Дэпутат выехаў з Марыюпалю разам з бацькамі, жонкай і свойскімі жывёламі пасьля таго, як у яго і ягоных знаёмых не засталося ніякага жытла, каб схавацца ад абстрэлаў. Пра сваё выжываньне ў блякадным Марыюпалі і эвакуацыю ён расказаў у інтэрвію праекту Радыё Свабода «Новини Приазов’я».
У Марыюпалі няма ніводнага бясьпечнага месца. Гэта сапраўдны генацыд
Дзьмітро Забавін кажа, што ў горадзе застаецца каля 350 тысяч чалавек, якіх тэрмінова трэба эвакуаваць. Да вайны ў Марыюпалі колькасьць насельніцтва перавышала 400 тысяч.
«Тое, што адбывалася, — і разбурэньні, і колькасьць загінулых, і колькасьць людзей, якіх катавалі голадам і зьнясіленьнем, і тое, што пішуць, што там загінулі дзьве з паловай тысячы чалавек, — гэта няпраўда. На жаль, колькасьць памерлых у разы большая», — сказаў ён.
Паводле яго, 90% жытловага фонду аднавіць ужо немагчыма, а амаль у кожным доме загінулі больш як 10 грамадзян толькі ад абстрэлаў. Значна больш людзей паміраюць без мэдычнай дапамогі, бязь ежы, без вады.
«Я на свае вочы бачыў, як капаюць брацкую магілу — бо ўжо не было куды складваць целы памерлых. Гэта сапраўдны генацыд, гэта матэрыял для Гаагі, гэта злачынства супраць чалавечнасьці».
Дэпутат кажа, што вырашыў уцякаць пасьля таго, як чацьвёртую кватэру, якую ён разам зь сям’ёй зьмяніў ад пачатку вайны, разбамбілі. «Мы ўцякалі з пажару, бо было прамое пападаньне ў будынак». Дзьмітро кажа, што пасьля гэтага яму з бацькамі, жонкай і двума катамі суткі давялося жыць у машыне, а потым празь замінаваныя дарогі выбірацца з заблякаванага Марыюпалю.
«На наступны дзень мы пайшлі паглядзець сховішчы, але тое, што мы пабачылі, — гэта тое, што вораг абстрэльваў цэнтар гораду, таму ў Марыюпалі не было ніводнага бясьпечнага месца. Варожы снарад мог трапіць у кожны будынак у любы момант, як, на жаль, здарылася з Драматычным тэатрам», — дадаў дэпутат.
«Самы вялікі страх — гэта начныя абстрэлы»
Надзея Сухарукава працавала журналісткай у Марыюпалі. Ад пачатку агрэсіі яна вяла хроніку блякады — спачатку з дому, а потым з бомбасховішча. Калі сябры дапамаглі ёй эвакуавацца, то яна ўжо не пазнавала свой горад.
«Мой горад памірае пакутнай сьмерцю. Дваццаць дзён я памірала разам зь ім. Я была ў пекле. Я не герой, я звычайны чалавек і мне было страшна паміраць. Апошнія тры дні па маім горадзе лупілі кожную хвіліну. Безь перапынку.
Ад гулу самалётаў усярэдзіне мяне ўсё ледзянела. У нашым падвале маліліся ўсе і прасілі, каб бомба праляцела міма. Калі дрыжала зямля, мы выдыхалі. Але міма — гэта ня значыць у нікуды. Міма — гэта значыць ня ў нас.
Ведаеце, як гэта, калі ў падвале заўсёды цёмна і гарыць цьмяная зьнічка, а ты ня ўпэўнены — дзень цяпер ці ноч? Калі, каб выйсьці з падʼезду, трэба мець асаблівую мужнасьць. І ты кідаесься да кожнага, хто вярнуўся звонку, з пытаньнем, якія там навіны.
Табе манатонна расказваюць, што прамое пападаньне сёньня было ў 105-ы дом. Другі падʼезд, пачынаючы з трэцяга паверху, гарыць, і неўзабаве полымя зжарэ наступныя паверхі, а вакол суцэльны попел, шкло і пакеты запоўненых да цёмнага дымнага неба сьмецьцевых кантэйнэраў, якія ніхто не вывозіў ужо больш за два тыдні.
А і хрэн зь імі, з кантэйнэрамі. Трупы тваіх суседзяў і знаёмых ніхто не вывозіць. Мёртвыя ляжаць у падʼездах, на бальконах, у дварах. І табе ні кропелькі не страшна. Бо самы вялікі страх — гэта начныя абстрэлы.
Ведаеце, на што падобныя начныя абстрэлы? На сьмерць, якая выцягвае зь цябе ўсе жылы. Уначы нельга спаць. Бо сьняцца мірныя сны. Ты вынырваеш зь іх і акунаесься ў кашмар».
«Няма ніякіх фізычных магчымасьцяў разьбіраць завалы»
Дагэтуль няма дакладных лічбаў аб колькасьці грамадзян, якія хаваліся ў бомбасховішчы Драматычнага тэатру на момант ягонага абстрэлу, і колькасьць тых, хто выйшаў з-пад завалаў. Афіцыйныя асобы Ўкраіны сьцьвярджаюць, што выратавалі ад 130 да 300 чалавек, і яшчэ больш за тысячу чакаюць вызваленьня. Тыя ж, хто там хаваўся, сьцьвярджаюць, што напярэдадні бамбаваньня сховішча ў тэатры пакінулі каля адной тысячы чалавек. Спраўдзіць якую-небудзь з гэтай інфармацыі немагчыма.
Украінскі бізнэсовец, ураджэнец Марыюпалю Сяргей Тарута, які ў 2014 годзе кіраваў Данецкай абласной адміністрацыяй, сьцьвярджае, што на момант бамбаваньня людзі знаходзіліся ня толькі ў сутарэньнях, але і ў залі, і пад сцэнай тэатру.
«Гэтыя людзі або загінулі ўмомант, або жыўцом пахаваныя, таму што няма ніякіх фізычных магчымасьцяў каму-небудзь і чым-небудзь завалы цяпер разьбіраць», — сказаў ён.
Сяргей Тарута падкрэсьліў, што пасьля штодзённага бамбаваньня па 15 гадзін на суткі ад пачатку агрэсіі горад застаўся безь якіх-небудзь сродкаў для існаваньня.
«У першы дзень расейская армія зьнішчыла ўсе падстанцыі, якія забясьпечвалі горад сьвятлом, потым зьнішчылі ўсе мабільныя антэны, пасьля — усе супэрмаркеты, каб людзям не было чым харчавацца, а потым пачалі „прасаваць“ будынкі», — дадаў Сяргей Тарута.
Паводле яго, 90 адсоткаў будынкаў цалкам разбурана, а пад іхнымі заваламі знаходзяцца людзі:
«Целы гэтых людзей ніхто не прыбірае, таму што няма службаў — зьнішчылі ратавальную службу, камунальную службу, а на вуліцу ніхто ня можа выйсьці, таму што там пастаянныя абстрэлы і людзі гінуць. Натуральна, на вуліцах ніхто не прыбірае, у сутарэньнях прыватных дамоў таксама ніхто не прыбірае, пад разбуранымі дамамі таксама ніхто не прыбірае. Таму, паводле ацэнак, да 40 тысяч мірнага насельніцтва загінулі праз аднаго чалавека, які вырашыў, што ён заваюе тыя краіны, якія яму хочацца».
Пра беларускага добраахвотніка нічога невядома
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны паведаміла аб страчанай сувязі з пэнітэнцыярнымі ўстановамі ў Марыюпалі. Там два сьледчыя ізалятары. У адным зь іх зь лютага 2017-га знаходзіцца беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко. Яго абвінавачваюць у выкраданьні чалавека, наўмысным забойстве і бандытызьме. Суд пачаў разглядаць ягоную справу.
Цяпер пракуратура Ўкраіны пачала вызваляць добраахвотнікаў, затрыманых раней у крымінальных справах — адных праз мэханізм памілаваньня, іншым зьмяняюць меру папярэдняга ўтрыманьня. Пасьля вызваленьня яны далучаюцца да тэрытарыяльнай абароны.
Але пра Ігара Кляўко нічога невядома. Як паведамілі Свабодзе ў Камітэце вызваленьня палітвязьняў, днямі з Марыюпалю ўратавалася ягоная адвакатка. «Але яна таксама нічога пра яго ня ведае. Невядома і пра тых, хто яму дапамагаў у Марыюпалі», — сказалі ў камітэце.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.