Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны на 1,5 года турмы журналіст Грузьдзіловіч сустрэўся з жонкай. Ён будзе абскарджваць вырак


Алег Грузьдзіловіч на лаве падсудных 2 сакавіка, перад апошнім словам
Алег Грузьдзіловіч на лаве падсудных 2 сакавіка, перад апошнім словам

Журналісту Алегу Грузьдзіловічу вынесьлі вырак у судзе Савецкага раёну Менску апоўдні 3 сакавіка. 4 сакавіка яму далі спатканьне з жонкай Мар'янай.

Як паведаміла Свабодзе Мар'яна Грузьдзіловіч, спатканьне прайшло ў будынку СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яна пагутарыла з мужам праз шкло.

Пасьля спатканьня Мар'яна расказала Свабодзе:

«Выглядае Алег добра, настрой нядрэнны. Сказаў, што не выключаў такога прысуду. Вядома, прыйдзецца трымацца далей. Будзе падаваць скаргу на вырак у Менскі гарадзкі суд. Адвакатка таксама. Перадаваў усiм прывітаньне i падзяку за падтрымку тым, хто за яго перажывае».

3 сакавіка Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту.

Таксама Грузьдзіловічу выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

Адвакат Грузьдзіловіча на судзе заявіў, што лічыць абвінавачаньне неабгрунтаваным, бо ў дзеяньнях Грузьдзіловіча няма складу злачынства і яму павінен быць вынесены апраўдальны прысуд.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

  • 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
  • Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
  • Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.
  • За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG