Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баяўся, каб мяне не пасадзілі: хто б тады дапамагаў сястры?». Як Генадзь Касьян самаахвярна змагаўся за вызваленьне Натальлі Хершэ


Брат і сястра Генадзь Касьян і Натальля Хершэ пасьля яе вызваленьня і ў дзяцінстве
Брат і сястра Генадзь Касьян і Натальля Хершэ пасьля яе вызваленьня і ў дзяцінстве

17 месяцаў правяла ў беларускай турме грамадзянка Швайцарыі Натальля Хершэ. Дзякуючы намаганьням швайцарскіх уладаў і дыпляматаў яе вызвалілі. Усе 17 месяцаў ёй дапамагаў брат Генадзь Касьян. Як для яго прайшоў гэты час, даведаемся з гутаркі са Свабодай.

«Я мусіў зрабіць усё магчымае для яе вызваленьня»

Генадзь працуе лекарам у Маладэчне. З моманту зьняволеньня сястры для яго пачаўся складаны пэрыяд.

«І для яе быў складаны. Але калі яна выйшла, то я ўбачыў і ўсьцешыўся, што яна ў добрым духоўным, маральным стане. Яна не зламалася. Сваякі, як я заўважыў, пакутуюць ня менш за сваіх зьняволеных блізкіх. Мне давялося ўзяць на сябе ўсе клопаты. А як па-іншаму?! Гэта перадачы, лісты, званкі, адвакаты, камэнтары ў СМІ. Я мусіў рабіць усё магчымае для вызваленьня. Зразумела, мне было страшна. Але я баяўся, што калі мяне пасадзяць, абарвецца гэтая нітачка дапамогі Натальлі», — апавядае Генадзь.

Зьняволеньне сястры, зь ягоных словаў, цалкам зьмяніла ягонае звычайнае жыцьцё.

«Шмат часу аддаў кантактам з адвакатамі, ліставаньню, пісаў скаргі адміністрацыі турмы, у пракуратуру, у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, — кажа Генадзь. — Калі я тэлефанаваў Натальлі, то чытаў ёй камэнтары, што пісалі людзі ў яе падтрымку. Я разумеў, што гэта ўплывае на яе стан, падбадзёрвае. Я думаў: «Каб хаця яна не зламалася, каб хаця вытрымала».

Генадзь успамінае іхнае дзяцінства і кажа, што Натальля была звычайнай дзяўчынкай.

Натальля Хершэ ў дзяцінстве
Натальля Хершэ ў дзяцінстве

«Гуляла ў лялькі, плакала зь любой нагоды, асабліва калі яе крыўдзіў старэйшы брат, — расказвае Генадзь. — Тата нас пакінуў, але нашы зносіны зь ім працягваліся. Ён вельмі любіў Натальлю, ды і яна яго. Упартасьць, нязломнасьць — гэта ў яе генэтычнае, найбольш ад таты і ад каранёў па бацькоўскай лініі. Наш дзед быў „заходнікам“, жыў на Пружаншчыне, меў шмат зямлі, лесу. Усё забралі бальшавікі. У нашых продкаў было непрыманьне камуністычнай ідэалёгіі. Гэта таксама генэтычнае. Як я казаў, упартасьць — ад таты, а крэатыўнасьць, эмацыйнасьць, непрыманьне несправядлівасьці — ад мамы. Наша маці была верніцай, шмат чытала духоўнай літаратуры. Захаплялася гэтым і Натальля. Вось адтуль у яе сумленнасьць, пабудаваная на хрысьціянскім падмурку. Таму яна не магла спакойна глядзець на гвалт, хлусьню, якія адбываліся ў Беларусі».

Генадзь Касьян і Натальля Хершэ з маці
Генадзь Касьян і Натальля Хершэ з маці


«Яна на эмоцыях была, калі зачапіла таго амапаўца»

У жніўні 2020 году Натальля прыляцела са Швайцарыі, каб наведаць родных і сябровак у Беларусі. Сама яна родам з Воршы.

«Яна паехала адразу ў Воршу — наведаць сябровак. Размовы зайшлі і пра палітыку. Натальля чалавек сумленны, яна белае называе белым, чорнае — чорным. Яна сутыкнулася з тым, што яе сяброўкі дзяцінства абыякавыя да таго, што адбывалася тады ў краіне. Натальля расчаравалася ў іх, бо яна не падтрымлівае такой пазыцыі, і вырашыла прабыць гэты час у Менску, у іншай сваёй сяброўкі. Там далучылася да маршаў», — кажа брат былой зьняволенай.

Брат і сястра ў дзяцінстве
Брат і сястра ў дзяцінстве

Генадзь успамінае, якім быў дзень 19 верасьня 2020 году, калі затрымалі Натальлю.

«Перад нядзельным жаночым маршам мы сустракаліся ў Менску. Добра пасядзелі ў кавярні італьянскай кухні. Натальля расказвала, што заўтра пойдзе бараніць хлопчыка, якога забралі ў адной актывісткі, а потым — на жаночы марш. Гэта быў „Бліскучы марш“. Тады ўпершыню на жаночым маршы зьявіліся сілавікі ў балаклавах. Наташу іх выгляд і дзеяньні шакаваў. Яна на эмоцыях была, калі зачапіла таго амапаўца. Ёй далі 18 сутак. Я быў упэўнены, што яна выйдзе пасьля іх і паедзе дахаты — бо яе затрымалі за два дні да меркаванага ад’езду ў Швайцарыю. Распачатая крымінальная справа была шокам. Яна вельмі разгубілася, ды і я», — дзеліцца Генадзь.

«Нікому ня раю перажыць той цяжкі пэрыяд, які быў у нас»

Ён кажа, што нікому ня раіў бы перажыць такі цяжкі пэрыяд, які наступіў для іх сям’і.

Генадзь Касьян
Генадзь Касьян

«Памятаю момант, калі я прынёс першую перадачу на Акрэсьціна. Была вялізная чарга. Яшчэ тады працаваў лягер валянтэраў. Яны мне дапамаглі зь перадачай, бо я ня ведаў, што можна, чаго нельга. І вось абвясьцілі, што больш ня будуць прымаць перадачаў. Я разгубіўся, было вельмі шкада. Бо прыехаў з Маладэчна, столькі часу змарнаваў. Але нехта з валянтэраў спытаўся, ці ёсьць у чарзе іншагароднія. Я быў адзін ня зь Менску. Таму мне ўдалося аддаць перадачу. Я быў такі шчасьлівы!» — расказвае брат Натальлі.

Калі Натальля адбывала пакараньне ў гомельскай калёніі, а затым у магілёўскай турме, Генадзь наймаў адвакатаў.

«Асноўны сэнс быў у тым, каб яны былі зьвяном паміж намі. Бо ў лістах нічога такога не напішаш. Я нават не кажу пра палітыку — пра звычайныя рэчы. Натальля пазьней даведалася, што калёнія не прапускала да яе лістоў, дзе яе хвалілі, дзе яе падтрымлівалі, падбадзёрвалі. У гомельскай калёніі ёй аддавалі толькі два лісты на тыдзень. І гэта пры тым, што адзін зь іх быў ад мяне», — расказаў Генадзь.

Фота зь сямейнага архіву. Натальля ў маладосьці, прымярае форму брата
Фота зь сямейнага архіву. Натальля ў маладосьці, прымярае форму брата

У складаны час ён мусіў дзейнічаць надзвычай асьцярожна, каб самому ня трапіць за краты. Знаёмыя намякалі Генадзю, што ён «у распрацоўцы».

«Я мусіў быць асьцярожным, з аднаго боку, а з другога — асьвятляць усё, зьвязанае з Натальляй. Бо я быў адзінай крыніцай інфармацыі пра яе. Так бы ніхто нічога ня ведаў, што зь ёй адбываецца», — прызнаўся суразмоўца.

Падчас зьняволеньня Натальлі Генадзь стараўся рэагаваць на ўсё, што зь ёю здараецца. Так, Натальля паскардзілася брату, што яе пакрыўдзіў супрацоўнік магілёўскай турмы — абразьліва, зь нецэнзурнай лаянкай размаўляў зь ёю. Генадзь кажа, што езьдзіў на прыём да начальніка турмы. Але той ня стаў рэагаваць на скаргу, сказаў, што «такога ня можа быць, у нашай турме гэта немагчыма, ваша сястра ўсё прыдумала». Ён падаваў пісьмовыя скаргі і на іншыя праблемы, зь якімі сутыкалася Натальля за кратамі — гучна ўключанае радыё, нястача ежы. Але начальнік турмы адказваў, што «ўсё законна», «усё адпавядае нормам», «ежа адпавядае калярыйнасьці».

Пасьля вызваленьні Натальлі
Пасьля вызваленьні Натальлі

«Па вызваленьні Натальлі я бачыў яе — яна была як вязень Асьвенціму. А начальнік піша, што ежа адпавядае калярыйнасьці! Яна вяла дзёньнікі ў Гомлі і Магілёве. Гомельскага ёй не аддалі. Магілёўскі дзёньнік абяцалі аддаць, але падманулі. Забралі на той падставе, што Натальля нібыта нешта там пісала пра супрацоўнікаў», — дадаў Генадзь. Цяпер, кажа ён, яму значна лягчэй, бо сястра больш не ў закладніцах у турме.

«Я пасьля прысуду ёй крыкнуў, што яна ня будзе сядзець гэты тэрмін. У мяне была надзея, што ўлады адпусьцяць яе, бо яна грамадзянка Швайцарыі. Напрыклад, праз апэляцыю. Апэляцыя ж нічога не дала. Але цяпер Натальля выйшла. Яна ў бясьпецы, у свабоднай краіне, і цяпер будзе сьведчыць пра тыя парушэньні і мэтады, якія выкарыстоўвае беларуская турма», — кажа Генадзь Касьян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG