Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я аддаю доўг Украіне, якая дала мне прытулак». Беларуская ўцякачка засталася ў Чарнігаве, каб дапамагаць людзям


Наступствы расейскага абстрэлу жылога кварталу ў Чарнігаве 3 сакавіка
Наступствы расейскага абстрэлу жылога кварталу ў Чарнігаве 3 сакавіка

Беларуска тлумачыць, чаму нават пад бомбамі ва Ўкраіне адчувае сябе больш свабоднай, чым у Беларусі.

Ганна (імя зьменена зь меркаваньняў бясьпекі суразмоўцы) пасьля рэпрэсій у 2020 годзе ўцякла ва Ўкраіну. Яна паўтара года жыве ў Чарнігаве. З пачаткам вайны Ганна вырашыла застацца ў горадзе, які цяпер у аблозе, каб дапамагаць людзям.

«Украіна паўтара года таму дала мне прытулак, прыняла мяне ў сваю сям’ю. Цяпер я аддаю доўг. Калі ў мяне свабодныя рукі, калі я не магу быць абыякавай — як я магла зьехаць? З пачатку артылерыйскіх абстрэлаў я спусьцілася ў сховішча. Думала, на чатыры гадзіны, буду там дапамагаць. Але адбыла там чацьвёра сутак. Бо там вельмі шмат дзяцей, жанчыны з груднымі дзецьмі, якія толькі нарадзілі! Каму трэба памыць дзіця, каму дапамагчы зварыць кашу; зноў жа, арганізацыя ўсяго — прынесьці, падаць, паразмаўляць, супакоіць», — кажа дзяўчына.

«Цяпер на „Грады“ я гляджу спакойна. Бомбы нашмат страшнейшыя»

Ганна ўспамінае, што ў ноч з 23 на 24 лютага яна сядзела ў інтэрнэце і прачытала ў адным зь беларускіх праўладных тэлеграм-каналаў: «Рыхтуйцеся, нацыкі! Мы прыйдзем да вас а шостай раніцы!».

Шыба, пашкоджаная выбухам
Шыба, пашкоджаная выбухам

«Мне стала неспакойна, вядома. Я сядзела ў інтэрнэце і шукала інфармацыю пра тое, што яны напісалі. Было трывожна. І недзе ў 6:30 я адчула, што пачаўся рэальны напад. Яны прарваліся да нас праз чарнобыльскую зону. Спачатку горад проста абстрэльвалі, ішлі баі. Потым пайшлі „Грады“. Было вельмі страшна. Але 3 сакавіка нас пачалі закідваць бомбамі, вось гэтымі ФАП-500. Гэта 500-кіляграмовыя бомбы. Яны могуць разбурыць мікрараён. У нас разьбілі жылыя раёны, тэатар, кардыялёгію, радзільнае аддзяленьне. Гэта проста жах! Кідаць бомбы на радзільнае аддзяленьне! Гэта месца, дзе мусяць нараджацца людзі, а не паміраць! Маёй лютасьці не было канца. Адзінае, што цешыць — у нас, апроч сьмерцяў, ёсьць і жыцьці. Бо за гэтыя дзесяць сутак у нас нарадзіліся дзьве трайні! Апошняя трайня была тут тры гады таму. Але жанчыны, якія толькі-толькі нарадзілі, мусяць ісьці зь дзецьмі ў падвал, у сыры, халодны падвал!» — апавядае беларуска.

«Мяне бярэ гонар за войска, за тэрытарыяльную абарону і звычайных людзей»

Цяпер Чарнігаў у аблозе. Ганна кажа, што ня можа нацешыцца, як моцна згуртаваліся людзі, як яны дапамагаюць адзін аднаму.

Рэклямны стэнд на вуліцы ў Чарнігаве
Рэклямны стэнд на вуліцы ў Чарнігаве

«Яны стралялі па ТЭЦ. Многія раёны ня маюць ацяпленьня, электрычнасьці. Але ўсе дапамагаюць адзін аднаму. Улады вельмі апэратыўна вырашаюць шматлікія пытаньні з рамонтамі ці забесьпячэньнем. Слухайце, у нас нават сьмецьце вывозяць! Я ўжо не кажу пра вельмі добрую працу УСУ і тэрытарыяльнай абароны. Мяне бярэ гонар за іх. Учора тут зьбілі самалёт, пілёт катапультаваўся, але яго тут жа хутка злавілі», — кажа Ганна.

Ёй тужліва глядзець на разбураны горад. «Усё ў шкле, руіны ад дамоў, разбомбленыя кварталы... За апошнія гады ўсе заўважылі, якім прыгожым стаў Чарнігаў. Усюды новыя ходнікі, фантаны, кветкі — калі ўвесну і ўлетку. І цяпер вось так. Жахліва глядзець. Але гэта проста будынкі, мы гэта адбудуем. Шкада дзяцей, шкада тых, хто страціў блізкіх. У маёй знаёмай загінула ўся сям’я... Муж і двое дзяцей. Ад дома не засталося нічога — проста варонка. Яна хадзіла і страшна гукала там: „Дзеці, дзеці!“. Як гэта сэрца можа вытрымаць?» — кажа беларуска (ФОТА, той самы дом, ад якога нічога не засталося).

«Усім тлумачу, што ёсьць беларусы і ёсьць лукашысты, паміж імі вялізная розьніца»

Нянавісьці да сябе як да беларускі Ганна не адчула ў Чарнігаве.

«Я ўсім тлумачу, што ёсьць беларусы, а ёсьць лукашысты — паміж імі вялікая розьніца. Тым больш цяпер ніхто не працуе, шмат вольнага часу, суткамі сядзім у сутарэньнях, то можна і пагутарыць, і патлумачыць. Украінцы, частка зь іх, пра Беларусь мелі такое ўяўленьне: „Там чыста, парадачак, Лукашэнка маладзец“. Цяпер яны мне кажуць, калі я апавядаю пра сытуацыю ў Беларусі, што яны нават не ўяўлялі, які ў нас „парадачак“ і які канцлягер. Я нават на вуліцах размаўляю зь людзьмі і тлумачу нашу сытуацыю. Я кажу, што я этнічная беларуска, але я сама пацярпела ад рэжыму і цяпер я на вашым баку, жыву з вамі і стараюся дапамагаць», — кажа беларуска.

Вынік расейскіх абстрэлаў у Чарнгаве
Вынік расейскіх абстрэлаў у Чарнгаве

Ганна расказвае, што пасьля чатырох дзён у сховішчы яна прыйшла дахаты і проста звалілася на ложак.

«Нават бамбілі, а я спала — бо моцна стамілася. Не фізычна — цяжка выносіць, што столькі малых дзетак вымушаны сядзець па падвалах. Некаторыя людзі падаюць духам. Але я кажу, што так нельга, падбадзёрваю іх, нават жартую — каб падымаць дух. Таксама тлумачу, што калі Ўкраіна пойдзе ў ЭЗ, то тут усё хутка адновіцца. Калі, ня дай Бог, у Расею — тут ДНР пакажацца проста казкай. Стогнуць тут у асноўным „саўкі“. А людзі 40-45 гадоў і моладзь і думаць ня хочуць ні пра які СССР ці „вялікую Расею“. Яны жылі ў свабодным сьвеце столькі гадоў! Выбіралі ўладу, скідалі яе. Яны ня хочуць у кабалу», — зазначыла Ганна.

«Беларусы мне цяпер кажуць: «Мы табе зайздросьцім, ты хоць у аблозе, але ў вольнай краіне»

Яна кантактуе зь беларусамі, якія жывуць у Беларусі. «

Мне яны кажуць: «Ты табе зайздросьцім. Ты, хоць Чарнігаў у аблозе, але ў вольнай краіне. А мы тут сядзім і баімся слова сказаць». А я ім кажу: «Мне вас не шкада. Бо вы „хатаскрайнікі“ і ня выйшлі ў 2020-м. Я ўцякала ад турмы за мяжу яшчэ да выбараў, бо за мной „прыйшлі“, а мне ад блізкай сваячкі ляцела ў сьпіну: „Я буду галасаваць за Лукашэнку!“. Я крыкнула: „Ды галасуй ты за каго хочаш!“. Цяпер сваякі мне тэлефануюць, каб перадаць нейкія плёткі, што нібыта дзецям ва Ўкраіне раздалі зброю, адчынілі турмы — і гэтую прапагандысцкую лухту яны хочуць данесьці да мяне!», — абураецца Ганна.

Яна будзе і далей дапамагаць украінцам. «Склаўшы рукі немагчыма сядзець. Адна наша беларуска, якая тут, хадзіла выкопваць шыны, зь якіх раней рабілі „упрыгажэньні“ ў дварах. Цяпер усё ідзе на абарону. Людзі, якія не ў тэрытарыяльнай абароне, займаюцца гуманітарнымі пытаньнямі, будуюць барыкады і разьліваюць „кактэйлі Молатава“. Усе згуртаваныя, ніхто не скарыўся», — дадала беларуска.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG