У рэдакцыі, якая пасьля выдаленьня з падпіснога каталёгу «Белпошты» наладзіла ўласную сыстэму дастаўкі «Наша крама», паведамілі на электронныя скрыні чытачам, што «трымаліся да апошняга», нягледзячы на істотныя цяжкасьці. Але з пачатку 2022 году адбыліся дзьве значныя падзеі, пасьля якіх «выдавацца, „як раней“, немагчыма».
«Па-першае, без суду, без падстаў была абвешчана „экстрэмісцкім фармаваньнем“ газэта „Наша ніва“ і розныя інтэрнэт-рэсурсы, зь ёю зьвязаныя. Прытым у фармулёўцы пра гэтае рашэньне згадвалася і прадпрыемства ПВУП „Суродзічы“, якое раней, пакуль „Наша ніва“ была ў Беларусі, выдавала „Нашу ніву“ і якое выдавала адначасова і „Нашу гісторыю“. Такая фармулёўка, з улікам цяперашняга спэцыфічнага правапрымяненьня ў Беларусі, стварае пагрозы адвольнай юрыдычнай інтэрпрэтацыі — пагрозы для тых, хто часопісы прадае», — лічаць у рэдакцыі.
Таму да высьвятленьня сытуацыі рэдакцыя паставіла выхад часопіса на паўзу, аднак затым сытуацыя ўскладнілася яшчэ больш.
«Напад Расеі на Ўкраіну зрабіў для нас немагчымым і друк часопіса. Рэч у тым, што прамаскоўская адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі забараніла ня толькі распаўсюд „Нашай гісторыі“ праз „Саюздрукі“ і „Белпошту“, але і друк у Беларусі. Парадаксальна, але магчымасьць друкаваць у Расеі заставалася, і мы здолелі такім спосабам выдаць яшчэ 6 нумароў — мы выкарыстоўвалі кожную лазейку. Але цяпер — вайна. Які ўжо друк у Расеі...»
У рэдакцыі заявілі, што цяпер ніякай магчымасьці далей друкаваць «Нашу гісторыю», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» не застаецца, і назвалі гэта вынікам «палітыкі выкараненьня незалежнай беларускай культуры і самой мовы».
Цяпер рэдакцыя працуе над 42-м нумарам «Нашай гісторыі». Напэўна, ён выйдзе ўжо ў новым фармаце. Таксама выдаўцы падумаюць і над тым, як дастаўляць часопіс.