Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму цяпер служыць беларускае войска


Парад у беларускай вайсковай частцы, пачатак 1990-х
Парад у беларускай вайсковай частцы, пачатак 1990-х

Днямі прамінула дата, якая ў іншых абставінах магла б урачыста адзначацца па ўсёй Беларусі. У гарадах, вялікіх і малых, паўсюдна, дзе ёсьць вайсковыя часткі, маглі б адбыцца парады з нагоды 30-годзьдзя стварэньня Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь.

Бо менавіта 19 сакавіка 1992 году Вярхоўны Савет прыняў пастанову аб утварэньні Узброеных сілаў.
Але пра круглую дату нават не згадалі.

І правільна зрабілі. Бо ганарыцца няма чым. Ды і словы «беларускае войска» цяпер трэба браць у двукосьсі.

Ад Дэклярацыі да рэальнасьці

Пра тое, што Беларусь (тады яшчэ БССР) павінна мець права на ўласнае вайсковае фармаваньне, гаварылася яшчэ ўвесну 1990-га, калі БНФ распрацаваў праект Дэклярацыі аб незалежнасьці і дэпутаты-фронтаўцы ўнесьлі яе ў Вярхоўны Савет.

Для большасьці дэпутатаў гэта здавалася і непатрэбным, і нерэальным. І тым ня менш пасьля гарачых дыскусій у Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прынятай 27 ліпеня 1990, зьявіўся артыкул 10. У ім гаварылася, што «БССР мае права на ўласныя Ўзброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету БССР. БССР мае сувэрэннае права вызначаць парадак і ўмовы праходжаньня яе грамадзянамі вайсковай службы, службы ў органах дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, вырашаць пытаньні разьмяшчэньня войск і ўзбраеньня на сваёй тэрыторыі. Ніякія вайсковыя фармаваньні іншых краінаў, іхнія вайсковыя базы і пабудовы ня могуць быць разьмешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь бяз згоды яе Вярхоўнага Савету. БССР ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а рэспубліку — нэўтральнай дзяржавай».

Такая фармулёўка па тых часах гучала фантастычна рэвалюцыйна. Ды і па цяперашніх: наколькі вядома, «парлямэнт» згоды на прысутнасьць расейскіх фармаваньняў не даваў, ну а слова «нэўтралітэт» ізноў апынулася ў катэгорыі нязьдзейсьненых мараў.

Але спатрэбілася яшчэ паўтара года, каб Беларусь, пасьля дасягненьня поўнай незалежнасьці, нарэшце прыступіла да стварэньня ўласных Узброеных сілаў.

Публікацыі пра бітву пад Воршай і разгром БЗВ

Гісторыя фармаваньня беларускага войска пакідае дваістыя адчуваньні.

Ці можаце вы ўявіць, каб сёньня газэта Міністэрства абароны дала цэлую паласу (праўда, цяпер час інтэрнэту — хай будзе тэкст у 4 тысячы знакаў) пад артыкул пра Канстанціна Астроскага, прычым прадставіла яго героем і таленавітым палкаводцам?

А ў 1992-1993 газэта «Во славу Родины» рэгулярна зьмяшчала публікацыі пра сапраўдную гісторыю Беларусі, апавядаючы пра слаўныя старонкі Вялікага Княства Літоўскага, пра Грунвальд і бітву пад Воршай (!), пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Між іншым, мадэратарам гістарычнай рубрыкі быў капітан Аляксандар Карлюкевіч (у 2017–2000 гг. — міністар інфармацыі, а цяпер кіраўнік праўладнага саюзу пісьменьнікаў).

І парады праходзілі пад бел-чырывона-белым сьцягам.

Ну ці не сапраўднае нацыянальнае войска, патрыятычнае, аздобленае самай сучаснай тэхнікай (па колькасьці танкаў Беларусь была сярод лідэраў у Эўропе), пра якое толькі і маглі марыць слуцкія паўстанцы?

Але адначасна за гэтым беларускім фасадам існавала зусім іншае.

Кіраўніцтва Міністэрства абароны не жадала прымаць на службу афіцэраў-беларусаў з-за межаў краіны. Пра тое, што падчас прызначэньня на высокія камандныя пасады перавага аддавалася тым, хто нарадзіўся не ў Беларусі, афіцыйна не заяўлялася, але кіраўніца грамадзкага камітэту «Вяртаньне» дэпутат Галіна Сямдзянава была перакананая, што гэта сыстэмная зьява.

Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў (БЗВ), утворанае афіцэрамі-патрыётамі, было разгромлена, практычна ўсіх ягоных актывістаў звольнілі з Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь.

Нарэшце, увесь 1992 год кіраўніцтва Міністэрства абароны Беларусі адмаўлялася прыняць прысягу на вернасьць Рэспублікі Беларусь, не дазваляючы гэта зрабіць іншым афіцэрам (прысягалі толькі прызыўнікі). Многія заяўлялі, што прысягалі СССР, а «прысягу даюць толькі раз у жыцьці».

Удумайцеся ў гэты факт: цэлы год войскам камандавалі афіцэры, якія (ад лейтэнанта да генэрал-лейтэнанта) не прысягалі, а значыць, юрыдычна былі нічым не абавязаныя незалежнай сувэрэннай дзяржаве!

Гэта здасца абсурдам, але такія ж супярэчнасьці, заснаваныя найперш на неўсьведамленьні каштоўнасьці незалежнасьці, існавалі і ў дзяржаўным апараце, і ва ўрадзе, і ў парлямэнце. Нарэшце, у самім грамадзтве (што і выявілася падчас выбараў 1994 годц).

Чаму беларуская мова не гучыць у войску

...У нашай 3-й гвардзейскай танкавай Кацельнікаўскай чырвонасьцяжнай дывізіі 7-й танкавай арміі на пляцы вісеў, як цяпер бы сказалі, білборд: «Советская армия — плоть от плоти советского народа».

І гэты лёзунг адпавядаў рэальнасьці.

Відавочна, кожнае войска адлюстроўвае стан народу, у тым ліку і ўзровень яго палітычнай і нацыянальнай сьвядомасьці.

Дзесяцігодзьдзі значная частка насельніцтва ўспрымала незалежнасьць як нейкі няўцямны тэрмін, каштоўны толькі для незразумелых «сьвядомых» — ніяк не зьвязаны ні з дабрабытам, ні з самім жыцьцём. Тое, што са здабыцьцём незалежнасьці спыніліся ісьці з «гарачых пунктаў» у беларускія гарады і вёскі цынкавыя труны, забылася, а найхутчэй, і ня зьвязвалася ў масавай сьвядомасьці з сувэрэнітэтам.

Дзейнічала так званая «сацыяльная дамова» паміж Лукашэнкам і грамадзтвам, калі маўчаньне большасьці аплочвалася параўнальна прыстойным узроўнем жыцьця за кошт расейскіх эканамічных прэфэрэнцый.

За прэфэрэнцыі гэтыя, аднак, даводзілася расплочвацца кавалкамі сувэрэнітэту, і найперш — самастойнасьцю ў сфэры вайсковай палітыкі. Сяброўства ў АДКБ, двухбаковыя пагадненьні ў сфэры абароны, агульная сыстэма супрацьпаветранай абароны, сумесныя вайсковыя манэўры — ва ўсім гэтым дамінавала Масква.

Пры гэтым само войска ўсё менш заставалася беларускім.

Сказаць, што беларуская мова ў сучасным беларускім войску забароненая, ня будзе вялікім перабольшваньнем: шмат прыкладаў, калі маладых салдат, колішніх актывістаў моладзевых нацыянальных арганізацый, за спробы размаўляць па-беларуску камандзіры каралі.

Войска, у якім не гучыць дзяржаўная мова — што яшчэ больш красамоўна можа сьведчыць пра ступень яго адданасьці інтарэсам дзяржавы?

Але, як ні горка гэта прызнаваць, падобнае стаўленьне да беларускай мовы было і ў самім грамадзтве — яна не гучала і не гучыць ні на паседжаньнях ураду, ні ў заводзкіх цэхах, ні ў большасьці офісаў ды ўнівэрсытэцкіх аўдыторыях.

Так што ігнараваньне беларускай мовы ў войску ды партрэты Суворава не хвалявалі насельніцтва.

На мяжы

Ішлі гады, і вось цяпер людзі ўбачылі, што вайсковая «плоць» можа зьдзейсьніць тое, чаго зусім не жадае грамадзтва і што абсалютна супярэчыць яго інтарэсам.

Найперш — супярэчыць інстынкту жыцьця.

І калі за ўсю сваю гісторыю беларускі народ ніколі не выступаў агрэсарам, а зь беларускай зямлі ніколі не зыходзіла пагроза суседзям — дык цяпер зь беларускай зямлі ўздымаюцца самалёты з бомбамі і запускаюцца ракеты па Ўкраіне.

Беларускія вайскоўцы стаяць на мяжы.

І першае, што мы робім раніцай, — гэта глядзім у смартфон: барані Божа, каб падразьдзяленьні беларускага войска перайшлі мяжу і рушылі ва Ўкраіну.

У Беларусі даўно няма незалежнай сацыялёгіі, але ясна, што большасьць насельніцтва (прычым незалежна ад сваіх палітычных перакананьняў) удзелу беларусаў у вайне Расеі з Украінай не жадае.

Заходнія аналітыкі схільныя думаць, што беларускае войска ўжо не падпарадкоўваецца Лукашэнку — у тым сэнсе, што рашэньне пра яго ўварваньне ва Ўкраіну будзе прымаць Пуцін і толькі ён. І ў фармальнага вярхоўнага галоўнакамандуючага беларускім войскам не існуе ніякіх магчымасьцяў спыніць танкі і бронемашыны, калі ў Крамлі пажадаюць накіраваць іх на Кіеў ці на Львоў.

Дык ці служыць беларускае войска беларускаму народу? А калі не — зь якога моманту?

Можа, тады, калі на гаўптвахту адправілі першага салдата, які асьмеліўся размаўляць з камандзірам узводу на беларускай мове?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG