Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«П’юць, прадаюць мясцовым нарабаванае ва Ўкраіне». Што апавядаюць пра расейскіх вайскоўцаў на Гомельшчыне


Расейскія танкі ў Гомлі, 30 сакавіка
Расейскія танкі ў Гомлі, 30 сакавіка

Свабода пагутарыла з жыхарамі Гомельскай вобласьці пра прысутнасьць там расейскіх вайскоўцаў, тэхнікі і нябожчыкаў

«Расеец даў мне агітку пра тое, што яны нясуць мір»

Шмат расейскай тэхнікі і вайскоўцаў было 29 сакавіка ў Брагінскім раёне. «Калёны танкаў, БТР і „Ўралаў“ былі бясконцымі. Я спрабаваў размаўляць з расейскімі вайскоўцамі, але яны былі вельмі злосныя. Наколькі я даведаўся, ім забаронена кантактаваць з намі, называць свае нейкія зьвесткі», — расказаў жыхар Брагінскага раёну.

Расейскі вайсковец даў яму агітацыйную ўлётку. Там напісана: «Паважаныя таварышы, сябры, нам ня трэба вайна!». «Мы не зьбіраемся нападаць і бамбіць гарады. Мы прыйшлі змагацца не з украінскім народам, а з нацыяналістамі, ад рук якіх гінуць мірныя людзі. Аднойчы мы перамаглі фашызм і ня маем права здаваць пазыцыі».

Улётка ад расейскага салдата
Улётка ад расейскага салдата

«Паводзяць сябе як гаспадары жыцьця»

Максім (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) называе сытуацыю з прысутнасьцю расейцаў у Мазыры «жахам».

«Расейцы паводзяць сябе ў Мазыры як гаспадары жыцьця. Каля вёскі Бокаў Мазырскага раёну ў іх аэрадром і лягер, там іх вельмі шмат. Адзін мясцовы гуляў там — дык яго спынілі расейцы, пачалі чапляцца: „Што ты тут ходзіш, што ты тут робіш“. Акружылі яго і выклікалі КДБ. Яго везьлі на допыт, прыставіўшы да боку пісталет», — распавёў жыхар Мазыра.

Ён кажа, што ў затрыманага не знайшлі нічога, апроч падпіскі на нейкі тэлеграм-канал, таму «абышлося „суткамі“».

«Сьпяць у хлявах, ня мыюцца, таму такі смурод ад іх»

«Натоўпы іх у крамах, ходзяць па барах. Чапляюцца да людзей. Адзін наш прыяцель мае доўгія валасы. Дык да яго ў бары прычапіўся расейскі вайсковец. Маўляў, ты чаго маеш такія доўгія валасы? У нас бы за такое забілі! Недзе там „у іх“, ці ў Чувашыі, ці ў Забайкальлі. Яшчэ такая адметнасьць — ад іх моцна сьмярдзіць, па паху можна зразумець, калі заходзіш у краму, што яны тут. Бо, думаю, яны ня мыюцца. Камандзіры жывуць у нармальных умовах — у гатэлі „Прыпяць“. Жаўнеры — у лесе ў намётах і нават у хлявах. У вёсцы Прудок яны жывуць у хлявах фэрмы. Там сьпяць на дыванках. Можа таму і такі смурод ад іх», — разважае Максім.

Ён кажа, што ў моргах Мазыра цяпер няма трупаў расейцаў — «іх адразу грузяць і некуды вывозяць».

«Калі іх выносяць і вывозяць, то людзей не пускаюць у прыёмны пакой. Яшчэ і ачапленьне ставяць. Я ня ведаю, хто гэта, яны ў цывільным. Лекары нічога не апавядаюць, ім забаранілі. Ім нават сказалі, што калі хто будзе цікавіцца, дакладаць кіраўніцтву», — дадаў мазыранін.

«Прадаюць нарабаванае ва Ўкраіне і паліва»

Ільля (імя зьмененае. — РС) жыве ў Мазыры і штодзень бачыць расейскія самалёты ў небе, вайскоўцаў — на вуліцах роднага гораду.

«Кіроўцы іхныя прадаюць дызэльнае паліва — па 15 рублёў за каністру. Яны вязуць „трафэі“ з Украіны, нарабаванае, і прапаноўваюць на продаж мясцовым жыхарам. Лядоўні, бытавую тэхніку, аўташыны, ды што толькі пад рукі пападзецца», — кажа Ільля.

«Добрага нічога не скажу. Непрыемна, калі нашы дзяўчаты „зь невысокай сацыяльнай адказнасьцю“ гуляюць зь імі. Ня ведаю, дзе яны знаёмяцца — ці на вуліцы, ці ў інтэрнэце. Бойкі ўчыняюць, калі п’яныя, у барах», — дадаў мясцовы жыхар.

«Бяруць у асноўным гарэлку, „сьнікерсы“, „ролтаны“, цыгарэты»

Шмат тэхнікі і расейскіх вайскоўцаў у Нароўлі. Тут таксама разьмешчаны палявы шпіталь. Параненым расейцам тут аказваюць першую дапамогу. Потым іх вязуць у Мазыр ці Гомель. Трупы адпраўляюць у Расею.

«Палявы шпіталь ахоўваюць звонку расейскія салдаты. Пэўна, каб ніхто не фатаграфаваў. Туды лятаюць верталёты ў асноўным. Шмат іх кружляе і над Нароўляй, прычым лятаюць вельмі нізка», — кажа жыхар Нароўлі.

Ён заўважыў, што расейцы «удасканалілі» сваю тэхніку.

«Машыны „зашылі“ бярвеньнем, зьверху галінкі ляжаць, наварылі на дзьверы і на паліўны бак жалезьзе — відаць, каб не прастрэлілі», — падзяліўся назіраньнямі жыхар раённага цэнтру.

Кажа, што падбітую расейскую тэхніку рамантуюць у Нароўлі.

«У краме стаў сьведкам — расеец набраў гарэлкі і віна, а картка не працуе. Пайшоў, паставіў усё назад. Але большасьць купляе ўсё. У асноўным і шмат бяруць гарэлкі. Таксама „сьнікерсы“, „ролтаны“, цыгарэты», — дадаў жыхар Нароўлі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG