Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Максім Знак зарабіў у калёніі ў лютым 56 капеек, Аляксей Караткоў выйшаў на волю

абноўлена

Максім Знак
Максім Знак

У Беларусі па стане на 14 сакавіка 1083 чалавекі прызнаныя палітвязьнямі.

Адвакат і сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак у размове з бацькам Аляксандрам расказаў апошнія навіны свайго жыцьця ў калёніі.

«Учора ўвечары тэлефанаваў Макс. Жывы і здаровы. Бегае. На мінулым тыдні ён працаваў у другую зьмену. Таму ўдзень можна было наведваць стадыён, прабег 67 кілямэтраў, — напісаў Аляксандар Знак у фэйсбуку. — Працуе. У лютым зарабіў 56 капеек. Гэтыя грошы залічаны на яго рахунак дадаткова да тых, што штомесячна адпраўляе яму ягоная жонка. З 11 лютага ніводнага ліста ад несваякоў не атрымлівае. Сам усім, хто да гэтага напісаў і даслаў паштоўку, адказаў. Чакаю лістоў, дзе пра ўсе гэта ён будзе пісаць больш падрабязна».

Максім Знак — адвакат, сябра Каардынацыйнай рады, паэт, музыка, спартовец, трыятляніст. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам «стварыў экстрэмісцкае фармаваньне».

Распрацоўнік стартапу MakeML Аляксей Караткоў выйшаў на волю

Палітвязень Аляксей Караткоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з папраўчай калёніі №22, паведамляе тэлеграм-канал «Свободный Жлобин».

Адразу Аляксея, затрыманага яшчэ ў жніўні 2020-га, вінавацілі ў навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаваньні гэтай дзейнасьці (ч. 3 арт. 293 КК), а таксама ў арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).

Аднак потым пракурор адмовілася ад абвінавачваньня паводле ч. 3 арт. 293 КК. У выніку судзьдзя Максім Трусевіч прызначыў Караткову 2 гады калёніі.

У калёніі асуджаным забаронена камунікаваць з Міколам Дзядком. На знак пратэсту ён адмовіўся ад працы

Як паведамляе тэлеграм-канал «Mikola Dziadok», палітзьняволены анархіст Мікола Дзядок адмовіўся ад працы на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі калёніі:

«10 сакавіка я адмовіўся ад працы на знак пратэсту супраць пазбаўленьня мяне перапіскі і перасьледу тых асуджаных, якія са мной камунікуюць».

Палітвязень паведаміў, што нейкія асуджаныя абвясьцілі ўсім, што зь Міколам забаронена камунікаваць і піць гарбату. А тым, хто працягнуў камунікацыю, «пагражала як адміністрацыя, так і асуджаныя, набліжаныя да адміністрацыі рознага кшталту, праблемамі са статусам».

Таксама раней паведамлялася, што адміністрацыя калёніі зьнішчыла больш за 30 лістоў, якія павінен быў атрымаць Мікола:

«У актах фармулёўкі ўсе як пад капірку: „зьмяшчае ўмоўныя абазначэньні“, „прыносіць шкоду інтарэсам дзяржаўных арганізацый і асобных грамадзян“. Відавочна, што лісты вынішчаюцца, каб нельга было нічога праверыць і нешта потым прад’явіць. Фактычная ж мэта — пазбавіць перапіскі», — удакладніў Дзядок.

Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасьля чаго моцна зьбівалі і катавалі. 10 лістапада палітвязьня асудзілі да 5 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3. Мікола не прызнаў віну ні адным артыкуле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG