Па стане на ліпень 2024 году больш за 62 тысячы беларусаў займелі дазвол на жыхарства ў Літве. Але за 6 месяцаў 2024-га прырост склаў усяго 368 чалавек. Літва зь лета 2024 году зрабіла больш жорсткімі правілы прыёму на працу іншаземцаў. Тыя, хто хоча працаваць у гэтай краіне, цяпер мусяць атрымаць дазвол на жыхарства
Па выніках першай паловы 2024 году дзейны польскі дазвол на жыхарства маюць больш за 131 тысячу беларусаў. Але гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальнай прысутнасьці беларусаў у Польшчы. Некаторыя цяпер у чаканьні атрыманьня ДНЖ, іншыя прыехалі паводле «карты паляка», яшчэ адна група магла атрымаць ужо і польскае грамадзянства. Між тым аналітыкі Picodi палічылі, грунтуючы свае разьлікі на аналізе дадзеных уліку насельніцтва Pesel (польскі ідэнтыфікацыйны нумар), што на 1 студзеня 2024 году ў Польшчы жылі каля 310 тысяч беларусаў.
Хто можа атрымаць гуманітарны дазвол на жыхарства ў Польшчы
Гуманітарны дазвол на жыхарства ў Польшчы пачалі выдаваць зь лета 2022 году. Яго могуць атрымаць далёка ня ўсе беларусы. Ён дасяжны толькі для тых, хто мае гуманітарную візу. Для атрыманьня такога ДНЖ патрабуецца мінімум дакумэнтаў — заява, фатаздымкі, пашпарт зь візай. Аплату за атрыманьне такога ДНЖ не бяруць, у адрозьненьне ад студэнцкага ці працоўнага ДНЖ.
Плюс гуманітарнага ДНЖ у тым, што чалавек мае доступ да рынку працы, можа мяняць працадаўцаў і нікому не даваць справаздачы пра гэта. Пры працоўным ДНЖ чалавек «прывязаны» да пэўнага працадаўцы. Калі ж ён яго зьменіць, то мае пэўны тэрмін, каб знайсьці іншага, ня страціўшы ДНЖ.
Юрыстка WKB Lawyers, сузаснавальніца ініцыятывы «Партызанка» Ганна Маціеўская у камэнтары Свабодзе зьвяртае ўвагу, што гуманітарным гэты тып ДНЖ назвалі самі беларусы. Па польскім заканадаўстве гэта «дазвол на жыхарства з іншых прычынаў», таму гэты тып дазволу адносіцца да эканамічнай групы. Па словах юрысткі, аснова атрыманьня такога дазволу — наяўнасьць гуманітарнай візы.
«Трэба разумець, што нават тыя беларусы, якія выяжджаюць з краіны па палітычных матывах, не заўжды маюць гуманітарную візу. Яны могуць мець, напрыклад, працоўную ці ехаць па „карце паляка“. Таму такі мінус, што яна не для ўсіх», — кажа Ганна Маціеўская.
Цяпер гуманітарную візу ў Беларусі атрымаць магчыма, але вельмі складана. Гэта зьвязана зь «візавым скандалам», які разгарэўся ў Польшчы і дагэтуль расьсьледуецца.
Юрыстка раіць беларусам, якія «праз палітыку» пакінулі Беларусь, разглядаць магчымасьць падачы на міжнародную ахову, бо яна лепш забясьпечвае інтарэсы беларусаў.
Паводле Ганны Маціеўскай, гуманітарны ДНЖ «лепшы» за працоўны тым, што не патрабуе ніякіх іншых дакумэнтаў пры падачы. Першыя ДНЖ для індывідуальных прадпрымальнікаў (не працоўныя ДНЖ) выдаюць найчасьцей на 1 год, а па працы — найчасьцей да канца дзеяньня кантракту, які на практыцы карацейшы за 3 гады.
Пры падачы на працоўны ДНЖ трэба мець страхоўку ў Польшчы, дакумэнты ад працадаўцы, кантракт зь ня меншым за мінімальны заробкам і, што вельмі важна, пасьля выдаткаў на кватэру павінна заставацца сума мінімальнага пражытковага мінімуму, прадугледжанага заканадаўствам.
Перавага гуманітарнага ДНЖ у тым, што ён, у адрозьненьне ад працоўнага, даецца на фіксаваны тэрмін, 3 гады. Мінус у тым, што пасьля трох гадоў яго нельга працягнуць.
Далей беларус можа падацца на працоўны ДНЖ (пры наяўнасці працы) ці студэнцкі (калі паступіць вучыцца), на сталы побыт (калі мае на гэта падставы, напрыклад польскія карані ці «карту паляка»), або падацца на міжнародную абарону і атрымаць часовы дазвол на жыхарства па ёй.
«Наколькі я ведаю па выніках паседжаньня працоўнай групы ў Міністэрстве замежных спраў, польскі бок не зьбіраецца працягваць гуманітарны ДНЖ больш чым на выдадзеныя 3 гады», — зазначыла юрыстка.
Ганна Маціеўская зьвяртае ўвагу, што гуманітарны ДНЖ можа быць ануляваны — за нямэтавае выкарыстаньне ці нелегальную працу на тэрыторыі Польшчы. Справа можа дайсьці нават да дэпартацыі. Пры наяўнасьці міжнароднай абароны складаней «арганізаваць» дэпартацыю.
«Гэта значыць, у вас большыя магчымасьці быць дэпартаваным, калі маеш гуманітарны ДНЖ», — дадала Ганна Маціеўская.
Гуманітарны ДНЖ можна атрымаць за 4-6 месяцаў. Працоўны, былі выпадкі, людзі чакалі і па годзе. За гэты год ты можаш зьмяніць працадаўцу, і тады давядзецца працэс пачынаць з нуля. З гуманітарным можна спакойна мяняць працу.
Беларусы маюць права падацца ў Польшчы на міжнародную абарону. Да атрыманьня рашэньня заяўнік мае права на некаторыя фінансавыя выплаты (каля 750 злотых) і бясплатную мэдыцынскую дапамогу. Пасьля атрыманьня станоўчага рашэньня ён мае часовы дазвол на жыхарства з доступам да рынку працы на 2 гады. Пазьней ДНЖ можна працягнуць яшчэ на 2 гады. Таксама беларус са статусам міжнароднай абароны мае права на ўдзел у праграме інтэграцыі з доступам да курсаў польскай мовы і фінансавай падтрымкай на працягу году.
Складанасьці ў беларусаў у Ніжняй Сылезіі
Беларусы, якія жывуць у Польшчы і выбралі месцам жыхарства рэгіён Ніжняя Сылезія, маюць найбольшыя складанасьці з атрыманьнем як картаў побыту (дазволаў на жыхарства), так і праязных дакумэнтаў. Чакаць карту побыту ці праязны дакумэнт даводзіцца гадамі. Улічваючы той факт, што праязны дакумэнт даецца тэрмінам на 1 год. Беларусы пісалі скаргі, хадзілі ў суды, зьвярталіся да польскіх журналістаў. Аж улетку 2024 году самі ўлады прызналіся: праблемы ёсьць.
Ужонд (адміністрацыю) ва Ўроцлаве праверылі, і аказалася, што там 60 тысяч заяў на карту побыту «завісьлі». Са студзеня па травень ва Ўпраўленьні Ніжнесылезкага ваяводзтва працавала аўдытарская група. Яна вывучыла працу дзяржаўных службоўцаў і выявіла мноства парушэньняў.
З 2015-га па 2023 год іншаземцы падалі больш за 256 тысяч заяў на ДНЖ. Рэзалюцыі вынесьлі ў 221 тысячы спраў, незавершанымі засталося каля 35 тысяч кейсаў. Сярод заяў на сталы дазвол на жыхарства на канец 2023 году «завісла» 3700 спраў, на карту рэзыдэнта ЭЗ — 4006.
Справамі іншаземцаў займаецца каманда з 80 чалавек. Такім чынам, на аднаго супрацоўніка ў сярэднім прыпадае 945 кейсаў. Ваявода падаў заяўку на дадатковыя 50 пасадаў. Упраўленьню прызначылі штраф у 17 мільёнаў злотых.
Што з дазволамі на жыхарства ў Літве
Гуманітарны дазвол на жыхарства ў Літве з 2024 году пачалі даваць на тры гады, а не адзін, як было раней. Па словах старшыні Камітэта замежных спраз Сейма Літвы і кіраўніка групы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантаса Павілёніса, беларусаў, якія могуць разьлічваць на такі тып ДНЖ, у Літве ня менш за 750 чалавек.
Гуманітарны ДНЖ у Літве дае магчымасьць падарожнічаць у зоне Шэнген 90 дзён кожныя 180 дзён, адкрывае доступ да рынку працы безь неабходнасьці атрымліваць дазвол на працу, дае магчымасьць весьці індывідуальную працоўную дзейнасьць, атрымаць праязны дакумэнт
Разам з тым літоўскія ўлады пагоршылі ўмовы для іншаземцаў у сфэры працаўладкаваньня. Цяпер той, хто хоча працаваць тут, мусіць атрымаць дазвол на жыхарства.
За 2023 год 1644 беларусы былі прызнаныя «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы». У гэты сьпіс траплялі людзі, якія, хоць і даўно, але служылі ў войску, памежнікамі, ратавальнікамі ў МНС ці па разьмеркаваньні працавалі на Беларускай АЭС.
Сотні беларусаў атрымалі адмовы ў выдачы ДНЖ, сотням не дазволілі замяніць такі дакумэнт ці адклікалі ранейшыя дазволы на жыхарства. Людзі вымушаны выбіраць іншую краіну для жыцьця.
Таксама ў Літве можна падацца на міжнародную абарону, калі чалавек ня можа вярнуцца ў сваю краіну ў сувязі зь небясьпекай перасьледу. Тэрмін разгляду хадайніцтва аб наданьні такога статусу, згодна са зьвесткамі Дэпартамэнту міграцыі, цягнецца да трох месяцаў, але бывае і даўжэй. На час разгляду пры адсутнасьці ДНЖ чалавек ня мае права працаваць.
Па падліках дасьледчыкаў"Цэнтру новых ідэй", пасьля 2020 году зь Беларусі ў розныя краіны магло выехаць да 600 тысяч чалавек.
Раней намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Карпянкоў агучваў лічбу ў 350 тысяч беларусаў, якія выехалі з краіны.
Форум