Аб арышце гішпанскімі ўладамі 135-мэтровай яхты Crescent («Паўмесяц»), якую зьвязваюць зь кіраўніком «Роснефти» Ігарам Сечыным, піша «Настоящее время». Пра гэта паведамілі крыніцы ў паліцыі.
Яхта пад сьцягам Кайманавых астравоў, прыкладны кошт якой каля 600 мільёнаў даляраў, прыбыла ў Гішпанію з Італіі ў лістападзе 2021 году. Міністэрства транспарту Гішпаніі пацьвердзіла яе затрыманьне, але ня права ўласнасьці, і заявіла, што 2 лістапада яхта прышвартавалася ў порце гораду Тарагона і запрасіла дазволу ў берагавой аховы на адплыцьцё 4 сакавіка, але так і ня выйшла ў мора.
Улады Гішпаніі заявілі, што будуць утрымліваць яхту да таго часу, пакуль ня вызначаць яе права ўласнасьці і ня высьветляць, ці падпадае ўладальнік пад санкцыі ЭЗ.
Кіраўніка «Роснефти» ўнесьлі ў санкцыйны сьпіс 28 лютага, бо, паводле Эўразьвязу, ён зьяўляецца асабістым сябрам прэзыдэнта Пуціна і «адным з самых уплывовых сябраў расейскай палітычнай эліты», які атрымлівае выгаду з дэстабілізацыі ва Ўкраіне.
Была інфармацыя, што ў Францыі раней арыштавалі яхту «Aмора Вера», якую таксама зьвязваюць зь Сечыным.
Раней трапілі пад арышт у Італіі яхты расейскіх алігархаў Аляксея Мардашова і Генадзя Цімчанкі. La Repubblica ацаніла іх кошт у 140 млн эўра.
Таксама італьянскія ўлады арыштавалі будаўнічы комплекс на міжземнаморскім востраве Сардынія, які належыць расейскаму бізнэсоўцу Пятру Авену. Ён валодаў трацінай комплексу, яго доля ацэньваецца прыкладна ў 4 мільёны эўра. Улады Гішпаніі, у сваю чаргу, арыштавалі 85-мэтровую яхту Valerie, якая нібыта належыць Сяргею Чэмэзаву, былому афіцэру КДБ, кіраўніку кампаніі «Ростех» і блізкаму сябру прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.