Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда Навальнага расказала пра 140-мэтровую «супэр’яхту Пуціна» за $700 мільёнаў, яе экіпаж —супрацоўнікі Фэдэральнай службы аховы


«Шахеразада» за $700 мільёнаў
«Шахеразада» за $700 мільёнаў

Каманда расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага выпусьціла новае расьсьледаваньне, у якім расказала пра супэрʼяхту «Шахеразада» за $700 мільёнаў, якая, як мяркуецца, належыць прэзыдэнту РФ Уладзіміру Пуціну.

Сьцьвярджаецца, што экіпаж судна сфармаваны з супрацоўнікаў расейскай Фэдэральнай службы аховы.

140-мэтровая супэрʼяхта спушчаная на ваду ў 2020 годзе на вэрфі ў Нямеччыне, яна адна з найбуйнейшых у сьвеце ў сваім клясе. Аднак яе ўладальнік невядомы. У сярэдзіне сакавіка газэта The New York Times паведаміла са спасылкай на крыніцы, што амэрыканскія чыноўнікі зьвязваюць яе з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

Паводле інфармацыі выданьня, яхта двойчы — летам 2020-га і 2021 году — хадзіла ў Сочы. Там разьмешчана рэзыдэнцыя Пуціна, дзе ён бавіць шмат часу. Пра сувязь яхты з прэзыдэнтам Расеі The New York Times расказаў адзін з былых членаў экіпажа.

Камандзе Навальнага ўдалося азнаёміцца са сьпісам членаў экіпажа яхты. Высьветлілася, што ўсе яны, акрамя капітана, — грамадзяне Расеі. Першы памочнік, боцман, памочнік боцмана, некалькі ахоўнікаў і яшчэ некалькі членаў экіпажа аказаліся дзейнымі супрацоўнікамі расейскай Фэдэральнай службы аховы, гаворыцца ў расьсьледаваньні. Шмат у каго зь іх у якасьці адрасу паказана вайсковая частка ФСО ў Сочы.

Толькі з 23 членаў экіпажа на першых аркушах сьпісу амаль палова маюць дачыненьне да ФСА. Іх камэнтарыі ў расьсьледаваньні не прыводзяцца. Раней капітан судна Гай Бэнэт-Пірс заяўляў журналістам, што «Шахеразада» не належыць Пуціну і ён на ёй не бываў. Пры гэтым імя ўладальніка Бэнэт-Пірс называць адмовіўся.

Калі сувязь судна з Пуціным будзе даказаная, яно будзе арыштавана, бо супраць прэзыдэнта РФ уведзены пэрсанальныя санкцыі ЭЗ. Цяпер супэрʼяхта знаходзіцца ў Марына-дзі-Карара ў Таскане, у сярэдзіне сакавіка яна праходзіла рамонт у сухім доку.

У лютым з порта Гамбургу ў Калінінград перайшла 82-мэтровая супэрʼяхта «Грэйсфул», якую таксама зьвязваюць з Пуціным. Праз два тыдні пасьля таго, як яхта зайшла ў Калінінградзкі заліў, Уладзімір Пуцін абвясьціў пра вайну з Украінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG