Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне вельмі зьмяніў covid-19 і гвалт». Гісторыя лекара Станіслава Салаўя, які стаў не патрэбны беларускаму шпіталю


Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

Станіслаў Салавей працаваў у 3-м шпіталі ў Менску. Ён акушэр-гінэколяг і лекар УГД. Пасьля пяці гадоў працы Станіслаў стаў «не даспадобы» начальству, бо «прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах». Цяпер ён зноў лечыць людзей, але ва Ўкраіне.

«Ніводнай скаргі ад пацыентаў, толькі падзякі»

Апроч працы гінэколягам і лекарам ультрагукавой дыягностыкі, Станіслаў быў асьпірантам катэдры акушэрства і гінэкалёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Таксама ён працаваў ардынатарам па анкахірургіі РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі.

Працоўны кантракт яму не працягнулі ў 3-м шпіталі.

«Я заўсёды быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва. Бо, бязь сьціпласьці, я даволі моцны лекар у сваім профілі, прычым адносна ўнівэрсальны — апэратыўная гінэкалёгія, акушэрства, пасьляродавыя ўскладненьні. Ніводнай скаргі ад пацыентаў, толькі падзякі. Ніводнага спагнаньня ад кіраўніцтва. У жніўні 2020 году маім асабістым трыгерам стаў гвалт. І covid-19. Дакладней, стаўленьне да вірусу з боку ўлады. І я выйшаў», — кажа Станіслаў.

Ён выйшаў на вуліцу ў «ланцуг салідарнасьці» разам з калегамі-лекарамі. Але тады рэпрэсій з боку кіраўніцтва не было. Станіслаў кажа, што наадварот — «галоўны лекар тады была на нашым баку, мы нават напісалі калектыўны зварот, дзе асуджалі гвалт».

У верасьні лекара затрымалі на акцыі. Ён адбыў у Жодзіне паўтара сутак і атрымаў штраф.

«Галоўны лекар і калегі мяне падтрымлівалі. У лістападзе я трапіў ужо на 15 сутак — пасьля акцыі ў падтрымку арыштаваных студэнтаў. Калі я выйшаў, адносіны да мяне з боку галоўнага лекара зьмяніліся кардынальна. А пасьля майго выхаду зь дзяржаўнага прафсаюзу мне намякнулі, што такія лекары клініцы не патрэбныя. Пасьля прысуду лекару Арцёму Сарокіну — за „нуль праміле“ — мы, ягоныя калегі, напісалі адкрыты ліст старшыні праўладнага прафсаюзу і сабралі каля 400 подпісаў, адкрылі і інтэрнэт-пэтыцыю. Я зьбіраў подпісы ў сваім шпіталі, у непрацоўны час — пазьней мне гэта прыпомнілі. Плюс я ўступіў у незалежны прафсаюз. Галоўны лекар выклікала мяне і „прапанавала“ звольніцца „па-харошаму“, або мне „дапамогуць“, ды яшчэ і „напішуць куды трэба“, — дадаў Станіслаў.

Тую размову з галоўным лекарам ён зрабіў публічнай — напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook. У хуткім часе Станіслаў узяў удзел у выставе „Машына дыхае, а я — не“. Тую выставу ўлады зачынілі, а яе арганізатараў затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА, у тым ліку кіраўніцу арганізацыі „Зьвяно“ Тацяну Гацуру-Яворскую.

Станіслаў Салавей кажа, што ўвесь гэты час працягваў дабівацца справядлівасьці, і ўрэшце гэта скончылася для яго звальненьнем.

„Яшчэ я пісаў скаргі ва ўпраўленьні аховы здароўя і ў Міністэрства на несправядлівыя дабаўкі лекарам за covid-19. Бо нам няправільна налічылі надбаўкі за каранавірус“, — расказвае ён. — Хоць у нас кадравы голад, замяніць мяне асабліва няма кім, калектыў мяне цаніў — але я атрымаў папярэджаньне, што кантракт са мной не працягнуць».

На кароткі час удалося ўладкавацца ў платную клініку.

«Я прынёс ліст ад той клінікі да галоўнага лекара 3-га шпіталя, але яна адмовілася аформіць мне перавод. Дапрацаваў кантракт, пайшоў у тую клініку на працу, але там, мякка кажучы, ня выйшла з працай, — расказвае доктар. — Ад мяне запатрабавалі выйсьці са свабоднага прафсаюзу, ды яшчэ і перадалі, што мяне могуць арыштаваць у адваротным выпадку. Што сказаць? Так я апынуўся ва Ўкраіне».

«Актыўна адстойвае свае інтарэсы ў вышэйстаячых інстанцыях»

Ад галоўнага лекара Станіслаў атрымаў на разьвітаньне характарыстыку, якую назваў «шэдэўрам».

Вось якую характарыстыку напісала на яго галоўны лекар.

«Зарэкамэндаваў сябе кваліфікаваным спэцыялістам. Яго падыход да працы — прафэсійны, праца накіравана на павышэньне якасьці лячэбна-дыягнастычнага працэсу. У сваю практыку ўвёў і шырока прымяняе ляпараскапічныя мэтодыкі дыягностыкі і лячэньня. Вялікую ўвагу аддае навуцы. Атрымліваў прэмію за навуковую дзейнасьць. Уважлівы да пацыентаў», — так апісала лекара галоўны лекар 3 шпіталя Натальля Саевіч.

Характарыстыка, якую напісала галоўны лекар 3 шпіталя Натальля Саевіч.
Характарыстыка, якую напісала галоўны лекар 3 шпіталя Натальля Саевіч.

Але далей пра лекара Салаўя яна піша ў характарыстыцы наступнае:

«Зь верасьня 2020 году прымае актыўны ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, накіраваных супраць ініцыятыў дзейнай улады». «Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, у тым ліку да арышту на 15 сутак. Выказвае асабістае бачаньне палітычнай сытуацыі ў інтэрнэт-рэсурсах, крытыкуючы пазыцыю кіраўніцтва ўстановы. Арганізаваў збор подпісаў работнікаў установы ў падтрымку незаконна затрыманых, на яго думку, калегаў, прычым не паведамляў пра гэта кіраўніцтву. Актыўна адстойвае свае інтарэсы ў вышэйстаячых інстанцыях, у тым ліку ў судзе. Высокай думкі пра сябе. Супярэчлівы ў сьветапоглядзе і самім сабе. Не прызнае аўтарытэтных рэкамэндацый, ігнаруе агульнапрынятыя нормы і правілы. Мае жаданьне ставіць свае інтарэсы вышэй за астатніх».

Цяпер Станіслаў працуе ва Ўкраіне. Кажа, што беларускіх лекараў тут цэняць.

«Тым больш у мяне вельмі запатрабаваная спэцыяльнасьць. Умовы тут лепшыя, чым у Беларусі — і па заробку, і па апаратуры, на якой працуеш. Ёсьць, натуральна, бюракратычныя цяжкасьці, але калі наймальнік у табе зацікаўлены — то дапаможа з паперамі», — кажа Станіслаў Салавей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG