Банкам з 9 сакавіка да 9 верасьня забаранілі прадаваць грамадзянам наяўную валюту, а з валютных рахункаў можна будзе зьняць ня болей за 10 тысяч даляраў, астатнія сродкі — у рублях паводле курсу на дзень выдачы.
У паведамленьні Цэнтрабанку РФ гаворыцца, што ўсе сродкі кліентаў на валютных рахунках захаваюцца, аднак доступ да іх будзе абмежаваны сумай у 10 тысяч даляраў, прычым, калі ўклад намінаваны ў іншай валюце, кліенту ўсё роўна выдадуць даляры.
«Банкі ня будуць на працягу тэрміну дзеяньня часовага парадку прадаваць наяўную валюту грамадзянам» — гаворыцца ў паведамленьні.
Памяняць наяўную валюту на расейскія рублі можна будзе ў любы момант і ў любым аб’ёме.
Напярэдадні, 8 сакавіка, ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі, у прыватнасьці забаранілі імпарт нафты. У гэты ж дзень шэраг буйных карпарацый аб’явіў аб прыпыненьні працы ў Расеі.