дадае Тацяна. Яна адзначае, што многія беларусы сёньня адчуваюць віну за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, але сама яна яе не падзяляе:

«Я хутчэй адчуваю моцную прыкрасьць за позьняе прасьвятленьне грамадзтва. Усе гэтыя гады кіраваньня Лукашэнкі многія беларусы, ды і ўкраінцы, задавалі пытаньне, што дрэннага ў дыктатуры: маўляў, чысьціня, добрыя дарогі, чым вы не задаволеныя? Цяпер да многіх дайшло, чым страшная дыктатура. Дыктатары могуць разьвязаць вайну — і людзі ня змогуць на гэта ніяк паўплываць».

Таксама праваабаронца катэгарычна ня згодная з абвінавачваньнямі ў баязьлівасьці, якія гучаць у адрас беларусаў:

«На антываенны марш у Беларусі [27 лютага 2022 году] выйшла шмат людзей — я, шчыра, гэтага не чакала. Я ўбачыла, што, нягледзячы на няспынныя з 2020 году рэпрэсіі, у беларусах захоўваецца пратэставы патэнцыял: людзі не баяцца ні „сутак“, ні АМАПу і гатовыя выходзіць за каштоўнасьці. Украінцы не разумеюць, што быць беларусам у Беларусі — як быць украінцам у „ДНР“ ці „ЛНР“. Або як быць сёньня праўкраінскім актывістам у Херсоне, дзе крадуць людзей. У такім стане беларусы жывуць з жніўня 2020 году. Таму ўсе, хто там сёньня, — ніяк не баязьліўцы. Для мяне гэта самыя мужныя і прынцыповыя людзі, якія робяць усё, што ў іхных абмежаваных магчымасьцях».

Тацяна лічыць, што пачуцьцё віны лепей замяніць на пачуцьцё адказнасьці: «Мы павінны рабіць усё, што можам, каб выпраўляць сытуацыю». Сама яна зараз разам зь беларускай дыяспарай Італіі і Беларускім фондам мэдыцынскай салідарнасьці зьбірае сродкі для закупкі сыстэм вакуўмнай апрацоўкі ран для параненых украінскіх салдатаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG