Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія салдаты, якіх вінавацяць у злачынствах у Бучы, трапілі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі


Масавае пахаваньне каля царквы ў Бучы. 3 красавіка 2022
Масавае пахаваньне каля царквы ў Бучы. 3 красавіка 2022

Свабода разьбіралася, як ва Ўкраіну трапілі расейскія вайскоўцы, якіх вінавацяць у ваенных злачынствах супраць мірнага насельніцтва ў Кіеўскай вобласьці. Цяпер яны могуць знаходзіцца ў Беларусі.

2 і 3 красавіка ўкраінскія і сусьветныя СМІ апублікавалі фота і відэа, зробленыя ў прыгарадзе Кіева Бучы пасьля адыходу адтуль расейскіх акупацыйных войскаў. На здымках можна пабачыць дзясяткі трупаў мірных жыхароў.

Мясцовыя жыхары і ўкраінскія ўлады сьцьвярджаюць, што частка з ахвяр былі закатаваныя альбо забітыя са зьвязанымі за сьпінай рукамі стрэламі ў патыліцу.

Дарадца Офісу Ўладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч неўзабаве пасьля публікацыі гэтых сьведчаньняў зьмясьціў у сваіх сацсетках сьпіс зь пералікам расейскіх вайсковых частак, якія знаходзіліся на тэрыторыі Бучы, Ірпяня і іншых гарадоў-спадарожнікаў Кіева. Расказваем пра іх падрабязьней.

У апублікаваным Арастовічам пераліку больш за дзясяць вайковых і паліцэйскіх фрмаваньняў:

  • 64-я асобная мотастралковая брыгада 35-й арміі Ўсходняй вайсковай акругі.
  • 5-я асобная танкавая брыгада 36-й арміі Ўсходняй вайсковай акругі;.
  • 331-і парашутна-дэсантны полк 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі.
  • 137-ы парашутна-дэсантны полк 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі.
  • 104-ы і 234-ы дэсантна-штурмавыя палкі 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі.
  • 14-я і 45-я асобныя брыгады спэцыяльнага прызначэньня.
  • 63-і атрад паліцыі асаблівага прызначэньня Расгвардыі.
  • 155-я асобная брыгада марской пяхоты Ціхаакіянскага флёту.
  • 74-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада.
  • 31-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада.
  • 141-ы спэцыяльны матарызаваны полк імя Кадырава.

Арастовіч не ўдакладняе крыніцу інфармацыі пра магчымую датычнасьць згаданых ім расейскіх падразьдзяленьняў да вайсковых злачынстваў у Бучы. У камэнтарах да яго допісу зьяўляюцца паведамленьні пра тое, што сьпіс вайсковых частак, якія былі заўважаныя на падыходах да Кіева, можа павялічыцца. Як мінімум частка са згаданых у сьпісе Арастовіча расейскіх вайсковых злучэньняў заходзілі ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі і цяпер могуць знаходзіцца ў Беларусі.

Дэсантнікі і «кадыраўцы»

Гэта найперш 331-ы дэсантны полк 98-й дывізіі з Кастрамы.

З афіцыйных крыніц і СМІ вядома, што ён удзельнічаў у баях у ваколіцах Кіева, куды трапіў празь беларускую тэрыторыю. Пра гібель шэрагу вайскоўцаў з гэтага палка паведамлялі расейскія мэдыя, у тым ліку пра сьмерць ягонага камандзіра Сяргея Сухарава.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, пад Кіевам загінулі больш за 100 яго вайскоўцаў (агульная колькасьць — каля 1500 чалавек. — РС).

Пра тое, што вайскоўцы 98-й дывізіі знаходзіліся ў Беларусі яшчэ да пачатку вайны, афіцыйна паведамляла Мінабароны Беларусі.

Акрамя гэтага, з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну, у тым ліку ў Бучу, маглі трапіць марскія пехацінцы з Уладзівастоку, якія служаць у 155-й асобнай брыгадзе Ціхаакіянскага флёту. Пра іх разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі Мінабароны Беларусі афіцыйна не паведамляла, аднак зьвесткі пра гэта былі апублікаваныя Мінабароны Расеі яшчэ 25 студзеня. У публікацыі расейскага ведамства не называецца нумар падразьдзяленьня марскіх пехацінцаў, аднак на Далёкім Усходзе Расеі дысьлякуюцца толькі дзьве такія часткі, пра магчымы ўдзел вайскоўцаў адной зь іх у ваенных злачынствах паведамляе ўкраінскі бок.

Пра тое, што ў Беларусь з Уладзівастоку прыбылі менавіта дэсантнікі са згаданай Арастовічам часткі, гаворыцца ў сюжэце беларускага «ВоенТВ».

Вядома таксама, што зь Беларусі ва Ўкраіну трапілі салдаты 141-кга спэцыяльнага матарызаванага палка імя Ахмата Кадырава, байцоў якога яшчэ называюць кадыраўцамі. Пры гэтым у сацсетках чачэнцаў, якія там служаць, падчас і пасьля баявых дзеяньняў у Бучы, Гастомелі і Ірпяні зьяўляліся шматлікія фота і відэа, зробленыя ў Гомлі і Мазыры.

Украінскія СМІ паведамлялі пра сьмерць камандзіра гэтага палка і асабістага сябра Рамзана Кадырава Магамеда Тушаева, аднак пазьней гэтая інфармацыя не пацьвердзілася. Пра тое, што чачэнскія салдаты з канца студзеня прысутнічаюць на беларускай тэрыторыі, паведамлялі таксама і крыніцы ў Беларусі.

Дзе цяпер вайскоўцы згаданых Арастовічам частак

Вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Кіеўскай вобласьці пачаўся ў канцы сакавіка і працягнуўся ў першыя дні красавіка.

Падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Украіны ўвайшлі на тэрыторыю Бучы, Ірпяню, Гастомелю і іншых былых акупаваных гарадоў 2 красавіка. Як паведамляе афіцыйны Кіеў, акупацыйных войскаў на тэрыторыі Кіеўскай вобласьці больш няма.

Адзіны магчымы шлях адступленьня для расейскіх войскаў ад Ірпяню, Гастомелю і Бучы пралягае праз тэрыторыю Беларусі — у кірунку Чарнобылю, Камарына і Брагіна альбо праз Іванкаў, Нароўлю і Мазыр.

Як паведамляюць крыніцы Свабоды ў згаданых беларускіх гарадах, ад пачатку красавіка там павялічылася колькасьць расейскіх вайскоўцаў. Іх заўважаюць у Мазыры і Нароўлі ў тым ліку з прывезенымі, як мяркуецца, з тэрыторыі Ўкраіны рэчамі — электрасамакатамі, роварамі, бытавой тэхнікай і іншым.

3 красавіка ў тэлеграм-канале Motolkohelp быў разьмешчаны трохгадзінны запіс з камэраў назіраньня аднаго з пунктаў адпраўкі паштовых пасылак . На відэа відаць расейскія салдаты, якія адпраўляюць пасылкі ў РФ. Пры гэтым у некаторых зь іх можна ідэнтыфікаваць нашыўкі 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палка УС РФ. Сярод сьпісу частак, апублікаваных Аляксеем Арастовічам, гэтага злучэньня няма.

У першыя дні красавіка з Нароўлі і Калінкавічаў прыходзілі паведамленьні пра тое, што выведзеную з Украіны расейскую тэхніку часткова грузяць на чыгуначныя плятформы і вывозяць у паўночным кірунку.

Вядома таксама пра перамяшчэньні расейскіх вайсковых калёнаў па тэрыторыі Беларусі ад Нароўлі і Мазыра ў паўночным і паўночна-ўсходнім кірунку. Інфармацыі пра масавы вывад расейскіх войскаў зь Беларусі, якія знаходзяцца там з канца студзеня, зьвестак няма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG