Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусам дапамагчы Ўкраіне зь Беларусі і замежжа. Рэсурсы, фонды, ініцыятывы


Сабралі ў адной публікацыі магчымасьці для беларусаў у Беларусі і за мяжой, як дапамагчы ўкраінцам і Ўкраіне, якая другі тыдзень дае адпор расейскай вайсковай агрэсіі.

Калі вы ў Беларусі

Фонд BYSOL

Пасуе для людзей унутры краіны і за яе межамі. Фонд цяпер працуе ў некалькіх кірунках дапамогі ўкраінцам і беларусам ва Ўкраіне.

«Першае — гэта тэлеграм-канал „BySOL Эвакуацыя“, дзе разьмяшчаем усю даступную найсьвяжэйшую інфармацыю, як людзі, якія апынуліся ў зоне баявых дзеяньняў, могуць пакінуць краіну. Спачатку гэта тычылася беларусаў, бо шмат тых, хто пераехаў ва Ўкраіну, ратуючыся ад Лукашэнкі, могуць стаць першымі ў сьпісе на ліквідацыю ці перасьлед у разе захопу краіны расейскімі акупантамі. На сёньня больш за 3500 чалавек мы правялі ад моманту атрыманьня заяўкі да перасячэньня мяжы», — кажа кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак.

Таксама ў тэлеграм-канале ёсьць інфармацыя, як зьехаць зь Беларусі і Расеі.

«Гэта вельмі папулярныя запыты, галоўны допіс „Як зьехаць з Беларусі“ мае больш за 9000 рэпостаў і 240 000 праглядаў. Для людзей гэта вельмі актуальнае пытаньне, бо ёсьць інфармацыя пра абвяшчэньне ўсеагульнай вайсковай мабілізацыі для людзей з 18 да 60 гадоў без магчымасьці выехаць за мяжу».

Наступны кірунак працы фонду цяпер — лягістычная дапамога.

«Многія ініцыятывы сярод беларусаў і ўкраінцаў замежжа хочуць дапамагаць войску, цывільнаму насельніцтву. Яны могуць здабыць і сабраць неабходныя рэчы на Захадзе, але ёсьць праблема з дастаўкай ва Ўкраіну, асабліва ў цэнтральныя вобласьці. Маем некалькіх партнэраў, зь якімі разам працуем над „зялёным калідорам“ у выпадку кожнага вайсковага грузу, які дастаўляецца ва Ўкраіну».

Трэці кірунак — гэта зборы на вайсковую і гуманітарную дапамогу.

«Гуманітарная катэгорыя ўключае ў сябе дапамогу некалькім арганізацыям, якія працуюць унутры Ўкраіны, дапамагаюць украінцам. Вайсковая — гэта дапамога беларускім добраахвотнікам, якія пайшлі ваяваць на баку Ўкраіны. Пазаўчора пайшоў першы канвой, які даставіць грузы, пераважнамэдычныя, трохі ёсьць абарончых і тактычных прыладаў. Учора ранкам мы закупілі два рэанімабілі, перасоўныя шпіталі. Цяпер машыны рыхтуюцца да выхаду. Вельмі спадзяюся, што днямі яны ўжо будуць стаяць у абароне Ўкраіны».

Таксама фонд плянуе закупіць 10 эвакуацыйных джыпаў, на якія цяпер зьбіраюць сродкі.

«Асаблівасьць гэтай тэхнікі ў тым, што яна можа вывозіць параненых ня толькі па добрай дарозе, але і па бездарожжы. У гэтым іх вельмі вялікая карысьць. Працуем далей, шукаем магчымасьці. Ёсьць у нас такі яшчэ кірунак, калі людзі зь вялікімі грашыма да нас зьвяртаюцца, просяць знайсьці пастаўнікоў, і мы іх зводзім між сабой. Робім амаль тое самае, што рабілі ў свой час у ByCOVID19, але цяпер гэта вайна».

Пакінуць данаты для Ўкраіны і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на яе баку, можна тут і тут.

«Цэнтар беларускай салідарнасьці»

Цэнтар стварыў інтэрактыўную мапу дапамогі ўцекачам з Украіны. На ёй вы можаце ня толькі прапанаваць сваю дапамогу, але і атрымаць яе.

Украінска-польская мяжа. Ад пачаьку канфлікту Ўкраіну пакінула больш за мільён чалавек
Украінска-польская мяжа. Ад пачаьку канфлікту Ўкраіну пакінула больш за мільён чалавек

Чырвоны Крыж

Арганізацыя ў Беларусі зьбірае сродкі на дапамогу вымушаным перасяленцам з Украіны . Таксама можна ахвяраваць і на сайце арганізацыі ва Ўкраіне. Калі плата не праходзіць, можна паспрабаваць празь міжнародную плятформу Чырвонага Крыжа.

UNICEF

Фонд пачаў збор для ўкраінскіх дзетак. Арганізацыя забясьпечвае дзяцей і іхныя сем’і пітной вадой і прадуктамі, працуе над паляпшэньнем умоваў уцекачоў. Дапамагчы можна тут.

«Твоя Опора»

Гэты дабрачынны фонд дапамагае ўкраінскім сем’ям, пацярпелым ад ваенных дзеяньняў.

Калі вы за межамі Беларусі

Беларускі Моладзевы Хаб у Варшаве пачаў збор на дапамогу ўцекачам з Украіны. Вы можаце даць прытулак у сваім доме на дзень ці тыдзень. Для гэтага трэба запоўніць анкету тут. Калі вы не гатовыя прымаць людзей у сябе, можна ахвяраваць грошы на арэнду гостэляў для ўцекачоў.

Таксама можна падтрымаць беларусаў ва Ўкраіне, якія пакінулі свае дамы і вымушаныя перасяляцца на захад краіны.

Дапамагчы ўкраінцам з жытлом у іншых краінах можна тут:

Вы таксама можаце стаць валянтэрам на мяжы і аказваць першую дапамогу ўцекачам, калі вы ў Польшчы, Румыніі ці Малдове.

Палякі разам зь беларусамі стварылі мапу дапамогі ўцекачам ля ўкраінска-польскай мяжы. На ёй вы зразумееце, чым можаце быць карыснымі.

У Польшчы адкрыты склад, куды можна адпраўляць сухія пайкі, мэдыкамэнты, коўдры, іншую гуманітарную дапамогу з усяго сьвету, якую накіруюць ва Ўкраіну.

Можна зьвярнуцца і ў польскую валянтэрскую ініцыятыву DAR, яны дапамагаюць на мяжы, арганізуюць праезд і жыльлё для ўцекачоў.

Беларускі Free Shop Partyzanka ў Варшаве зьбірае гуманітарную дапамогу для ўцекачоў на мяжы. Туды можна прынесьці розныя рэчы, а таксама стаць валянтэрам і дапамагчы ініцыятыве.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG