Колькасьць ахвяр
460 чалавек за дзень, амаль 20 за кожную гадзіну. Столькі жыцьцяў у сярэднім забірае вайна на тэрыторыі Ўкраіны штодзень з 24 лютага. Усяго за першы месяц вайны загінула каля 13 тысяч чалавек. Дакладная лічба ахвяраў ваенных дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны невядомая — ні Крэмль, ні афіцыйны Кіеў не публікуюць зьвестак пра свае страты. У гэтыя 13 тысяч уваходзяць прыкладна 7 000 загінулых салдат з расейскага боку (дадзеныя Пэнтагону і брытанскай выведкі), каля 5 000 загінулых украінскіх вайскоўцаў (зьвесткі Пэнтагону), а таксама прыкладна 1000 цывільных асобаў (інфармацыя ААН).
Колькасьць дзяцей, якія загінулі ва Ўкраіне
128. Такую колькасьць ахвяраў сярод непаўналетніх агучылі раніцай 24 сакавіка ў офісе Генэральнага пракурора Украіны. Яшчэ 172 дзяцей былі параненыя. Гэтая лічба можа быць большая. Улады Ўкраіны пакуль ня маюць поўнай інфармацыі аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва Марыюпалю і Чарнігава, фактычна адрэзаных ад сувязі з Кіевам.
Колькасьць уцекачоў з Украіны
3,6 мільёна — столькі ўцекачоў выехалі з Украіны за месяц з пачатку вайны. Выехаць за мяжу з 24 лютага могуць толькі непаўналетнія і жанчыны, выезд мужчын прызыўнога ўзросту моцна абмежаваны. Каля 2,1 мільёна грамадзян Украіны выехалі ў Польшчу. Яшчэ 10 мільёнаў украінцаў, паводле ААН, перамясьціліся ўнутры краіны. Гэта самы маштабны міграцыйны крызіс у Эўропе пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны.
Новая хваля эміграцыі зь Беларусі
16 сакавіка міністар унутраных спраў Грузіі Вахтанг Гамэлауры паведаміў, што з 24 лютага па 16 сакавіка ў Грузію прыехалі больш за 15 700 грамадзян Беларусі. Гэта ў 10 разоў больш, чым за той жа пэрыяд у папярэднія гады. Дакладная колькасьць грамадзян Беларусі, якія пасьля 24 лютага выехалі ў іншыя краіны, пакуль не вядомая. Амбасады некаторых краін ЭЗ прыпынілі выдачу турыстычных і іншых візаў, у Менску вялізная чарга на афармленьне апастылю. Паводле дадзеных сайту dev.by, у наступныя месяцы зь Беларусі могуць зьехаць да 55% ІТ-спэцыялістаў.
Дэвальвацыя беларускага рубля
За месяц, які прайшоў з пачатку вайны Расеі супраць Украіны, расейскі рубель абваліўся прыкладна на 80%. Беларускі за той жа час патаньнеў прыкладна на 35%. Банкаўскія ведамствы абедзьвюх краін уводзяць абмежаваньні на апэрацыі з валютамі. Паводле беларускага незалежнага эканаміста Дзьмітрыя Крука, курс беларускага рубля да даляра на канец 2022 году можа скласьці 6,3.
Як доўга трымаюць у аблозе Марыюпаль
27 дзён. Аблога Марыюпалю расейскімі войскамі пачалася на другі дзень вайны. За гэты час было арганізавана некалькі гуманітарных калідораў, якімі змаглі скарыстацца некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. У Марыюпалі да 24 лютага 2022 году пражывалі больш за 430 тысяч чалавек. На 13 сакавіка, паводле гарадзкіх уладаў Марыюпалю, у горадзе за час расейскай аблогі і бамбаваньня жылых раёнаў загінулі больш за 2100 чалавек. Інфармацыі пра колькасьць ахвяр за месяц вайны няма. Паводле афіцыйных крыніц, падлічыць усіх ахвяр бамбаваньняў пакуль немагчыма.
У Другую сусьветную вайну Марыюпаль быў акупаваны на працягу двух гадоў. За гэты час у горадзе загінулі 10 тысяч чалавек зь мірнага насельніцтва.
Колькасьць грамадзян, што вярнуліся ва Ўкраіну
320 тысяч чалавек. Столькі грамадзян Украіны вярнуліся на радзіму пасьля пачатку баявых дзеяньняў. Пераважная большасьць зь іх — мужчыны, якія хочуць ваяваць на баку УСУ. Праз масавы ад’езд украінцаў у некаторых краінах ЭЗ узьніклі праблемы на рынку працы. Рабочых і кіроўцаў, якія павыяжджалі, пакуль няма кім замяніць.
Колькасьць выпушчаных па ўкраінскай тэрыторыі расейскіх ракет
Больш за 1080, каля 40 за дзень, амаль 2 ракеты кожную гадзіну. Такія лічбы 18 сакавіка агучылі ананімныя крыніцы ў Пэнтагоне. Расея абстрэльвае Ўкраіну ракетамі з самага першага дня вайны, для гэтага пераважна выкарыстоўваюцца сучасныя ракеты з комплексаў «Іскандэр», а таксама ракеты, якія выпускаюць з самалётаў. Паводле амэрыканскіх вайсковых дадзеных, больш за 70 ракет па Ўкраіне былі выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі, пускі ажыцьцяўляюцца з ваколіц Лунінца, Мазыра, Калінкавічаў і Нароўлі.
Працэнт расейцаў, якія выступаюць за вайну ва Ўкраіне
71%. Столькі грамадзян Расеі падтрымліваюць вайну Расеі супраць Украіны і адчуваюць пры гэтым «такія пазытыўныя эмоцыі, як гонар, радасьць, павагу, давер і надзею». Пра гэта сьведчаць дадзеныя, апублікаваныя расейскай службай Радыё Свабода са спасылкай на групу незалежных сацыёлягаў. Апытаньні, праведзеныя недзяржаўным «Левада-цэнтрам» і дзяржаўным цэнтрам ВЦИОМ, паўтараюць гэтыя дадзеныя.
Паводле зьвестак брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House, за ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне Расеі супраць Украіны выказаліся 3% апытаных жыхароў беларускіх гарадоў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.