Галоўнае на гэты момант
- Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб падаўжэньні да 24 красавіка тэрміну ваеннага становішча.
- Расейскія войскі ўпершыню абстралялі ракетамі Запарожжа і Віньніцу, у апошняй разбурылі тэлевежу.
- Адбыўся першы візыт замежных кіраўнікоў у Кіеў падчас расейскай агрэсіі супраць Украіны. Палітыкі Польшчы, Чэхіі і Славеніі прыехалі ў Кіеў цягніком.
- Ва Ўкраіне кожны дзень у 9.00 будзе праходзіць хвіліна маўчаньня ў памяць аб ахвярах агрэсіі Расеі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў адпаведны ўказ.
- Краіны Эўразьвязу ўхвалілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
- Мінфін Украіны палічыў папярэднія страты эканомікі ад расейскай вайны — ня менш за 500 млрд даляраў.
- Расейскія войскі два тыдні трымаюць аблогу паўднёва-ўкраінскага гораду Марыюпалю, абстрэльваюць будынкі і аб’екты інфраструктуры, за два тыдні блякады дазволілі выехаць з Марыюпалю ў Запарожжа прыблізна дзьвюм тысячам чалавек.
- Паводле мясцовых уладаў, у Харкаве расейскія ракеты і бомбы разбурылі 600 дамоў.
- Ва Ўкраіне ў выніку вайны загінулі 103 дзіцяці, больш за 100 атрымалі раненьні. Найбольш дзяцей пацярпелі ў Кіеўскай, Харкаўскай, Данецкай, Чарнігаўскай, Сумскай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Жытомірскай абласьцях.
- У выніку ракетных абстрэлаў пашкодзілі больш як 400 школ, 59 зь якіх зруйнавалі цалкам.
- За 14 сакавіка з Луганскай і Кіеўскай вобласьцяў эвакуавалі 4 тысячы чалавек.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 16 сакавіка
Клічко: Вечарам вораг зноў абстраляў Кіеў
Снарады, паводле кіраўніка адміністрацыі ўкраінскай сталіцы, трапілі ў некалькі прыватных дамоў у Падольскім раёне. На месцы працуюць ратавальнікі і мэдыкі. Пажар лякалізаваны, але працы па ліквідацыі наступстваў пажару працягваюцца. Пацярпелых пакуль ня выяўлена.
Таксама пашкоджаны газаправод нізкага ціску. Аварыю ліквідуюць спэцыялісты газавай службы.
Расея скінула бомбу на драматычны тэатар у Марыюпалі, — гарадзкая рада
Расейскія войскі скінулі бомбу на Драматычны тэатар у Марыюпалі, дзе ад абстрэлаў хаваліся сотні мірных жыхароў. Пра гэта паведамілі ў гарвыканкаме.
Яшчэ адна бомба ўпала на басэйн «Нэптун». Будынак служыў прытулкам для цяжарных жанчын і маці зь дзецьмі да 3 гадоў. Адну цяжарную жанчыну заваліла абломкамі. Яе спрабуюць дастаць з-пад завалаў.
Украінскія войскі перайшлі ў контранаступ на асобных напрамках
Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў пра новыя напады на калёны расейцаў і пачатак контранаступу на асобных кірунках. Украінскае камандаваньне адзначае, што яго войскі нанесьлі ўдары па групоўках расейскіх войскаў на часова занятых тэрыторыях Украіны і на асобных напрамках перайшлі ў контранаступ.
Мінабароны РФ адзначае, у сваю чаргу, што расейцы вядуць баі ў гарадзкой мяжы на паўночным захадзе, паўночным усходзе і ўсходзе гораду Севераданецку і захапілі там некалькі вёсак.
Ранішні абстрэл спальнага раёну ў Кіеве
Пасьля ранкавага абстрэлу ракетамі ў адным са шматпавярховікаў абваліліся 12-ы і тэхнічны паверхі, часткова пашкоджаны суседні 9-павярховы дом. Ратавальнікі эвакуююць жыхароў з дому і ліквідоўваюць пажары.
Пацярпелых пакуль няма. Паводле папярэдняй інфармацыі, эвакуавалі 37 чалавек, 2 зь якіх пацярпелі.
Расейцы ўзялі ў закладнікі лекараў і пацыентаў лякарні ў Марыюпалі
Пра гэта паведаміў кіраўнік Данецкай вобласьці Паўло Кірыленка са спасылкай на лекара шпіталя.
«Са шпіталя немагчыма выйсьці. Моцна страляюць, сядзім у падвале. Машыны да лякарні ня могуць пад’ехаць ужо двое сутак. Вакол гараць шматпавярховікі. У наш шпіталь расейцы нагналі 400 чалавек з суседніх дамоў. Выйсьці нам нельга».
Шпіталь амаль разбураны. Пацыентаў лячылі ў падвальным памяшканьні. Раней у Марыюпалі разбамбілі радзільню, памерлі дзіця, цяжарная жанчына і яшчэ двое чалавек. Горад больш за два тыдні ў блякадзе. У жыхароў няма электрычнасьці, цяпла і вады. Марыюпаль штодня абстрэльваюць. Гуманітарную калёну ў горад не прапускаюць тры дні.
У Бучы пад Кіевам расейскія войскі захапілі супрацоўнікаў гарадзкой рады і валянтэраў
Бучанская гарадзкая рада заявіла, што ўвечары 15 сакавіка расейскія войскі ўчынілі пагром у адміністратыўным памяшканьні і захапілі ў палон шасьцярых супрацоўнікаў і валянтэраў, якія дапамагалі мясцовым жыхарам.
«Просім Офіс прэзыдэнта, Ірыну Верашчук, Кіеўскую абласную вайсковую адміністрацыю дапамагчы вызваліць нашых людзей», — заявілі ў радзе.
3 мільёны ўцекачоў з Украіны
Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з Украіны выехалі 3 мільёны 381 тысяча чалавек. Найбольш — 1 мільён 830 тысяч — знайшлі прытулак у Польшчы. 267 тысяч грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 213 тысяч — у Славаччыну, 337 тысяч — у Малдову, амаль 142 тысячы — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 459 тысяч — у Румынію, 1475 чалавек — у Беларусь.
Расея парушае дамоўленасьці аб спыненьні агню для арганізацыі гуманітарных калідораў
Віцэ-прэм’ер-міністарка Ўкраіны Ірына Верашчук заявіла аб парушэньні расейскім бокам дамоўленасьцяў аб стварэньні гуманітарных калідораў.
«Акупанты пачалі абстрэльваць гуманітарныя калёны аўтобусаў, абстрэльваць населеныя пункты і месцы збору людзей для эвакуацыі, а таксама браць у закладнікі суправаджаючых асобаў», — паведаміла Ірына Верашчук на брыфінгу 16 сакавіка ў Кіеве.
Віцэ-прэм’ерка заявіла, што напярэдадні ў закладнікі расейцы ўзялі больш за 400 жыхароў Марыюпалю і пэрсанал абласной лякарні, і цяпер вядуць абстрэлы менавіта зь лякарні.
«Мы не атрымалі адказу на нашы прапановы, накіраваныя ўчора ў місію Чырвонага Крыжа, для арганізацыі гуманітарных калідораў сёньня. Застаецца адкрытым пытаньне арганізацыі гуманітарных калідораў сёньня для Ізюму і Марыюпалю. У такіх умовах мы ня можам бясьпечна вывозіць людзей», — падкрэсьліла яна.
Што адбываецца ў Расеі
«АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць імпартных камплектуючых
Супрацоўнікі «АвтоВАЗ» з 4 па 24 красавіка пойдуць у «плянавы карпаратыўны адпачынак» у сувязі з «зацяжным крызісам паставак электронных кампанэнтаў».
Найбуйнейшы ў Расеі аўтавытворца «АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць паставак імпартных камплектуючых. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на прэсавую службу кампаніі.
У Расеі зьявіўся ценявы валютны рынак
Удзельнікі груп продажу і абмену валюты ў сацсетках звычайна дамаўляюцца аб сустрэчы ў цэнтры гораду ў аддзяленьні банку. Цана даляра і эўра ў такіх дамовах значна перавышае афіцыйны курс і дасягае 200 расейскіх рублёў.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
У Кіеве пахавалі беларускага байца-добраахвотніка
Цырымонія разьвітаньня з Аляксеем Скоблем, які з 2014 году ваяваў за Ўкраіну і 13 сакавіка загінуў пад Кіевам, адбылася ў Кіеўскім крэматорыі.
Лукашэнка заявіў пра Беларусь як тыл Расеі ў вайне супраць Украіны
Аляксандар Лукашэнка 15 сакавіка заявіў аб спробах «зацягнуць Беларусь у апэрацыю, якую праводзіць Расея супраць Украіны». Паводле яго, Беларусь ня можа нічога дадаць — ні асабовага складу, ні ўзбраеньня. І тут жа дадаў:
«Але мы бяром удзел у гэтай апэрацыі, я ўжо колькі разоў казаў. І наша задача, гэта вельмі важна ў любым баі, ня толькі ў вайне, папярэдзіць напад з тылу на расейскія войскі, якія перасоўваюцца. Вось гэтага мы не павінны дапусьціць. Гэта будзе нешта накшталт здрадніцтва».
Генштаб Украіны: у Смаленску і двух беларускіх гарадах ствараюць цэнтры падрыхтоўкі наймітаў
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што неаднаразова атрымліваў інфармацыю аб арганізацыі ў расейскім Смаленску і беларускіх Гомлі і Бабруйску цэнтраў падрыхтоўкі наймітаў для ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны.
Апроч таго, ва ўкраінскім Генштабе адзначылі, што на Валынскім кірунку Расея ўтрымлівае групоўку на ахове ўкраінска-беларускай мяжы. Пры гэтым захоўваецца імавернасьць правакацый, накіраваных на ўцягваньне беларусаў у склад расейскіх войскаў.
Як рэагуе сьвет
Кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі зь Зяленскім у аточаным Кіеве
Прэмʼер-міністры Чэхіі (Пэтар Фіяла), Польшчы (Матэвуш Маравецкі) і Славеніі (Янэз Янша) сустрэліся ў Кіеве з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Візыт прайшоў ва ўмовах пагрозы наступу на горад расейскіх войскаў. Кіраўнікі ўрадаў трох краінаў прыбылі ва Ўкраіну на цягніку. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў мужным крокам візыт кіраўнікоў урадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі ва Ўкраіну ў часе агрэсіі Расеі і сталых абстрэлаў найбуйнейшых украінскіх гарадоў яе войскамі.
Сэнат ЗША прызнаў Пуціна «ваенным злачынцам» і заклікаў расьсьледаваць ваенныя злачынствы Расеі
Сэнат ЗША прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які пайшоў вайной супраць Украіны. У дакумэнце кіраўнік Крамля называецца «ваенным злачынцам». Сэнат заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе і іншыя краіны расьсьледаваць ваенныя злачынствы расейскага кіраўніцтва, учыненыя падчас уварваньня ва Ўкраіну.
Байдэн: «Мы дамо Ўкраіне зброю і прымем уцекачоў з адкрытымі рукамі»
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што амэрыканскі ўрад накіруе Ўкраіне ўсю патрэбную дапамогу, каб выратаваць жыцьці людзей:
«Мы паклапоцімся аб тым, каб ва Ўкраіны была зброя для абароны ад уварваньня расейскіх войскаў. Мы адправім грошы, ежу і дапамогу, каб выратаваць жыцьці ўкраінцаў. Мы сустрэнем украінскіх уцекачоў з адкрытымі рукамі», — напісаў Джо Байдэн.
Чацьвёрты пакет санкцый Эўразьвязу
Краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія ўвялі санкцыі супраць Расеі і Беларусі як саўдзельніцы ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Сотні замежных кампаній заявілі пра вывад свайго бізнэсу з Расеі і Беларусі.
15 сакавіка краіны Эўразьвязу ўхвалілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну. Паведамляецца, што часткай пакета стане адмена гандлёвага статусу Расеі як «нацыі найбольшага спрыяньня». Гэты крок можа дазволіць ЭЗ забараніць расейскія тавары або ўвесьці на іх санкцыі і паставіць Расею ў адзін шэраг з Паўночнай Карэяй або Іранам.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Як паведамляецца на тэлеграм-канале «Батальён Кастуся Каліноўскага», на разьвітаньне з добраахвотнікам прыйшлі шмат пабрацімаў.