Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завочныя суды, страта грамадзянства і прапанова стаць на калені. Чым беларускія ўлады пагражалі рэлякантам і як завабліваюць іх назад


Беларуска-польская мяжа, памежны пераход “Брузгі-Кузьніца"
Беларуска-польская мяжа, памежны пераход “Брузгі-Кузьніца"

Улады Беларусі прыдумалі шэраг ініцыятываў, каб ускладніць жыцьцё беларускім рэлякантам. Глядзім, чым ім пагражаюць.

30 сакавіка ўлады Беларусі прыдумалі новую ініцыятыву, якая ўскладняе жыцьцё беларусам, што выехалі з краіны.

Улады хочуць прызнаць «дармаедамі» ўсіх беларусаў, якія выехалі з краіны больш як на 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы. Гэта значыць, давядзецца аплачваць поўную камуналку. Такая мера будзе распаўсюджвацца на ўсіх беларусаў, хто выехаў з 1 сакавіка.

Ёсьць і выключэньні: выезд за мяжу на лячэньне (павінны быць усе даведкі), праца ў дыпляматычных прадстаўніцтвах і консульствах, афіцыйная праца на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Фонд сацабароны будзе штомесяц складаць сьпісы звольненых і пакуль не прынятых на працу і перадаваць іх у Мінпрацы.

Прыгадваем, а як яшчэ ўлады ўскладнялі жыцьцё беларускім рэлякантам.​

Пазбаўленьне грамадзянства

Яшчэ ў лістападзе 2020 году беларускія ўлады пачалі пагражаць беларусам пазбаўленьнем грамадзянства. Першымі гэтую ідэю агучылі беларускія сілавікі. На іх думку, пазбаўляць грамадзянства варта тых беларусаў, якія зьехалі з краіны і з-за мяжы «наносяць шкоду Беларусі».

Забарона на вяртаньне

У лістападзе 2020 году Лукашэнка прапаноўваў не пускаць назад у Беларусь грамадзянаў, якія «пакінулі краіну ў гэты няпросты час». Тады ў Беларусі яшчэ працягваліся пратэсты.

«Паехалі туды вучыцца — няхай вучацца, працаваць — няхай працуюць. Мы ж не перашкаджалі гэтаму. Таму няхай там працуюць і вылечваюцца», — заявіў ён.

Забарона на галасаваньне

На рэфэрэндуме па зьменах у Канстытуцыю, які прайшоў у Беларусі 27 лютага, беларусы замежжа не маглі галасаваць. ЦВК Беларусі прыняў рашэньне проста не ствараць за мяжой участкі для галасаваньня.

Пагрозы канфіскаваць маёмасьць

Ад беларускіх сілавікоў час ад часу гучаць прапановы канфіскоўваць у беларусаў, якія зьехалі за мяжу, маёмасьць, якая засталася ў Беларусі.

З прапановай канфіскоўваць уласнасьць у «непажаданых» грамадзян выступіла Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Начальнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын расказаў пра гэта ў інтэрвію «Мінскай праўдзе» 23 лістапада мінулага году.

Ён заявіў, што яго ведамства разам зь іншымі дзяржаўнымі органамі рыхтуе шэраг заканадаўчых ініцыятыў, накіраваных на гарантаваньне нацыянальнай бясьпекі дзяржавы. Сярод іх — пазбаўленьне грамадзянства «экстрэмістаў», безумоўная адміністрацыйная адказнасьць за падпіску на інтэрнет-рэсурсы, прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі, а таксама прапанова адбіраць у «экстрэмістаў» уласнасьць.

Завочна судзіць тых, хто зьехаў

З прапановай завочна судзіць тых беларусаў, якія зьехалі за межы краіны, Лукашэнка выступіў 8 лютага на паседжаньні Савету бясьпекі.

Папраўкі ў закон, якія даюць магчымасьць судзіць тых, хто зьехаў зь Беларусі, бязь іх прысутнасьці, абмяркоўваліся і раней. Размова ішла пра тых беларусаў, якія пасьля пратэстаў зьехалі за мяжу. Ініцыятыва паходзіла ад Сьледчага камітэту, пазьней яе падтрымалі Вярхоўны суд і Генэральная пракуратура.

«Будзе горш»

Вельмі часта пагрозы беларусам, якія зьехалі за мяжу, гучаць ад Лукашэнкі. Напрыклад, у сваім пасланьні народу і парлямэнту 28 лютага ён прапанаваў беларусам вярнуцца дадому і стаць на калені, а пасьля сесьці ў турму.

«Мая вам парада: дадому, кайцеся і станавіцеся на калені. Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду. Хаця б часткова, бо на тое, што вы нарабілі, ня хопіць ні вашай уласнасьці, ні ўсяго таго, што вы напрацуеце наперад за сваё жыцьцё. Каму трэба, хто гэта заслужыў па законе, адседзіце ў месцах ня так аддаленых. Далей будзе горш. Таму паўзком на каленях, дадому», — сказаў Лукашэнка.

Для разгляду справаў беларусаў, якія выехалі з краіны, Лукашэнка прапанаваў стварыць камісію, у якую ўвойдзе дзяржаўны прапагандыст Грыгоры Азаронак.

Журналістам невядома ніводнага выпадку, каб нехта зь беларусаў скарыстаўся такой прапановай.

Дакладных зьвестак пра колькасьць беларусаў, якія пакінулі краіну праз палітычны крызіс і рэпрэсіі, няма. Экспэрты называюць лічбы ад дзясяткаў тысяч да сотняў тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG