Што такое дэфолт
Дэфолт — гэта калі дзяржава ня можа заплаціць па сваіх даўгах. Напрыклад, надыходзіць дата выплат па нейкіх аблігацыях, а ў бюджэце няма на гэта сродкаў.
«Дзяржава абвяшчае дэфолт, то бок кажа, што цяпер плаціць ня можа, і спрабуе дамовіцца, як у далейшым плаціць даўгі. Асацыяцыя дэфолту з крызісам ідзе ад 1998 году, калі дэфолт у Расеі выклікаў моцны эканамічны крызіс. Тады гэта было зьвязана з тым, што ўнутры Расеі шмат хто набываў дзяржаўныя аблігацыі і людзі сталі ўладальнікамі пустых паперак. Дэфолт і крызіс не заўжды і не абавязкова адбываюцца разам», — тлумачыць акадэмічны дырэктар Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярына Барнукова.
Ці магчымы цяпер дэфолт у Беларусі
10 мільярдаў рублёў — столькі Беларусь мусіць выплаціць па даўгах сёлета, паводле Міністэрства фінансаў. Найбольшая частка доўгу перад Расеяй — 3,3 млрд рублёў. Банкам Кітаю Беларусь мусіць выплаціць 1,6 млрд рублёў, Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця — 1,1 млрд рублёў.
Пры гэтым міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў заявіў, што Расея адтэрмінавала выплаты па крэдытах для Беларусі на 5–6 гадоў.
Паводле Кацярыны Барнуковай, вось цяпер дэфолт у Беларусі немагчымы.
«Трэба разумець, што сёлета больш за палову беларускіх даўгоў да выплат — гэта даўгі перад Расеяй. Дэфолт не наступіць, нейкія варыянты будуць знойдзеныя, Мінфін зможа абслугоўваць рэшту даўгоў. Дэфолт Беларусі калі і пагражае, то ў наступным годзе, калі плянуецца вялікая выплата па эўрабондах. Тут дзяржава можа ня справіцца, калі сытуацыя ня зьменіцца», — кажа Кацярына Барнукова.
Чым дэфолт пагражае беларусам
Як толькі здараецца дэфолт у дзяржаве, тады ніхто гэтай дзяржаве ня будзе даваць новых крэдытаў. Таксама дэфолт можа супасьці з банкаўскім крызісам.
«Банкі трымаюць шмат аблігацый дзяржавы, і пры дэфолце гэтыя аблігацыі становяцца проста паперкамі. У нас і цяпер банкаўская сыстэма мае праблемы. Немагчымасьць працягваць экспарт у поўным аб’ёме зьвязаная з таксычнасьцю Беларусі па ўсім сьвеце. Дэфолт — гэта будзе проста канстатацыя праблемы, сам ён нічога ня зьменіць», — кажа Кацярына Барнукова.
І дадае, што цяперашнія праблемы з валютным рынкам, з прадпрыемствамі, якія маюць пытаньні з экспартам і імпартам, са скарачэньнямі супрацоўнікаў, з ростам цэнаў, — горшыя за дэфолт. Сам дэфолт людзі на сабе не адчуюць, а вось крызіс — адчуюць. І цяперашнія праблемы будуць нарастаць.