Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абстрэл порту ў Мікалаеве, забароненыя фосфарныя бомбы ў Краматорску. 27-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Плошча Свабоды ў Харкаве пасьля расейскіх абстрэлаў
Плошча Свабоды ў Харкаве пасьля расейскіх абстрэлаў

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскімі ракетамі і бомбамі разбураны аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У Краматорску расейцы выкарысталі забароненыя фосфарныя боепрыпасы.
  • Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што з пачатку расейскай агрэсіі па стане на раніцу 22 сакавіка ва Ўкраіне загінулі 117 дзяцей, звыш 155 атрымалі раненьні.
  • Пад Сумамі пасьля абстрэлу адбыўся выцек аміяку.
  • Пытаньне кампрамісаў з Расеяй, у прыватнасьці гарантыяў бясьпекі і акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Крыму, будзе вырашацца на рэфэрэндуме — Зяленскі.
  • Пэнтагон: з 24 лютага каля 1100 ракет розных клясаў былі выпушчаныя Узброенымі сіламі РФ па аб’ектах ва Ўкраіне.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 22 сакавіка

У акупаваным Хэрсоне ўжылі сьлезацечны газ супраць пратэстоўцаў

Жыхары акупаванага расейскім войскам Хэрсону зноў выйшлі на пратэст. Для разгону мірных пратэстоўцаў вайскоўцы зноў ужылі сьлезацечны газ, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Расейцы абстралялі марскі порт у Мікалаеве

Пра гэта паведаміла прэс-служба Адміністрацыі марскіх партоў Украіны. У выніку абстрэлу інфраструктура порту была моцна пашкоджаная. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. Паводле зьвестак Мінінфраструктуры, у 20:00 панядзелка Мікалаеўскі порт часткова ажыцьцявіў апрацоўку флёту ля прычалаў і адгрузку чыгуначным і аўтамабільным транспартам.

Абстрэл аўтамабіля з расейскага танка

У Харкаўскай вобласьці з расейскага танка абстралялі аўтамабіль, у якім знаходзілася сям'я зь дваімі дзецьмі. Сям’я крычала, што яны цывільныя, махала белым сьцягам, але дарэмна. Бацькі і 9-гадовая дзяўчынка загінулі, 17-гадовы хлопец атрымаў раненьні. Пра здарэньне паведаміла Пракуратура Ўкраіны.

Кіеў: расейскія войскі абстралялі жылы раён Абалонь

У выніку абстрэлаў загарэліся 2 будынкі і 1 грузавік. Цяпер вядома пра 1 забітага і 3 параненых, паведамляе вайсковая адміністрацыя Кіева.

Паводле ведамства, агулам за 27 дзён вайны ў Кіеве былі пашкоджаныя: 72 шматпавярховыя дамы, 6 прыватных дамоў, 11 школ і 5 дзіцячых садкоў.

З 24 лютага ва Ўкраіне цалкам разбурылі 651 жылы дом і часткова пашкодзілі каля 3780

Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны Раман Прымуш. Удакладняецца, што маштабы разбурэньняў значна большыя, бо гэтыя лічбы ўлічваюць толькі тыя аб'екты, дзе ратавальнікі могуць ацаніць памер пашкоджаньняў безь небясьпекі для жыцьця, і не ўключаюць дадзеных з акупаваных Расеяй тэрыторый.

Зяленскі папярэдзіў пра інтарэс Пуціна ў краінах Балтыі

У плянах прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ня толькі захапіць Украіну, але і краіны Балтыі, а таксама ўсталяваць кантроль над іншымі краінамі Эўропы, як гэта калісьці зрабіў Савецкі Саюз. І ў перамовах расейскі бок знарок выстаўляе такія патрабаваньні, каб Украіна дакладна ад іх адмовілася і каб у Крамля была нагода сказаць, што, маўляў, Кіеў не захацеў. Усё гэта можа прывесьці да пачатку Трэцяй усясьветнай вайны. Пра гэта прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію, якое паказалі ўкраінскія тэлеканалы.

«Корпус міласэрнасьці»: у некаторых украінскіх гарадах ежы засталося на 3-4 дні

У некаторых гарадах Украіны прадуктаў харчаваньня хопіць ня больш чым на 3-4 дні, паведамляе дабрачынная арганізацыя «Корпус міласэрнасьці». Як паведаміла арганізацыя, гуманітарная сыстэма ва Ўкраіне «цалкам разбураная», піша ВВС.

«Адной з нашых самых вялікіх праблем зараз зьяўляецца ўразьлівасьць ланцужка паставак. Мы ведаем, што ў большасьці муніцыпалітэтаў у раёнах, дзе ідуць найбольш інтэнсіўныя баявыя дзеяньні, хапае прадметаў першай неабходнасьці, такіх як прадукты харчаваньня, на тры-чатыры дні», — сказаў супрацоўнік «Корпуса міласэрнасьці» Стыў Гордан, які знаходзіцца ў Харкаве.

Паводле яго ацэнак, па меншай меры 70% насельніцтва Харкава і Сум цалкам залежыць ад гуманітарнай дапамогі.

Фосфарныя боепрыпасы ў Краматорску

У Краматорску Данецкай вобласьці расейскія акупанты чарговы раз ужылі забароненыя фосфарныя боепрыпасы. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў першы намесьнік кіраўніка патрульнай паліцыі Кіева Аляксей Білашыцкі. Выкарыстаньне такіх боепрыпасаў забаронена міжнароднымі канвэнцыямі.

Уцекачы ад вайны

Амаль чвэрць грамадзян Украіны былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз уварваньне Расеі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Офісу каардынацыі гуманітарных пытаньняў ААН. Амаль 6 500 000 чалавек уцякалі ад вайны ў межах Украіны, і 3 489 644 чалавек выехалі з тэрыторыі краіны. Разам колькасьць уцекачоў ад вайны набліжаецца да 10 мільёнаў чалавек.

Колькасьць уцекачоў, якія прыбылі ў Польшчу з Украіны пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне, дасягнула 2 083 854 чалавек. Гэта пераважна жанчыны і дзеці. Акрамя Польшчы, 312 120 украінскіх грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 250 036 — у Славаччыну, 365 197 — у Малдову, 231 764 — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 535 461 — у Румынію, 3 765 чалавек — у Беларусь.

Што адбываецца ў Расеі

Суд прызнаў амэрыканскую кампанію Meta экстрэмісцкай арганізацыяй

Цьвярскі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Генэральнай пракуратуры і Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі аб прызнаньні экстрэмісцкай арганізацыяй амэрыканскай кампаніі Meta, матчынай кампаніі Facebook, Instagram і WhatsApp.

Генпракуратура і ФСБ зьвярнуліся ў суд з такім пазовам пасьля публікацыі Reuters аб тым, што Facebook і Instagram на тле расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зьменяць правілы і часова ня будуць выдаляць з плятформаў публікацыі з пажаданьнем сьмерці або з заклікам да гвалту над Пуціным, Лукашэнкам і расейскімі вайскоўцамі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Генштаб Узброеных сіл Украіны: Расейскія акупанты працягваюць актыўна выкарыстоўваць беларускія аэрадромы

«Варожая авіяцыя працягвае ракетна-бомбавымі ўдарамі зьнішчаць аб’екты інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Данецкай вобласьцях. Пры гэтым акупанты працягваюць актыўна выкарыстоўваць аэрадромную сетку Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў апэратыўнай зводцы Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны на 0 гадзін 22 сакавіка. Пры гэтым абодва словы назвы «Рэспубліка Беларусь» напісаны ў дакумэнце з маленькай літары — як і «Расейская Фэдэрацыя».

Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ «ажыцьцяўляе агрэсіўную прапагандысцкую дзейнасьць, накіраваную на вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасьці ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».

Генштаб Украіны: высокая пагроза наступу Беларусі на валынскім кірунку

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў: паводле наяўных зьвестак, існуе вялікая імавернасьць, што ў наступныя 1–2 дні беларускае войска ўступіць у вайну з Украінай на баку Расеі. Як паведамляюць «Української правді» крыніцы сярод вайскоўцаў і сілавікоў, такое рашэньне, нягледзячы на супраціў шараговых вайскоўцаў і жыхароў Беларусі, нібыта прынята кіраўніцтвам дзяржавы.

Раней украінскія вайскоўцы і дзяржаўныя службоўцы паведамлялі, што да 21:00 11 сакавіка Беларусь рыхтуецца ўварвацца ва Ўкраіну. Але пакуль гэтага не адбылося.

Як рэагуе сьвет

Дыскваліфікацыя шахматыста

Камісія па этыцы Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі (FIDE) дыскваліфікавала на паўгода расейскага гросмайстра Сяргея Каракіна за падтрымку ім вайны ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляецца на сайце фэдэрацыі.

Каракіна дыскваліфікавалі за парушэньне артыкулу 2.2.10 Кодэксу этыкі FIDE. Ён прымяняецца, калі гульня ў шахматы, FIDE або зьвязаныя зь ёю фэдэрацыі «неапраўдана паўстаюць у неспрыяльным сьвятле і тым самым наносіцца шкода іх рэпутацыі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG