Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цана некаторых кватэр упала на 50%». Што адбываецца на рынку арэнды жыльля ў Менску


Ілюстрацыйнае фота. Менск.
Ілюстрацыйнае фота. Менск.

Ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, рэзкі рост даляра і рашэньне зьехаць зь Беларусі многіх уласьнікаў кватэр — усё гэта наўпрост уплывае на рынак у тым ліку і арэнднага жыльля.

Выданьне Realt.by паразмаўляла з экспэрткай агенцтва нерухомасьці «Твоя Столица» Маргарытай Пачыцкай і даведалася, як зараз выглядае сытуацыя на рынку арэнды жыльля.

«За апошні тыдзень заявак на арэнду стала менш на 80%»

Абстаноўку на рынку доўгатэрміновай арэнды экспэртка параўноўвае з той, што адбывалася ў студзені 2015 года. Тады курс за кароткі час вырас практычна ўдвая. Аднак зараз, паводле Маргарыты Пачыцкай, сытуацыя ўскладняецца і іншымі нэгатыўнымі фактарамі: беларусы асьцерагаюцца, што ваенны канфлікт ва Ўкраіне можа закрануць і іх.

Так, за апошні тыдзень заявак на арэнду жыльля стала менш на 80 працэнтаў, кажа эспэртка. Яна лічыць, што гэта толькі вяршыня айсбэрга.

Улічваючы, што кошт арэнды кватэр у Беларусі арыентуецца на даляравыя значэньні, а заробак большасьць грамадзян атрымлівае ў беларускіх рублях і ў іх жа зьдзяйсьняюцца разьлікі, то пры росьце абменнага курсу здымаць жыльлё даражэй — роўна настолькі, наколькі вырас абменны курс.

«Атрымліваюцца вельмі вялікія сумы, якія не маюць нічога агульнага з тымі, якія павінны быць зараз на рынку, — кажа Маргарыта Пачыцкая. — Уласьнікам мы кажам, што бягучы кошт арэнды варта прывязаць да ранейшага курсу і зафіксаваць на значэньні, напрыклад, 2,6 рубля за даляр».

Экспэртка лічыць, што ўласьнікі выйграюць, зьнізіўшы кошт, хаця многім і няпроста прыняць той факт, што адразу яны страцяць нейкую суму.

«Пры ваганьнях курсу ўласьнікі заўсёды праходзяць гэты шлях, і выйграе той, хто хутчэй гэта прыме і пачне саступаць дзеючаму арандатару. Арэндадаўцы лічаць, што яны знойдуць новых кватэранаймальнікаў, іх кватэра прыцягне чымсьці пры захаваньні ранейшых ставак. Але, на жаль, у такіх сытуацыях немінуча скасоўваюцца дамовы арэнды, кажа Маргарыта. — Аднапакаёвая кватэра зараз здаецца не за $250, а за $160-180. Калі ж кошт не зьнізіць, арандатар сыдзе, таму што ўжо неўзабаве на рынку зьявіцца дастаткова свабодных прапаноў па ўжо зьніжаных коштах.

«Раней дыстанцыйна здавалі катэджы і элітныя кватэры, зараз сытуацыя зьмянілася»

Яшчэ адна з асаблівасьцяў рынку, зьвязаная з папярэдняй, — кватэр, якія прапануюць у арэнду, становіцца больш.

«Людзі пакідаюць краіну, і каб кватэра не стаяла проста так, здаюць у арэнду. Цяпер тэхналёгіі дазваляюць зрабіць гэта і дыстанцыйна. У нас гэта называецца арэндай па даверанасьці. І калі раней такой паслугай карысталіся ў асноўным для здачы элітных кватэр і катэджаў, то зараз сытуацыя зьмянілася.

«У лютым-сакавіку зьявіліся прапановы з сэгмэнтаў „бюджэт“ і „камфорт“», — тлумачыць экспэртка.

Па падліках агенцтва «Твоя Столица», на сёньня рынкавы кошт кватэр у бюджэтным сэгмэнце зьнізілася прыблізна на 35%, а ў камфорт і эліт-сэгмэнтах — да 50%.

«Прычына ў тым, што цяпер практычна не засталося плацежаздольнай аўдыторыі для гэтых сэгмэнтаў. І здаць кватэру па старых стаўках проста нерэальна, яны нежыцьцяздольныя», — кажа Маргарыта Пачыцкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG